- Ну а што там сядзець, туды - сюды, расаду забярэм і дадому. Гэта я, - яна прыабняла Стэфанію і павяла яе да загарадкі з маладняком, - вырашыла вунь на тым сонечным схіле ружоўнік разбіць. Глядзі, глядзі, як гэтыя махоткі пацешна скачуць! Ой, вы мае харошыя...
Палюбаваўшыся баранчыкамі і шчыра захапляючыся гаспадарамі, аднекваючыся ад гасцінцаў, абцалованыя раднёй, маладыя селі ў аўтамабіль і паехалі. Праз кіламетр Скарга акуратна дастаў сшытак.
- Ты польскую добра ведаеш?
- Трэцяя родная, - не без гонару адказала Стэфанія і, адчуваючы дадатковыя пытанні, патлумачыла: - Беларуская, руская, польская, нямецкая ў дасканаласці. Англійская і італьянская горш.
- Паліглотка! - раскрываючы сшытак на патрэбнай старонцы, не без добрай зайздрасці адазваўся Слава.
- Скарга, не зайздросці, веданне табой моваў у маіх руках, пры тваім жаданні, зразумела. Нічога сабе, які прыгожы почырк! Нейкі агент «Светлячок» даносіць у цэнтр «Ястрабу»: «Кіраўніцтва Абвер-2, Мінск, пачало рэалізацыю аперацыі «Мая любімая котка». Па агульнай задуме, уся тэрыторыя Савецкага Саюза, якую пакідаюць нямецкія войскі, павінна быць пакрыта глыбока заканспіраванай сеткай для вядзення актыўнай агентурна-дыверсійнай працы, як у ваенны, так і ў пасляваенны, у дужках - мірны, час. Тут слова «мірны» падкрэслена два разы чырвоным алоўкам, - пракаментавала Стэфа. - Слухай, Скарга, а можа, ты мяне завярбуеш - і мы будзем шпіёніць у пары?
- Я цябе зараз завярбую! Хоць ты ўжо і так завербаваная. Што, забылася: муж і жана - адна сатана! Давай, чытай далей.
- Фі, які ты грубы! Ну, слухай. «Прадугледжваецца стварэнне дробных і буйных схованак для зброі, выбухоўкі, харчовых прадуктаў, грошай і сродкаў сувязі. Будучай барацьбе варта ў абавязковым парадку надаць актыўныя формы нацыяналістычнага супраціву. Весці гэтую барацьбу варта ад імя Беларускай Цэнтральнай Рады, Беларускай незалежніцкай партыі, усяляк падкрэсліваючы, што толькі яны з’яўляюцца праўдзівымі выказнікамі волі беларускага народа. Асаблівую ўвагу надаць друкаванай і вуснай прапагандзе. Для падрыхтоўкі дыверсійных груп больш актыўна выкарыстоўваць магчымасці навучальнага батальёна СД «Дальвіц», пры гэтым агентам Абвера катэгарычна забараніць любыя згадкі пра кантакты з ваеннай выведкай Вермахта і ні пры якіх абставінах не адмаўляцца ад вярбоўчых дзеянняў, якія праводзяцца супрацоўнікамі Імперскай службы бяспекі. Дзень 27 снежня 1943 года». Далей іншае данясенне ад агента «Лагодны» ў цэнтр для «Мятлы», копія «Ястрабу»: «У Стоўбцаўскай акрузе праведзена работа па нейтралізацыі беларускіх актывістаў. СД арыштавана восем старастаў, два бургамістры, пяць паліцэйскіх і адзін намеснік начальніка дапаможнай паліцыі, па сфабрыкаваных намі дакументах аб супрацоўніцтве з савецкімі партызанамі. 4 студзеня сорак чацвёртага». Вось свалата! - абурылася Стэфанія. - А цяпер усюды крычаць: мы разам кавалі перамогу. А навошта яны так жорстка рабілі, жылі ж па-суседску. Тых, каго яны падставілі, напэўна, забілі?
- Думаю, так. У сорак чацвёртым такія справы былі ўжо рэдкасцю. Немцы не на ўсе даносы рэагавалі, ведаючы цану палякам, а вось у сорак першым такія з’явы былі масавымі. На нашых землях сутыкнуліся дзве, нават тры нацыянальныя ідэалогіі. Наша беларуская, слабая, польская, моцная, якая разглядала нашы землі як крэсы ўсходнія, трэцяя - украінскіх нацыяналістаў, якія сабраліся пабудаваць адзіную і вялікую Украіну, прысабечыўшы да сваёй дзяржавы і здаравенны кавалак паўднёвых тэрыторый нашых земляў. Для паўнаты можна памянуць і літоўцаў, якім да душы прыйшоўся перадваенны падарунак таварыша Сталіна ў выглядзе Віленскага краю. Тады шмат людзей пацярпела. Мяне ж больш першае паведамленне хвалюе...
- Чаму? Другое, на мой погляд, будзе сёння рэзанансней.
- Доўгая песня. Бачыш, яны ўжо ў снежні сорак трэцяга планавалі свае ўцёкі і рыхтавалі агентаў для працяглай працы, таму нехта і падкрэсліў, а галоўнае. галоўнае, чаго яны вырашылі маскіраваць сваю працу пад нацыяналістычны супраціў, якога на Беларусі ў час вайны практычна не было? Вось у чым загваздка. Добра, разбярэмся, пакладзі сшытак на задняе сядзенне. Глядзі толькі там асцярожней з вось той шэрай паперай, ёй без малога пяцьсот гадоў.
- Колькі?!
- Ну, ужо не так эмацыйна, пані Стэфанія! Думаю, калі б вы часцей да сваёй радні на хутар зазіралі, яшчэ б і не такія старадаўнасці адшукалі...
- Ты хочаш сказаць, што ўсе гэтыя паперы табе Казік перадаў?
- Гэта, з яго слоў, далёка не ўсё, чым ён валодае пасля смерці бацькі. На лісце таго пергамента, я цябе малю, толькі не чапай яго цяпер, найпадрабязны план Нясвіжскага замка, і, мне здаецца, арыгінал. Уяўляеш, яго ніхто ніколі ў вочы не бачыў, лічылі, што арыгінальныя планы загінулі яшчэ пры шведскім нашэсці. І вось яны ў нас. Твой сваяк хоча гэтыя паперы прадаць, яму грошы на новую тэхніку патрэбныя. Думаю, Равіч свой дом, ды што там дом, ён апошнюю кашулю з сябе прадасць, але планы выкупіць.