Ягора ў той аперацыі сур’ёзна параніла, і ён месяц праляжаў у шпіталі. Якое ж было яго здзіўленне, калі ў палату, бянтэжачыся і адбіваючыся ад дабрадушнай санітаркі, шэптам тлумачачы, што яна толькі перадачу прынесла ад сяброўкі і не збіралася з хворым сустракацца, бокам упіхнулася Алена.
З тых часоў і з’явілася ў Ягора Салевіча таемнае і далікатнае шчасце, якое, як яму часам здавалася, ён так і не змог разгадаць да канца.
15
«Вада мінулага, дзе і адкуль ідзе твая плынь? Чые карані ты сілкуеш, а чые абыходзіш бокам, і як вызначаеш ты свой выбар? Хто твой любімчык? Хто паспытаў цябе і ведае твой смак? Вада мінулага, як адрозніць твае патаемныя крыніцы, дзе знайсці твае сапраўдныя, незамутнёныя плыні, - і ці ёсць яны наогул сярод бурлівых рэкаў і мораў гістарычнай хлусні і бруду? Хлусні ва ўгоду новаму князю, патрыярху, імператару, генеральнаму сакратару, прэзідэнту. Часта даводзіцца чуць, што няма нічога агідней за нашую айчынную гісторыю. Ці так гэта? Можа, жыццё мінулага і гістарычная навука - гэта не адно і тое ж? Можа быць, усё можа быць.
Але, дружа мой, калі цябе няўзнак зачапіла мінулае, калі ты хоць аднойчы адчуў у сабе яго таямнічую прахалоду, ты ўжо ніколі не спакусішся на патаку інстытуцкага падручніка. Ты прагартаеш яго як прыкрую агітку, прагартаеш і з агідай забудзешся. Непрыкметна для сябе самога ты павольна ўвойдзеш у цёмныя воды мінулага, увойдзеш, каб ужо ніколі не вярнуцца назад у свет прыдуманай хлусні. І чым глыбей твой уваход, тым усё выразней будзе бачыцца недасканаласць цяперашняй светабудовы, яго хлусня і крывадушша. Тым усё выразней будзе праступаць абсурднасць тваіх абавязкаў перад тым, што сёння называецца дзяржавай, уладай, навукай. Не бойся стаць выгнанцам свайго часу, гэта заканамерна, ілюзорнасць тваіх нікчэмных стратаў з лішкам кампенсуецца гмахам мінулага. І аднойчы ты зразумееш: смерць нашай дзяржавы ў велічы былога, зняволенага ёй народа».
Гэты дзядзькаў маналог, які забаранялася перарываць, малодшы Скарга чуў ужо разоў з дзвесце і запомніў на памяць. Яму часам здавалася, што дзядзька нешта падобнае напяваў над яго калыскай у самым маленстве. Чуць ён гэтыя словы чуў, але сэнс, глыбінны іх сэнс, бадай, дайшоў да яго толькі сёння, пасля растання з Равічам.
Заўсёды стрыманы, Міхаіл, убачыўшы старадаўні план, спачатку ўпаў у ступар, а потым пачаў бегаць па кабінеце, выкрыкваючы незразумелыя фразы то па-польску, то па-нямецку, то па-беларуску, а потым і зусім перайшоў на латынь.
«Вось зачапіла дык зачапіла! Галоўнае, каб вярнуўся да нашай рэчаіснасці, - здзіўлена сачыў за прыяцелем Скарга. - Уяўляю, што з ім будзе, калі ўбачыць поўны план яго любімага замка!»
- Ды супакойся ты! - учапіўшыся ў рукаў Міхаіла, вымавіў Вячаслаў,
- Не вар’яцей! Гэты план цяпер твой, і не толькі гэты ліст, а яшчэ дзясятак чарцяжоў з дакладнай прамалёўкай, як мне сказалі, сценаў, вежаў, склепаў, гарышчаў, палаца і пабудоў.
- Што? Што ты сказаў? Як, як ты мог пакінуць частку гэтага?! - дырэктар нясвіжскага музея працягнуў над аркушам трапяткую руку. - Які ж ты пасля гэтага сябар! Усё, трэба ехаць, тэрмінова, тэрмінова трэба ехаць. Ты нават не ўяўляеш, што гэта за чарцяжы. Гэта мы зараз схаваем у сейф - і наперад...
- Паслухай, цюкнуты! Ты гэты замак любіш больш, чым усе пакаленні Радзівілаў разам узятыя. Куды ты збіраешся ехаць? Чалавек прыслаў табе гэты старадаўні чарцёж і дазваляе яго пакуль пакінуць у сябе, з адной умовай: ацаніць, колькі гэта ўсё будзе каштаваць, і выдаць яму ўсю суму разам.
- Ну так. Ну вядома ж, прыслаў... - Міхаіл, як быццам спатыкнуўшыся на апошнім слове, зірнуў на Вячаслава з відавочным недаверам. - Мне перадаў на захоўванне i ацэнку? Дык я сам не змагу гэтага зрабіць! Ты нават не ўяўляеш, якая гэта адказнасць, ды і грошай гэты чарцёж каштуе... - ён на імгненне змоўк, нешта прыкідваючы, вусны яго варушыліся, збоку здавалася, што чалавек апантана моліцца. - Мне думаецца, - Міхаіл гучна выдыхнуў разам са словамі паветра, - гэты ліст каштуе вельмі вялікіх грошай...
- Ты глухі, ці што? Міха, паўтараю для тугавухіх: такіх аркушаў яшчэ дзесяць. На іх, па словах майго будучага сваяка, дэталёвая прапрацоўка ўсяго гэтага, - Скарга ткнуў пальцам у пергамент.