Выбрать главу

- А чаму «на галаву», - выходзячы з дырэктарскага кабінета, спытаў Скарга.

- То ад велькага гонару польскага... Што супраць пшэцкай воўны - то не праўда і праўдай некды не бэндзе. Шкада, нават з вельмі добрымі прыяцелямі перасварыўся. З часам крыўды крыху забыліся, але, як гаворыцца, асадак застаўся, ды і з Кракава мне тады давялося тэрмінова з’ехаць. Добра, давай па тваю Стэфку - і наперад! Мне нават страшна падумаць, што нас можа чакаць у гэтых нечаканых знаходках. Толькі дамовімся: дзяўчыне пакуль нічога не гаворым, я спачатку разбяруся ва ўсім, усё прагляджу, пралічу, добра?

- Добра, толькі з майго боку гэта будзе неяк... Радня яе, чарцяжы і ўсё астатняе - таксама іх...

- А што яшчэ там ёсць?

- Ды шмат чаго, швагер казаў, там цэлы сярэднявечны арсенал, а я так думаю, што не толькі сярэднявечны...

- Ой, добра, добра як, дружа. Вось прываліла, дык прываліла! А я ўжо ў гэтым нудным гарадку паціхеньку кіснуць пачаў. Ненавіджу сядзець на адным месцы. Усё ж ува мне больш ад падзвіжніка ці манаха-езуіта: зрабіў справу, наладзіў усё - і далей, далей, туды, дзе да цябе ніхто на гэтай ніве не араў, зярнятаў мінулага не сеяў і новага жніва не жаў.

Праз паўгадзіны машына ўжо імчала па дарозе сярод крутабокіх пагоркаў, парэзаных старажытным ледавіком амаль да горнага ландшафту. Скарга маўчаў, у галаве кружыўся карагод абсалютна не звязаных адна з адной думак і ўспамінаў. За апошнія суткі неяк усё ўжо занадта хутка закруцілася ў ягоным жыцці. Усё пераплялося, змяшалася, звалілася ў адну кучу: і служба, і асабістае, і немаведама адкуль узніклыя таямніцы, і адказнасць за каханага чалавека. Што з гэтым усім рабіць і як усё расставіць па сваіх месцах, ён не ведаў. Вячаслаў хутчэй інстынктыўна адчуваў, чым усведамляў неабходнасць нейкіх канкрэтных дзеянняў, але што рабіць - пакуль вызначыць не мог.

Перад ад’ездам з Нясвіжа ён усё ж не стрымаўся і патэлефанаваў Ягору Кузьмічу. Стары ўважліва выслухаў, не перабіваў і нічога не перапытваў. Вячаславу нават здалося, што ён яго не слухае.

- Усё добра, Слава, ты нават не ўяўляеш, які ты малайчына! Пра архіў гэты мы ведалі, быў у нас пасля вайны ў іх наш чалавек. Ужо амаль выйшлі на банду, ды яна ўлегцы сыйшла за кардон. Архіў застаўся недзе тут. Колькі мы не лупцавалі мясцовых палякаў, колькі не палохалі самымі страшнымі карамі - усё было без толку. Людзі бажыліся, што нічога пра паперы і скрыні не чулі і нікому з мясцовых іх на захоўванне не пакідалі. Гэта было падобна на праўду, таму што большасць з тых, хто бажыўся, і самі былі жаўнерамі Арміі Краёвай ці актыўна дапамагалі ім. Ды чаго нам па тэлефоне церабіцца, ты там давай асабліва не баўся: грузі ўсё, што ёсць, і вязі да мяне, разам і разбярэмся.

Паклаўшы слухаўку, Вячаслаў падумаў-падумаў, набраў нумар свайго начальства і, на здзіўленне выразна, далажыў удакладненую абстаноўку пра каламутнага госця ксяндза, выказаў здагадку, што мэтай яго візіту, хутчэй за ўсё, з’яўляюцца пошукі старога акаўскага архіва.

У Мінску ўважліва выслухалі і, даведаўшыся, што ён усё яшчэ ў Нясвіжы, загадалі неадкладна паведаміць аб усім начальніку мясцовага аддзялення і, калі запатрабуе абстаноўка, самому ўключыцца ў працу.

Адправіўшы Міхаіла са Стэфкай запраўляць машыну, ён завулкамі скразануў да сваіх калег, якія прыжыліся амаль на ўездзе ў горад у цокалі мудрагелістага дома з сілікатнай цэглы. Начальніка ён не знайшоў, затое сустрэў свайго аднакашніка Валодзю Самусевіча, якога немаведама якімі вятрамі з Віцебска занесла сюды.

Маладыя лейтэнанты ўзрадаваліся нечаканай сустрэчы.

- Валодзя, ты мне прабач, я спяшаюся, - скорагаворкай пачаў Вячаслаў,

- вечарам, ці, можа, заўтра да абеду вярнуся, забяру цябе да бабулі, ты ж яе павінен памятаць. Пасядзім, пагаворым, хоць пакармлю цябе па-людску, а пакуль слухай, што мне прынесла ў дзюбе адна старая сарока, хоць Мінск павінен быў перадаць ужо гэта вам.

Выслухаўшы Скаргу, Самусевіч махнуў рукой:

- Мы і самі звярнулі ўвагу на гэтага паляка, ці ты думаеш, што толькі ў цябе ў гэтым глухім кутку ёсць свае сарокі. Павадзілі яго крыху, нічога цікавага, паломнік ён, але з учарашняга дня паляк знік, няма яго ў горадзе, можа, дадому з’ехаў. Ксёндз таксама некуды адлучаўся, але сёння пад абед вярнуўся. А пра яго пастаяльца мы, на ўсялякі выпадак, на мяжу паведамілі, хай адсочаць. Давай ужо - спяшайся назад, а то, напэўна, сяброўка зачакалася. Сам не бачыў, але хлопцы кажуць - прыгажуня.

- Так, сапраўды, былы цэнтр княжацкай ардынацыі паступова патануў у лютым правінцыялізме, - з дакорам канстатаваў Скарга, - вам што тут - больш няма чаго рабіць, як за дзяўчынамі маімі назіраць? Вы лепш паляка шукайце, чуе маё сэрца, тут ён недзе. Глядзіце, каб дроў не наламаў. Мяркуючы па ўсім, як я зразумеў, ён не прафесіянал, а ад такіх чаго хочаш можна чакаць.