Пракручваючы факты ў галаве, Вячаслаў спрабаваў прывесці ўсё хоць да нейкага лагічнага ланцужка, аднак нябачныя звёны рваліся, і ён ужо каторы раз вяртаўся да знойдзеных дакументаў, паляка і таропкага адкрыцця Міхаіла. Мабыць, апошняе было самым важным з усяго ланцуга яго пабудоў, нават сшытак акаўскіх данясенняў з «Чорным катом» адышлі кудысьці ўбок.
«Дапусцім, Равіч мае рацыю і пад замкам сапраўды існуюць невядомыя дагэтуль сутарэнні? Што ў іх? Найлепш, трэба паведаміць кіраўніцтву, але тады Мішку пазбавяць права першаадкрывальніка і ўсё, што знойдуць, так засакрэцяць, асабліва калі там будуць хоць нейкія паперы, што музею, нічога не застанецца. Тое ж адбудзецца і з архівам польскага супраціву. Ужо яму, смаркатаму лейтэнанту, дакладна не дадуць не тое што працаваць з тымі паперамі, але прагартаць наўрад ці дапусцяць. Дурная ў нас усё ж сістэма, і сама кантора свайго багацця не вывучае, і іншых, пад страхам здрады Радзіме, не дапускае».
- Скарга, вярніся да нас, - ляпнула яго па плячы Стэфанія, - паслухай, што Міхаіл Сяргеевіч кажа...
- Мы ж з вамі дамаўляліся: для вас я проста Міхаіл, і потым, не зважаючы на вашу маладосць, не такі ўжо я і стары. А цікавага, Слава, у гэтым сшытку даволі шма... - гаварыў, нечакана спатыкнуўся на паўслове,
- слухай, а ты выпадкова не адправіў рапарт у Мінск пра нашыя знаходкі, пакуль мы машыну запраўлялі?
- Так, дружа, ад цябе нічога не схаваеш, - паспрабаваў перавесці ўсё ў жарт Скарга. - Быў даклад, - зірнуўшы ў люстэрка задняга віду, Вячаслаў убачыў пачырванелы і перакошаны злосцю твар сябра. - Э, э... ты гэта кінь! Нічога я лішняга не дакладваў, а ўжо пра твае здагадкі і наяўнасць старадаўніх чарцяжоў маўчаў, акі камень. Стэфа, ты там усё цяжкае папрыбірай на ўсялякі выпадак, а то жаніх твой да вяселля не дажыве.
- Ну глядзі, ты нават не разумеет, што пачнецца, калі хоць малая крыха нашых таемных здагадак выйдзе вонкі! Вельмі спадзяюся, у службовай стараннасці ты не поўны дурань, - з неахвотай спакайнеючы, вымавіў Равіч.
- Слухайце, вы, валадары ўсіх сакрэтаў, вам не сорамна?! - абсалютна сур’ёзна перапыніла іх сварку дзяўчына. - А табе, Скарга, павінна быць сорамна ў сто разоў больш...
- Стоп, давай далей не раскручваць тэму крыўды і недаверу, добрага ад гэтага нікому не будзе. Кажу вам: нічога сур’ёзнага датычна нашых і замкавых таямніцаў я нікому не дакладваў і пакуль гэтага рабіць не збіраюся. Мяне асабіста больш хвалююць сённяшнія падзеі, чым сакрэты мінулага. Давайце распавядайце, што вы там у сшытку расчыталі?
- Табе, Слава, пашанцавала: Стэфанія вельмі праніклівы і, што не менш важна, дасведчаны чалавек. Ганарыся, браце, і беражы яе як дар Божы, - пачаў урачыста Равіч.
- Супакойся, берагу, у тым ліку - і ад цябе. Ты, Стэфа, павінна ведаць страшную таямніцу нашага сябра: ён бабнік. Гэта, бадай, адзіны яго недахоп. Прабач, дружа, я цябе, здаецца, перапыніў.
- Не верце вы яму, пані Стэфанія, адзіная дама, якой я адданы ўсёй душой і намерамі, гэта старажытная Каліста, у яе беспачуццёвых руках мой розум і сэрца, а мірскія жанчыны ўсяго толькі бездапаможныя цені маёй багіні. Я мог бы пакрыўдзіцца на рэпліку гэтага кіроўцы, але ўсё ж працягну... З сшытка вымалёўваецца цікавая карціна: можна меркаваць, што Абвер ужо з пачатку сорак чацвёртага года працаваў пад пільным кантролем ангельцаў, а праз іх і амерыкосаў. Асновай гэтага супрацоўніцтва была агульная непрыязнасць да Савецкага Саюза. Заўваж, яшчэ задоўга да заканчэння вайны і тыя, і тыя амаль у адзін і той жа час сталі гаварыць аб стварэнні ў будучым нейкага Саюза паняволеных народаў, паняволеных, відавочна, не фашыстамі. Дзіўная праніклівасць. Цяпер зразумелая тая паспешнасць, з якой перад вызваленнем Мінска немцы задумалі другі Усебеларускі кангрэс, перад гэтым з бласлаўлення фон Готберга стварылі Беларускую Цэнтральную Раду. Немцам гэтая Рада была як мёртваму прыпарка, а вось саюзнікам па антыгітлераўскай кааліцыі ў будучай барацьбе супраць імперыі Сталіна гэта быў чарговы козыр, як-ніяк амаль легітымна абраны ўрад беларускага народа.
- Паслухайце, яшчэ ж у васямнаццатым годзе была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, і ўрад ужо быў, навошта другі абіраць? - шчыра здзівілася Стэфанія.
- Ты чуеш, браце, што я табе казаў? - узрушыўся Равіч. - Разумніца, і цалкам заканамернае пытанне. Рада павінна была стаць правапераемніцай БНР, невыпадкова ў новае кіраўніцтва ўвайшлі і старыя міністры. Каб паказаць непарыўнасць сувязяў, ветэранаў беларускага руху пасадзілі ў прэзідыум кангрэса, з дапамогай усё таго ж Абвера ці СД прывезлі, цяпер кажуць ледзь не сілком, у Мінск з Прагі адну паэтэсу, яна была ў той час чымсьці накшталт душапрыказчыцы нашай старой эміграцыі. У яе, дарэчы, захоўваўся і архіў БНР... Яшчэ адна думка з’явілася ў мяне пасля беглага чытання гэтага сшытка агентурных данясенняў: хутчэй за ўсё, у гэтых скрынях павінны быць калі не асабістыя справы, то хоць бы спісы полькай агентуры ў немцаў, можа быць, і ў Саветаў, у партызанскіх атрадах і ў падполлі...