- Ды нічога. Хто там табе што прыгатуе. Шчось здарылось?
- Нічога, ясенька, - пад вокнамі загрукаталі капыты, - лягай спаты, всэ будэ добрэ. Як повэрнусь, чаю попьемо, - цмокнуўшы жонку ў лоб, ён выскачыў з хаты.
Яўген Джыхар быў легендарнай і сумна папулярнай фігурай не толькі ў Налібоках, але і ва ўсім рэспубліканскім упраўленні. Яго фотапартрэты красаваліся на ўсіх шчытах “Іх шукае міліцыя”, пра яго ведалі ўсе супрацоўнікі і таемныя памочнікі органаў. Яго ўсюды бачылі, усюды ён тварыў сваю чорную справу: паліў сельсаветы, катаваў і забіваў актывістаў, рабаваў сельмагі і ашчадныя касы. Пастаяннага лагера не меў, нарабаванае раздаваў сялянам лясных вёсак, а галоўнае - вёў, сволач, буржуазна-нацыяналістычную прапаганду. Яго ўлёткі распавядалі цёмным сялянам аб хуткай вайне ўсяго Заходняга свету і Амерыкі з Саветамі. І што прыкра - несвядомы элемент верыў гэтым варожым паклёпам.
Усё гэта ўспомніў Рыгор Арцем’евіч па дарозе да аддзела. «Вось табе і ціхае месца! З агню ды ў полымя. Хоць ва Украіне было страшней, там амаль усе былі за Бандэру і ў новае жыццё не верылі, там такіх Джыхараў па тры на кожную вёску было. Можа, сёння і зловім, хоць на які ляд яго лавіць, застрэліць - і ўсё».
«Вось вылавіш гэтага звера - і будзеш жыць спакойна», - інструктаваў яго паўгода таму начальнік аблупраўлення. - Ты толькі ўлічы: гэта вучоная поскудзь. Ён прайшоў падрыхтоўку ў школе фашысцкіх дыверсантаў “Дальвіц”, кажуць, сам улюбёнец Гітлера Скарцэні іх навучаў. Па рэспубліцы такіх вылюдкаў з гэтага “Дальвіца” ў вышуку пяцьдзясят шэсць чалавек лічыцца. А вось толькі адзін у нас у вобласці лютуе, астатнія заціхарыліся, як мышы, а можа, куды і з’ехалі, Саюз жа вялікі. Гэтая ж сволач усё не супакоіцца, за ім рака крыві чалавечай. У цябе, Рыгор, вопыт па такіх пярэваратнях, так што і карты табе ў рукі. Знішчыш Джыхара - перавяду ў Гродна і пакой дам».
«Але не надта мне гэты горад і патрэбны. Нам з Марычкай і тут, на зямлі, добра. І хата свая, і агародзік, і вунь жывёлай абзаводзіцца пачалі. А знішчыць гэтага ворага трэба, і як мага хутчэй».
У аддзеле ўжо ўсе сабраліся, паўсонныя і незадаволеныя. Дзяжурны далажыў, што з Мінска позна ўвечары, ужо амаль ноччу, прыбыў нейкі капітан, яго пасялілі ў вольным кабінеце, які ўжо з год выкарыстоўвалі пад часовае жыллё.
- Не да часу госці. Хоць давай, і яго будзі.
- А што мяне будзіць? - нечакана абазваўся госць. - Капітан Салевіч, прыбыў з рэспубліканскага міністэрства для правядзення вучобы аператыўнага складу.
- Ну і добра, зараз на практыцы і будэмо навчатыся. У мяне тых операў аж двое. Пайшлі пакуль у кабінет, пагаворым. Як цябе завуць? - спытаў Хацько, сядаючы за свой стол. Начальніку было гадоў пад сорак, невысокі, каржакаваты, з вялікімі рукамі, ваенная форма на ім сядзела ладна, хаця было відаць, што з усіх сваіх сялянскіх продкаў ён, хутчэй за ўсё, быў першым, хто апрануў ваенную форму з афіцэрскімі пагонамі.
- Ягорам, Ягорам Кузьмічом, - адазваўся прыезджы, прысаджваючыся на рыпучае крэсла ля прыстаўнога століка, - я з галоўнага аператыўнага ўпраўлення, да вас прыбыў з мэтай наладжвання асабістых кантактаў з кіраўніцтвам аддзялення і вашымі операмі па вельмі складаных і далікатных пытаннях. Па звестках нашай рэзідэнтуры за мяжой, у бліжэйшы час рыхтуюцца масавыя закіды шпіёнска-дыверсійных груп на тэрыторыю БССР, дзейнічаць яны будуць, хутчэй за ўсё, пад выглядам беларускіх нацыяналістаў...
- Пачакай, Ягор, са сваімі пропаведзямі. У нас тут аблава рыхтуецца на аднаго крымінальніка. Джыхар, мабыць, чуў пра гэтага злыдня? Да сваёй палюбоўніцы прыйшоў. Браць будзем. Вось ты нам і дапамажы, а пра гэтых парашутыстаў начальства ўжо галаву затлуміла. Гэта ўсё потым абмяркуем, зараз іншыя замарочкі. Мяне больш хвалюе, як да яго, чарцяка, непрыкметна падпаўзці. Хата той жанчыны хоць і наводшыбе стаіць, а людзі ж вакол. Гэта ж сяло, хата на хаце, ды і сабакі амаль у кожным двары. Яны такі брэх падымуць, што і нябожчыкі з магіл паўстаюць. Вось якая ў нас з табой задача на дадзены момант: узяць гада, сваіх хлопцаў не згубіць і не дапусціць, каб хто з мірных грамадзян пацярпеў.
- А дарога з той вуліцы куды вядзе? - спытаў Салевіч.
- Праз лес да возера, а далей у Шаплеўку.
- Давай паперу, будзем маляваць план дома і наваколля...
- А навошта? Ён ужо даўно намаляваны, вось глядзі, - з гэтымі словамі начальнік устаў, падышоў да шафы i дастаў ліст ватмана, разаслаў яго на стале перад сталічным капітанам, - вось тут усё і ёсць.
План падворка Сацэвіч і прылеглых дамоў і пабудоў быў намаляваны амаль прафесійна, усе пазначаныя будынкі падпісаныя, нават вышыня платоў паказаная.