Выбрать главу

- Добры план, начальнік. Хто гэта ў цябе так выдатна чэрціць?

- Дружына мая! А памеры прадставіў наш мясцовы каморнік, яму больш зручна і пытанняў менш. Ну...

- Колькі ў нас людзей?

- З табою і ястрабкамі чалавек дзесяць.

- А іх?

- Та біс яго знае... Можа, адзін, а можа - і трое. Гэтыя гады па адзіночцы не ходзяць. Засады там няма. Суседка ейная ў нас на прыхваце, яна і падала знак, што нехта прыйшоў.

- Давай паспрабуем так: я на падводзе паеду з лесу, мяне тут ніхто не ведае, паеду не хаваючыся, нібыта заблукаў. Хата, кажаш, з краю, дык я пастукаю спачатку да суседзяў, пакрычу, а затым і да гэтай бабы. Ты частку людзей да лесу пашлі, частку - на вуліцу і ў суседскія агароды. Кулямёты ёсць?

- Ёсць адзін, там, на гарышчы ў суседкі стаіць. Я таксама ўсё так планаваў, толькі не ведаў, каго паслаць. Тут жа кожнага не толькі ў твар, але і па голасе, і па хадзе пазнаюць. А з падводай гэта ты добра прыдумаў.

Давай так і зробім, толькі за тваёй калымагай я ўсё ж пару сваіх хлопцаў пашлю. У лесе могуць застацца яго бандзюкі. Хай цябе падстрахуюць. Галоўнае, ты ўвесь час трымай у галаве думку, што гэта нелюдзі, сапраўдныя вылюдкі.

- Гэта я, Рыгор, ведаю не менш за цябе, і ў мяне да гэтага гада ёсць асабістыя рахункі.

- Ну тады ведаеш, у якую пашчу галаву суеш. Добра, як казалі нашыя маласвядомыя дзяды, з Богам! Пішлы!

Аперацыя, хоць і не зусім па плане, прайшла паспяхова. Падстрахоў- ку Джыхара бязгучна скруцілі чэкісты, якія ішлі метраў за пяцьдзясят ад падводы Ягора. Сам ён, як і дамовіліся, з шумам заехаў з ваколіцы, пачаў стукаць ва ўсе вароты і не зусім цвярозым голасам патрабаваць растлумачыць яму, куды гэта яго занесла нячыстая сіла.

У дыхтоўныя вароты Сацэвіч ён грукатаў з асаблівым азвярэннем, калі ж гаспадыня, накінуўшы на сподняе нейкую жакетку, выйшла, пацягваючыся і пачэсваючыся, нібыта спрасонння, Ягор асцярожна дастаў пісталет.

- Што грыміш, чорт непуцёвы? - пазяхаючы, спытала маладая і пры- гожая жанчына, на хаду даплятаючы касу.

- Гаспадыня, што тут у вас за мёртвае царства, ні да каго не дастукацца, што гэта за вёска?

- Якая гэта табе вёска, гэта ж Налібокі, - скідваючы завалу, прыадчыніла дзверы і вызірнула на вуліцу жанчына.

- Вось ужо павадзілі мяне сёння чэрці! І як я сюды прыпёрся? Я ад кума, вось табе крыж, з Вуглоў дадому ў Байкі ехаў, а прыехаў да цябе, салодкая мая! - Ягор паспрабаваў абняць гаспадыню.

- Рукі прыбяры, кабяліна, куды ехаў - туды і едзь! Не па табе ягада! - жанчына нечакана наструнілася, пільна ўзіраючыся ў далёкі выгін вуліцы за спінай нечаканага госця.

- Ціха, прыгажуня, - ткнуўшы ёй у грудзі пісталет, прашаптаў капітан,

- Джыхар адзін?

Яна кіўнула - ці ад сполаху, ці ад нечаканасці. Капітан ведаў, што праз некалькі секунд яна зразумее, што адбылося, і пачне крычаць. Штурхнуўшы жанчыну ў двор, Салевіч, выставіўшы перад сабой пісталет, кінуўся да ўваходных дзвярэй. Па вокнах дома ўдарыла чарга з кулямёта, пасыпаліся аскепкі шкла.

- Глядзі, бісаў сын, мінчука мне там не падстрэль, - дзесьці побач крыкнуў кулямётчыку Хацько. - Джыхар, падымай рукі да гары і выходзь!

За адрынай каля лесу таксама пачуліся стрэлы. Пасля стрэлаў ранішняя цішыня здавалася асабліва звонкай, фіранкі ў вокнах мірна гайдаў лёгкі, перадсвітальны ветрык, які ледзь чутна выскачыў з цёмнага лесу. Ля брамкі нягучна плакала Сацэвічыха. Ягор ужо сабраўся штурхнуць уваходныя дзверы, як унутры дома глуха ляснуў пісталетны стрэл. Жанчына запла­кала гучней, у двор, прыгінаючыся, уваходзілі таварышы.

Джыхара знайшлі ў другім пакоі, які служыў гаспадыні спальняй. Ён стаяў на каленях, упёршыся лбом у падваконнік расчыненага акна. Застрэліўся бандыт вельмі дзіўным спосабам, пусціўшы сабе кулю ў патыліцу. Твар быў цалкам знявечаны, цэлай засталася толькі размаляваная крывёю і парослая сівым шчаціннем ніжняя сківіца.

- Вось табе на! Хто такі, што за птушка - разбярыся цяпер... - разглядаючы цела, разгублена прамовіў начальнік аддзела, - а галоўнае, што пісаць начальству ў Гродна?

- Таварыш капітан, пры ім дакументы маюцца, - дастаючы з унутраных кішэняў забітага нейкія паперы, вымавіў высокі і худы, падобны на жэрдку, старшына. - Вось, глядзіце, па гэтым пашпарце ён Мікітовіч Фёдар Карпавіч, а па-іншым - Іванец Мікіта Адамавіч, а вось па гэтай паперцы ён галоўны прадстаўнік Цэнтральнай Беларускай Рады ў Народнай Рэспубліцы Беларусь Джыхар Яўген. Тут яшчэ і загадана ўсім грамадзянам у абавязковым парадку аказваць прад’яўніку гэтага мандата ўсялякае садзейнічанне. І яшчэ гэты самы Джыхар валодае паўнамоцтвамі па аднаўленні народнай улады на ўсёй тэрыторыі рэспублікі ў межах, вызначаных у 1918 годзе. Вось якога мы звера завалілі, таварыш капітан!