- Кажаш, напісана ў межах 1918 года? Добра, што хоць не ў межах часоў князя Вітаўта, - сказаў з’едліва Салевіч.
- Давай вядзі сюды яго каханку, апазнаваць будзем, - загадаў Хацько.
Жанчына перастала ўжо плакаць і праклінала чэкістаў за тое, што пашкодзілі яе ўдовін дом. На пытанне, хто гэты забіты ў яе спальні чалавек і кім ён ёй даводзіцца, адказала:
- А я ведаю? Прыпёрся пад раніцу, сказаў, што ўпаўнаважаны па нарыхтоўках, папрасіўся пераначаваць. Вунь гарэлкі прынёс. Я жанчына адзінокая, гарэлкі сербанула, ці шмат мне з нязвычкі трэба?! Ну і кульнуў ён мяне. Заплакаць не паспела, як ваш, вось гэты, ля варот таксама лапы распускаць пачаў. А хто мне, удаве, шкло ўставіць, хто рамы паправіць? А сорам хто на нашым канцы вуліцы суцішыць?! Ірады вы акаянныя!
- Ну, усё сказала, сірата казанская? Ты мазгі каму іншаму сушыць будзеш! - заходзячы ў пакой, вымавіў зарослы густой барадой мужчына з вінтоўкай за спінай. - Таварышы капітаны, гэтая паненка падчас вайны з нашых Налібокаў з’ехала й аціралася з немцамі ў Віцебску, з гэтым Джыхарам жыла, з ім і ў Нямеччыну падалася. Ды вось, відаць, не даехалі. Рознае пра яе гаварылі, калі назад вярнулася. Муж у яе да вайны быў, з нашых, настаўнічаў, усё за незалежную Беларусь агітаваў, дык палякі яго пасадзілі, а ў трыццаць дзявятым ужо нашы органы забралі, тыя ўжо з канцамі. Бацька яе кулак. З маёй вёскі на яго амаль усе гарбелі. Словам, яшчэ тая сука! Аб тым, што да яе з лесу ходзяць, народ ужо даўно шэпчацца.
- Ах ты, погань нямытая! - упёршы рукі ў бокі, ступіла наперад Сацэвічыха, - гэта ты мяне, халуй паліцэйскі, сумленню вучыць будзеш? Нямецкім кавалкам папракаць?! Не, вы паслухайце, людзі добрыя, - звярнулася яна да астатніх, - тут вунь чалавек астывае, чужы і мне, і вам, і я не ведаю яго зусім, а гэты хрыч пад шумок вырашыў з беднай удавой паквітацца. Гэта не мой Рыгорка пшэкам прыслужваў і на патрыётаў “двуйцы” стукаў, а ён! - яна штурхнула мужыка ў грудзі. - А немцы прыйшлі - ён да іх пад бачок. Ён не дурань, у паліцаі не падаўся, ён у прыслугу пайшоў. І пры ўладзе, і пры цяпле. Мяне вунь у Германію сілком пагналі, а ён дабро, кінутае вайной, да сябе ў хату цягнуў. А зуб у яго яшчэ на бацьку майго нябожчыка, якому грошай вінен застаўся. Ну, што маўчыце? Вяжыце мяне, валачыце ў свае засценкі! Спаскудзілі хату, як у ёй далей жыць?
- Ты, гэта, грамадзянка Сацэвіч, мітынгі заканчвай. Іш ты якая! Вы, хлопцы, выносце яго, ды і яе да аддзела вядзіце, там разбярэмся, што то за птушка і якога яна палёту. Во бісавага баба! А тут, у гадзюшніку гэтым, усё перапарыце, шукайце, можа, што і знойдзеце яшчэ. Дзякуй, хлопцы, асабліва табе, Ягор Кузьміч. Пайшлі. Мы з капітанам ва ўпраўленне. Калі што - ганца прышліце.
Пакуль ішлі, Салевіча ўсё не пакідала дзіўная, не да часу разыграная ў хаце сцэна. Нешта тут не так, вось толькі зразумей, што?
- Паслухай, а што гэта за мужык барадаты, з якім баба счапілася? - спытаў Ягор начальніка.
- Дык то ястрабок з раёна, быў у нас у райцэнтры ў радні, вось мае хлопцы яго і прыцягнулі. Добра, што стральбы не пачалі і нікога не паранілі. Таго барадача я, як і ты, упершыню бачыў. Ён мне самому не спадабаўся. Слізкі нейкі. Але і баба тая, хачу сказаць, сцярвозіна яшчэ тая! Без дрыжыкаў на нябожчыка глядзець не магла, а трымалася, і выгляду не падае, што знаёмая з забітым. Дай ёй аўтамат - перабіла б нас і вокам не міргнула. Я на такіх кабетак у нас на Букавіне наглядзеўся. За свайго каханага нікога не пашкадуе. Ну нічога, вось цяпер начальству дакладзем, усю гэтую кампанію справодзім і выдыхнем спакойна.
Начальства пахваліла за ліквідацыю ворага і паабяцала ўсіх удзельнікаў заахвоціць. Праз паўгадзіны патэлефанаваў Мінск з віншаваннямі. У абед з Гродна прыйшла машына па труп і па бандыта, якога скруцілі ў лесе, ды і скандальную кабетку забралі. Прыехаў на сваім “Опелі” і начальнік абласнога ўпраўлення са сваім намеснікам. Усе былі задаволеныя і ў прыўзнятым настроі. Амаль кожныя паўгадзіны тэлефанавалі са сталіцы і патрабавалі ўсё новых падрабязнасцяў. І падрабязнасці адразу з’яўляліся, асабліва пасля прыбыцця абласнога начальства.
Да шаснаццаці гадзін карціна знішчэння бандгрупы Яўгена Джыхара, капітана вермахта і маёра беларускай вызваленчай арміі, выглядала наступным чынам: райаддзелам, узмоцненым дасведчаным аператыўнікам з Мінска, пад кіраўніцтвам начальніка абласнога ўпраўлення падпалкоўніка Тарасевіча была спланаваная і праведзена аперацыя, у ходзе якой на меркаванай яўцы бандыта была засада. Бандыты блакаваныя. Падчас боесутыкнення два затрыманыя, Джыхар у перастрэлцы забіты, з нашага боку стратаў няма, адзін супрацоўнік лёгка паранены.