- А што то могуць быць за дары?
- Калі мы будзем менш сварыцца, то, магчыма, вечарам я іх вам і пакажу, святы айцец, - адказаў, перапоўнены пачуццём уласнай годнасці, дырэктар музея.
Выбралі сімпатычнага ратвейлера, які на гучныя воплескі і звон ключоў не хаваўся за мамку, а з цікаўным выразам на мілай пысачцы ішоў на гук, ды яшчэ і рыкаць спрабаваў. Пасадзіўшы шчанюка ў кошык, усе развіталіся і разышліся.
Равіч накіраваўся ў свой замак, а потым, хутчэй за ўсё, да Раісы, якая ўжо колькі разоў яму тэлефанавала. Ксёндз з бедалагам Станіславам паехалі ў Польшчу. Скарга - да Казіміра на хутар.
Хутар прачынаецца рана, і калі а палове на восьмую Вячаслаў, стомлены і сонны, пад’ехаў да знаёмай брамкі, яны імгненна расчыніліся - і радасны, не зусім цвярозы сваяк з перавязанай галавой ухапіў яго ў мядзведжыя абдымкі. Ля варот сабралася і ўся яго сям’я. Стэфанія выйшла босай, з падаткнутым спераду прыполам саматканай спадніцы, у доўгіх, запэцканых зямлёй сініх гумовых пальчатках. Твар яе выпраменьваў радасць і задаволенасць жыццём.
Свята сустрэчы было перапынена патрабавальным скавытаннем шчанюка. Разбуджаны агульнай радасцю, ён, абапёршыся пярэднімі лапкамі на дзверцы машыны, высунуў галаву і настойліва патрабаваў забраць яго з гэтай задушнай жалязякі ды тэрмінова далучыць да ўсеагульнага разгулу весялосці.
Усё! Неба звалілася на зямлю! Анёлы жыцця затрубілі над светам, дарослыя ператварыліся ў дзяцей, і ўсе гатовыя былі заціскаць несамавітага Шарыка, які кідаўся ўсіх лізнуць і весела матляў сваім хвосцікам. Пакуль усе замілоўваліся і раіліся, як яго назваць, Скарга падаўся да ганка, сеў на прыступкі ды імгненна заснуў. Як яго пераносілі ў пакой, як распраналі і клалі на сяннік, як яго цалавала Стэфа, ён ужо не помніў. Сон, які ўваскрашае сілы стомленых цела і розуму, блакаваў слых, зрок, нюх, ахінуў мозг у першародную цішыню, у якой бязважка луналі душы продкаў і ўсе таямніцы светабудовы, дзе не было нікога, нават Бога, таму, што там было Усё - Пачатак і Канец гэтага Свету.
Пад абед Вячаслава разбудзілі, падсунуўшы яму шчанюка. Убачыўшы неаблізаную прастору заспанага твару, Крабік, як яго пасля доўгіх дэбатаў было вырашана назваць, з радасцю прыступіў да сваіх шчанюковых абавязкаў.
- Стэфік, не трэба, я не памыўся, - спрабаваў праз сон ухіліцца Скарга.
Дружны рогат садзьмуў з яго рэшткі сну.
- Ну ты і гад, Скарга! - смяяўся разам з усёй раднёй яго любімы чалавек.- Хоць буду ведаць, як цябе будзіць.
- Ды ну вас! - шчаслівы і бадзёры, саскочыў з ложка малады чалавек.
- Дзе ў вас тут памыцца можна?
- Пакуль што маладзіца з вядра калодзежнай вадзіцай абалье, а вечарам у лазню пойдзем, - прабасіў швагер і сунуў у рукі шклянку з буршты- навым напоем.
Толькі селі за стол, як ля варотаў засігналіла машына: прыехаў Равіч, задаволены, як кот, які сцягнуў суседскую каўбасу.
Паелі - і ўсе разам пайшлі да схрона. Старэйшы Казімір ледзь не плакаў, так яму было цяжка расставацца з таямніцай хутара. Але рабіць было няма чаго, хаваць далей невядома што было небяспечна, як паказалі апошнія падзеі. Падагналі трактар з прычэпам, завялі дызель-генератар, і падзем’е, аслеплае ад лішку святла, страціла сваю таямнічасць ды імгненна ператварылася ў звычайны склеп з задушлівым, сапрэлым паветрам. Дзецям дазволілі зайсці яшчэ пры лямпе і паходнях, для мацнейшага ўражання. Прыціхлым і насцярожаным, ім прапанавалі пад пільным кантролем Міхаіла Сяргеевіча выбраць сабе па якой упадабалай штучцы і гужам выбрацца наверх - пагуляць, строга забараніўшы лазіць у старыя доты, дзе маглі быць змеі.
Паперы з акаўскіх скрынь вырашылі разбіраць, не спяшаючыся, дома. Вынеслі зброю, начынне, панцыры і ўсё астатняе, што траплялася пад рукі. Равіч аглядаў кожны прадмет, Стэфанія іх фатаграфавала, Паліна прыклейвала да маркіраваных пісталетаў біркі і пісала на іх нумары. Міхаіл запісваў усё ў тоўсты агульны сшытак. Скаргу і двух Казіміраў выкарыстоўвалі выключна ў якасці бясплатнай працоўнай сілы. Здаралася, Казімір старэйшы, раскапаўшы, як яму здавалася, цікавую рэч, падыходзіў па кансультацыю да эксперта, які праменіўся задаволенасцю, тады ўся праца спынялася, усе гуртаваліся вакол Равіча і слухалі яго грунтоўныя каментары.
- Гэта не манеты, гэта памятныя медалі, - вучоны ўзброіўся магутнай лупай, - хутчэй за ўсё срэбныя, арыгіналы. Вось гэтая адлітая ў 1547годзе пры каралі Жыгімонце Старым, у гонар князёўны Альжбеты Радзівіл. Гэты - у гонар узяцця Смаленска канцлерам Вялікага Княства Літоўскага і вялікім гетманам Рэчы Паспалітай Сапегам і паланення ім ваяводы маскоўскага Васілія Шуйскага ў 1557 годзе. А гэты... - твар Міхаіла зрабіўся сур’ёзным, - гэта наогул унікальная адліўка пачатку нашай эры, думаю