Выбрать главу

- Грамадзянін, што вы робіце на ахоўным аб’екце і якім чынам на яго трапілі?

“Дэбілаў мне толькі сёння не хапала!” - падумаў Міхаіл.

- Я дырэктар Нясвіжскага запаведніка, - сказаў ён услых, - а вы хто?

- Гэта я хто? Конь у драпавым паліто! Я цэлы маёр міліцыі, ці вы, таварыш, не бачыце? Дырэктар ён запаведніка! Ну і якія такія звяры ў вашым запаведніку водзяцца? А я яшчэ раз задаю вам пытанне на пакуль зразумелай мове: што вы робіце ў гэтым музеі?

- Я што раблю? - перапытаў Міхаіл. - Я, кажу, дырэктар гэтага музея...

- Стаяць, грамадзянін, - маёр пагрозліва павёў ствалом аўтамата. - Вы вызначцеся, грамадзянін, вы дырэктар запаведніка ці дырэктар музея, а можа, ты элементарны злодзей? Вы давайце вызначайцеся, а я пакуль трывожную групу выклічу.

- “Цэнтральны”, я “Бабёр-2”... Несанкцыянаванае пранікненне на ахоўны аб’ект. Прашу падмогі, грамадзянін не падпарадкоўваецца асобе пры выкананні... - рацыя заверашчала, зашыпела і выдала ледзь разборлівае: - “Едзем”.

- Маёр, ты што - здурнеў? Якое не падпарадкоўваецца?! Я што - вам грошы плачу за тое, каб вы з мяне здзекваліся? Прэч з майго кабінета!

- Вы, гэта, спакойна, і голас на мяне не падымайце. Вось зараз даставім у аддзяленне, там і разбярэмся, што ў вас за запаведнік і каго вы там разводзіце. Вы, гэта, смірна стойце, нібыта бацька вас у кут паставіў. Бо я, паколькі пры выкананні... Вось і падмога падаспела! У нас, як бачыце, не забалуеш. Давайце, бярыце яго і ў машыну, - скамандаваў маёр зады- ханым сяржантам.

- Маёр, ты ку-ку? - пакруціў ля скроні адзін з іх. - Гэта ж дырэктар музея Равіч Міхал Сяргеевіч. І што вы, таварыш маёр, у памяшканні робіце? Мы ж вам казалі: нашая справа - перыметр, а ўнутр без прадстаўнікоў адміністрацыі ахове ўваходзіць нельга. Вы ўвайшлі, сігналізацыя спрацавала, вось мы прыбеглі, недалёка былі. А праз пару хвілінаў яшчэ хлопцы з райаддзела пад’едуць.

- Ты, гэта, давай не тут, - расхваляваўся маёр. - Гэты грамадзянін не можа вызначыцца, дзе ён працуе: у запаведніку ці ў музеі. Так што бяром яго - і да высвятлення...

- Міхаіл Сяргеевіч, вы зайдзіце да сябе ў кабінет, мы тут начальству растлумачым розніцу паміж пазаведамаснай аховай і ДАІ, адкуль, дарэчы, і перавялі да нас таварыша маёра.

- Так, перавялі, для ўмацавання, між іншым...

- Не ўжо, я дадому пайду, а вы тут разбірайцеся. Дурдом нейкі, гэтага я так не пакіну, - выпхнуўшы няпрошаных гасцей у калідор, абураўся Равіч, замыкаючы дзверы. Для выхаду з дырэктарскага кабінета быў прыстасаваны старадаўні калідор, які меў асобныя дзверы і свой чып сігналізацыі.

Ступіўшы на няроўную брукаванку замкавага двара, Міхаіл адчуў нейкае ўнутранае трапятанне: “Сапраўды, многія веды нараджаюць многія смуткі! Вось жыву я чацвёрты дзясятак, чатыры гады ўжо гэтую брукаванку тапчу - і ніякіх душэўных усхліпаў не адчуваў. А тут раптам раскрылася бездань

- і пад табой, аказваецца, схаваная нейкая страшная таямніца! Галівуд дый толькі! Галівуд Галівудам, а з усім гэтым трэба нешта рабіць. Вось дык нарваўся ты, браце, на праблему. І самому не з’есці, і з іншымі не падзяліцца. Дзе гэты бравы лейтэнант падзеўся, іціць яго маць?! Упэўнены, ён адразу з рыдлёўкай туды ламанецца. Хаця чаго ты, Міхась, запанікаваў? Хіба ты адзін? Уся хутарская група з табой, ды і яшчэ з паўдзясятка талковых хлопцаў набярэцца. Галоўнае - сесці і ўсё распланаваць. Нашыя пошукі пачаць пад выглядам рэстаўрацыйных работ ці задумаць прафілактычны рамонт таго ж калодзежа, а ўжо ў часе работ і пачнуцца нейкія неспадзяваныя адкрыцці. Гэта, мабыць, лепшы сцэнар. Другім складнікам плана павінна стаць прапрацоўка гісторыі гэтых чарцяжоў. Як яны з’явіліся ў акаўцаў, дзе да гэтага маглі захоўвацца, як яны на схоў змаглі выйсці, хто падказаў? Словам, суцэльныя пытанні? Але гэта хаця б у агульных рысах трэба выявіць, каб пазбегнуць нечаканасцяў у будучым”.

Міхаіл, задумаўшыся, незаўважна для сябе хуткім крокам дайшоў да свайго дома. У рэальнасць з заблытанага лабірынта таямніцаў падземных хадоў і містычных паданняў яго вярнуў гучны брэх Рады, каўказскай аў- чаркі, якая, не зважаючы на прыроджаную злосць, любіла свайго гаспадара і невядома як здолела падлізацца да Сівілы.

Вокны дома свяціліся цёплым святлом, што абяцала вячэру і ўтульны ложак.

Равіч, паляпаў сабаку па карку і, ці то з радасцю, ці то з жалем уздыхнуў. Невядомыя шляхі адзіноты, якую кожны з нас носіць, нібы нажытыя за доўгія гады мазалі.