Выбрать главу

21

Скарга на здзіўленне хутка адпісаўся і даклаў свайму кіраўніцтву. У кабінет да яго начальніка, здавалася, сабралася ўсё кіраўніцтва, усе са здзіўленнем разглядвалі паперы, узнагароды, пячаткі, грашовыя знакі. Начальнік ад шчодрасці дазволіў сябрам узяць па купюры старых грошай на памяць пра эфектыўную працу яго аддзела.

- Дык вы запэўніваеце, лейтэнант, што там могуць быць і нейкія дакументы? - пытаў намеснік начальніка ўпраўлення палкоўнік Сіваконь.

- Мне здаецца, павінны. Калі дазволіце, я там яшчэ з тыдзень папрацую. Павінна яшчэ нешта быць. Толькі я б вас вельмі папрасіў даць загад мясцовым, каб яны пакуль не залазілі ў гэтую справу. Не, я супраць калегаў нічога не маю і заўсёды з імі на сувязі. Але мястэчка нашае, я ж у ім правёў амаль усё сваё дзяцінства, вельмі патрыярхальнае і спецыфічнае. Бывае, і падумаць пра што-небудзь толкам не паспееш, а пра гэта ўжо ўсе шэпчуцца. У мясцовых ад мясцовых сакрэтаў няма.

- Добра, давай, лейтэнант, мацуйся, хоць трэба было б цябе ададраць за тое, што паляка, не прад’явіўшы начальству, адпусціў. Ты перастань сваволіць. Анатолій Вітальевіч, - звярнуўся ён да непасрэднага начальніка Скаргі, - хай сабе едзе, калі не пярэчыш. Раённых таварышаў папярэдзь, маўляў, лейтэнант выконвае асаблівае задание кіраўніцтва, хай не прыстаюць з пытаннямі, а дапамогу, калі спатрэбіцца, акажуць. Усё, лейтэнант, поспеху, толькі не зарывайся. Поспех - ён наравісты.

З будынка ўпраўлення, больш вядомага ў Мінску як “жоўты дом”, Скарга выйшаў з настроем імянінніка. Аказваецца, начальніцкая пахвала - прыемная штука.

“А ці не рвануць мне, пакуль маўчыць мая нечаканая радасць, да Ягора Кузьміча? Ад непасрэднай блізкасці да начальства паўсталі ў маёй бесталковай галаве некалькі нечаканых пытанняў”.

Трубку доўга не падымалі.

- Алё.

- Ягор Кузьміч, а можна, я да вас літаральна на хвілінку зазірну, узнікла пару пытанняў. Патрэбны вашыя мудрыя парады.

- Наконт парадаў, думаю, не да мяне, а так, вядома, зазірні, як “сонца ў наша ваконца”, - і слухаўка, злосна і нібыта пакрыўдзіўшыся, замоўкла.

Ягор Кузьміч быў не адзін.

- Вось, Славік, пазнаёмся - мой старадаўні прыяцель і верны памочнік Андрэй Іларыёнавіч Горзбіч, самы вялікі спецыяліст, як я табе ўжо казаў, па разгадванні зашыфраваных сакрэтаў. За свабодалюбства...

- І складанне нявернападданых вершаў, - перапыніў гаспадара кватэры зморшчаны часам гарбаты дзядок у дзіўным цяпер пенснэ на тонкім залатым ланцужку, апрануты з нейкай нетутэйшай вытанчанасцю, у добрым касцюме-тройцы. Накрухмалены каўнер кашулі, здавалася, рыпеў, а манжэты паблісквалі нятаннымі запінкамі. - Вельмі прыемна пазнаёміцца, вельмі шмат чуў, - ён працягнуў вузкую далонь з доўгімі, нібы ў піяніста, пальцамі. - Горб мой старарэжымны ніяк не мог спалучацца з савецкімі эпалетамі і мог кінуць цень на ўсю сістэму.

- Сістэма не шкадавала, затое дзяўчаты дзівіліся! - дадаў, як яму здавалася, значны штрых да партрэта сябра Ягор Кузьміч.

- Што ж гэта вы, бацька, у мінулым часе мяне нахвальваеце. Гэта мы раней былі маладымі і прыгожымі, а цяпер мы проста прыгожыя. Ну, будзем знаёмыя, тым больш што я вельмі сябрую з вашым дзядзькам. Унікальны чалавек.

- Калі зазірнуў, давай свае пытанні і, калі ёсць час, далучайся да нас варажыць над тваімі паперамі, - ён паказаў рукой на раскладзеныя на канапе пажоўклыя ад часу аркушы з тэчкі са шнуркамі ад падштанікаў.

- Пытанні мае могуць і пачакаць, а пра паперы можаце ўжо нешта сказаць? - спытаў малады чалавек.

- Сказаць можна толькі адно: паперы, безумоўна, каштоўныя, але зашыфраваныя яны пакуль невядомым мне шыфрам, - злёгку расцягваючы словы, прамовіў Андрэй Іларыёнавіч. - Там, у гэтых скрынях, выпадкова ніякай кнігі не было? Любой.

- Акрамя Бібліі, ніякай.

- А дзе яна? На яе можна зірнуць?

- Дык я ж яе аддаў Станіславу, ён яшчэ і браць не хацеў, казаў, цяжкая, маўляў, навошта мне з ёй цягацца, ды і занадта мудрагелістым шрыфтам надрукаваная. Чытаць цяжка.

- А ў гэтага Стасіка можна яе на пэўны час пазычыць? - грэбліва прыжмурыўшы левае вока, спытаў Горзбіч.

- Цяжка будзе, думаю, ён ужо ў Англіі, - вінаватым голасам адказаў Скарга.

- Шкада, вельмі шкада, малады чалавек. Гэта, вядома, ускладніць нашую задачу, але, як гаворыцца, пытанне не смяротнае.

- Слава, давай усё ж свае пытанні, а паперы пакінь нам, - перапыніў іх гаворку Ягор Кузьміч.

- Можа, вы самі хацелі б зірнуць на ўсё, што мы выцягнулі з падзямелля? Там ёсць, на мой погляд, вельмі цікавыя, а часам і дзіўныя рэчы, вобласць прымянення якіх не змог растлумачыць нават такі паліглот, як Равіч. А другое, хутчэй, не пытанне, а нейкае маё разважанне, якое патрабуе вашай парады. Сіваконь зацікавіўся маімі пошукамі і без размоў адпусціў капаць далей. Яго цікавяць спісы польскага атрада і пэўная інфармацыя, каму харунжы пакінуў на захоўванне архіў. Я пра званне акаўскага камандзіра нічога яму не казаў, ды і не ведаў я сам таго звання. Думаю, ён запытаў з нашых засекаў інфармацыю. Вось толькі навошта яна яму, амаль семдзесят гадоў прайшло?