Памятаю "Мэрсэдэс", зь якога прагучала "Сядайце, калi ласка". Затым нейкая ўскраiна, сьветлая кватэра без шпалераў, прыемныя маладыя людзi, прыгожыя жанчыны бязь ценю праблем на тварах, мастак Тарасэвiч у нейкай бронекамiзэльцы, спагецi, гарэлка, кава, польскi акцэнт i пяяньне гарадзенскага барда.
Памятаецца, на нейкiм мiтынгу адзiн iмпэтны прамоўца на ўсё горла крычаў: "У нас ёсьць БУДУЧЫНЯ!!!" Крычаў у такiм запале, быццам хацеў некага запалохаць той будучыняй, цi пераканаць у гэтым слухачоў. Мяне не пераканаў. Яна для мяне становiцца нечым асязальным i радасным менавiта ў такой кампанii, дзе твой сусед па бутэльцы (не гiсторык, не фiлёлаг, а ўсяго толькi прадпрыймальнiк) без натугi гаворыць па-беларуску, i не пра лёс бацькаўшчыны, ахоць бы пра тых красуняў, што насупраць.
... Калi зьявiлася на даляглядзе бэтонная сьцяна гарадзенскай ускраiны, мне стала балюча шкада гэтай зямлi, невядома яшчэ колькi часу прысуджанай гiбець з волi Госпада й па вiне сваiх абiтальнiкаў. Iх, гэта значыць нас, шкадаваць ужо непрыстойна. Як непрыстойна шукаць апраўданьнi ўласнай бязьдзейнасьцi, цi то ў мiнуўшчыне, цi то ў будучынi.
Туга па горадзе NN
Ня ведаю, чаму мяне цягне туды так раптам. Расейскай мовы мне й тут хапае. Ня кажучы пра iхную папсу ў нашым этэры. Не гаворачы пра ўсялякiя iнтэграцыi з iнаўгурацыямi. Але ўтрымаць сябе ўжо не магу. I хай аўто маё тройчы ўкраiнскае. Хай дарогi наперадзе сугуба расейскiя. Ды на адвечнае расейскае пытаньне: куды ж дакоцiцца маё кола, — я ведаю цьвёрды адказ. Да Нiжняга Ноўгарада.
Трохi было падзабытыя расейскiя маштабы пачалi нагадваць пра сябе ледзь не па праезьдзе мяжы. Усё радзей траплялiся вескi, ды й тыя выглядалi ня надта жыва. Асаблiва вылучалiся дамы барачнага кшталту (гэта ў вёсцы!) дзе-нiдзе на тле "барочных" сядзiбаў "новых расейцаў". Усё далей адсоўваўся далягляд, саступаючы законнае месца расейскiм прасторам. Усё больш адчувальнаю станавiлася туга, незразумелая мне самому.
Да Масквы пад'яжджаў ужо ў цемры. Дакладней, да Масквы заставалася яшчэ кiлямэтраў сто. Таму ўласна цемры на шашы не было. А было адчуваньне хуткага наблiжэньня да супэрмэгаполiса, што мацнела з праездам яшчэ аднаго мiлiцэйскага паста, яшчэ аднаго асьветленага скрыжаваньня, яшчэ аднога горада-спадарожнiка. I так на працягу цэлай сотнi, адлегласьцi, што дома здавалася мне даволi значнаю. Зрэшты, чым павiнен быць уезд у сталiцу, як не цырымонiяй.
Пад такi дарэчны крык Высоцкага з дынамiкаў я ўляцеў (цi ўлiп) у бясконцы й шумны паток стоп-агнёў, рэклямных экранаў ды асьветленых вiтрынаў. Зь першага свайго скрыжаваньня гэты горад цалкам апраўдваў тыя мiлi чаканьня чагосьцi незвычайнага. Iмкнучыся ехаць як мага павальней, я ўсё адно не пасьпяваў разглядаць мадэрновыя плады знакамiтага маскоўскага будаўнiчага буму ды адзначаць зьмены ў горадзе, якi, як сам лiчыў, знаў калiсьцi ад i да.
Я столькi чуў пра неабходнасьць цi наадварот будаўнiцтва Храма Хрыста Збаўцы. А пабачыўшы, нават не згадаў тыя такiя доўгiя ды аргумэнтаваныя дыскусii. З-за рога змрочнага "Дома на набережной" выплыў, каб асьляпiць i зьбянтэжыць, агромнiсты да немагчымага i залаты да вар'яцтва купал. Чатыры гiганцкiя краны па баках ня толькi не дадавалi збудаваньню незавершанасьцi, а яшчэ больш падкрэсьлiвылi ягоныя фантастычныя памеры...
Якая гэта радасьць — вырвацца з маскоўскага транспартнага пекла на Ўладзiмiрскi тракт. Якi са сваiмi адвечнымi калдобамi ды "пiзанскiмi" званiцамi адразу падасца раем. А маладая, самай пякучай прыгажосьцi цыганка адной усьмешкай ператворыць ЗАЗ у Mersedes. А шыльдачка "До Челябинска" ў руках аўтастопшчыкаў прымусiць рэшту адлегласьцi зрабiцца проста сьмешнаю.
Я шматкроць уяўляў свой трыюмфальны ўезд у гэты горад на сваiм "сымбалi посьпеху". Але што сапраўдным тым сымбалем будзе гэты горад — нiякiм чынам нi сьнiў, нi бачыў. Шырокая рака сьвежага асфальту зьмянiла ўжо абрыдлую двухрадку. Пералiўшыся ў гарадзкую вулiцу, яна не прыдбала нiводнай ямiны. I чаго я зусiм ужо не чакаў, вулiца была чыстаю. Нават на тратуарах кудысьцi падзелася сьмецьце. Так, горад стаў адкрыты для iншаземцаў. Сталiчныя амбiцыi граюць на ўсю моц. Зноў жа — Кiрмаш. Але хто ж гэта прыбраў з вулiцаў роднага раёну зь мiлагучнаю назваю Канавіна стогадовы бруд?.. Пасьля гэтага адкрыцьця чаму яшчэ мне тут зьдзiўляцца?
Навошта я сюды прыехаў? Што так цягнула мяне сюды? Чаго я хацеў тут знайсьцi? Настальгiя?
Я набыў пачак "Беламору" i ўрачыста выйшаў у свой горад у пошуках гэтага салодкага пачуцьця. Я так марыў прысесьцi на тым услончыку, дзе не сядзеў дзесяць гадоў i, насьвiстваючы нейкую падзабытую вiзбараўскую песьню, завалачыся папяросным дымам успамiнаў. Уявiць, што не было ў мяне дзесяцi гадоў. А разам зь iмi й Беларусi, i Вiльнi, i яшчэ шмат чаго не было. Быццам гэта дадало б мне чаго-небудзь элiксырна-прадуктыўнага.