Выбрать главу

Паблукаўшы яшчэ трохi, я знайшоў i нашых. Краiна, у якой любiмая тэма для кiраўнiчай балбатнi й апраўданьняў — iнтэграцыя з Расеяй, была прадстаўленая адным сьцiплым стэндам магiлёўскага швачнага аб'яднаньня МОГОТЭКС, якое даўно i з посьпехам абшывае Газпрам i расейскае войска. Больш Беларусь нiчым у "Будучыні Расеі" не адзначылася. У адрозьненьне ад сваiх суседак Латвii ды Ўкраiны, якiя занялi вялiзныя экспазыцыйныя плошчы, бо паверылi ў сур'ёзнасьць расейскай задумы.

Напрыканцы вечара ўсе чакалi губэрнатарскага прыёму. "Гэта п'янка пад Борыны тосты", — растлумачыў мне ўсё той жа тасаўскi гумарыст. Але ён памылiўся. П'янка была безь Нямцова. Той не вярнуўся з праводзiнаў прэм'ера.

Вялiзная Гербавая заля, дзе сталы ламiлiся "яствами" ад Сьмiрноффа, гаманiла пяцiстамi галасамi. Усё нагадвала здымкi масавай сцэны для фiльма пра канец Iмпэрыi — жываты новых буржуа, футры iхных дамаў, бародкi балбатлiвага чынавенства, шустрыя афiцыянты. Не хапала толькi бальшавiка, якi б стрэлам у столь прымусiў выслухаць ягоны тост. Але тое кiно, хочацца верыць, скончылася назаўсёды.

Падсiлкаваўшыся, я выйшаў на кiрмашовы пляц. У зорным небе давалi фэервэрк. Рознакаляровыя бутоны агнёў выклiкалi гучныя выбухi захапленьня ў паспалiтага люду за лiтаю агароджаю, па гэты бок якой некалькi "дам и господ", уладкаваўшыся ў фатэлях, млява пляскалi ў ладкi, як на нудным канцэрце. Я падаўся да народу. Мiлiцэйскi падпалкоўнiк пры парадзе з годнасьцю швэйцара расчынiў мне браму. Ля якой я нарэшце заўважыў тое, што прымусiла мяне пашкадаваць пра адсутнасьць фотаапарату. Памiж францускiм i латыскiм сьцягамi калыхалася чырвонае палотнiшча з вузенькай зялёнай пасачкай наверсе (!). Ля дрэўка акуратнымi ромбiкамi былi нашытыя белыя шнурочкi. Я з задавальненьнем дараваў расейцам iхную зыбыўлiвасьць на сымбалi савецкага пэрыяду. Па выхадзе ж, сярод сьцягоў аздабленьня самых неверагодных колераў ды iх спалучэньняў, заўважыў i вялiзны бел-чырвона-белы. Мройная Беларусь была ў шэрагах няiсных фантастычных краiнаў. Цiкава, цi хто-небудзь яшчэ акрамя мяне заўважыў яе тут?

Карацейшы шлях

Зьбiраючыся ў Расею, я, шчыра прызнацца, больш за ўсё баяўся таго моманту, калi трэба будзе разьвiтвацца. Ня толькi з роднымi цi зь любiмым горадам, а, як мне думалася, зь нечым большым, што дзясяткамi каленаў зьвязвае мяне з гэтай краiнай. Але нiяк не чакаў, што гэтага моманту ня будзе ўвогуле. Нават перад сабой няёмка стала, што ўжо на трэцi дзень пасьля усiх сардэчных вiзытаў ды наведаньняў сэнтымэнтальных месцаў будзе iдыёцкае адчуваньне санаторнага адпачыньнiка, якому няма куды падацца, што нават на кiрмашы, дзе трэба было б зьдзiўляцца iхнаму капiталiстычнаму поступу цi прынамсi радавацца за братоў, жаданьне хутчэй зьбегчы ў адваротны шлях апануе зь яшчэ большай моцай. Каб хоць неяк уцiхамiрыць беса здрады радзiме, я кiнуўся па цэрквах.

У чым расейцы дасягнулi вiдавочнага посьпеху, дык гэта ў адраджэньнi сваiх сьвятыняў. Ля былога плянэтарыя ўжо ня стрэнеш пралетарыя. Некалi закалочаныя i зарослыя павуцiньнем манастыры нанова абжываюцца манахамi, якiя невядома адкуль узялiся. Абышоўшы зь дзясятак храмаў, я ня стаў большым вернiкам, але ясна адчуў адрознасьць нашых цэркваў, пры ўсёй iх адзiнай падначаленасьцi аднаму патрыярхату. Расейскiм сьвятарам няма патрэбы хітраваць, даказваючы сваю прыхiльнасьць да нацыянальнага адраджэньня. I з каталiкамi ды пратэстантамi няма iм чаго дзялiць. Тут яны не канкурэнты, а хутчэй калегi. Можа таму i на тварах вернiкаў менш той апантанасьцi праваслаўнага атэiста, а больш унутранай засяроджанасьцi, якая робiць маладую кабету са сьвечкай падобнаю да бабулькi, што ўкленчыла перад змрочнай iконай. Тут добра адпяваць нябожчыкаў i малiцца, зьбiраючыся на вайну, таму мне, не пасьпею зайсьцi пад суворыя лiкi сьвятых, праз хвiлю хочацца бегчы на сьвежае паветра i сьвятло, а яшчэ лепш, вырвацца на шлях дадому.

Ёсьць у расейцаў прымаўка, што шлях дадому заўсёды карацейшы. Я напоўнiцу пераканаўся ў яе праўдзiвасьцi, зь нецярплiвасьцю пакiдаючы за сабой кiлямэтровыя слупы маскоўскай шашы.

У Багалюбаве зрабiў прыстанак, каб нарэшце ўбачыць на свае вочы самы гарманiчны храм Расеi — Пакрава на Нярлі. Можа, упершыню я перажагнаўся без тэатральшчыны, калi заўважыў ягоны адзiны купал бяз граму сусальнага золата на тле бярэзьнiку i неба. Неба, пад якiм любая малiтва ў радасьць. Тым больш на добры шлях.

У Суздалi, былой сталiцы свайго княства, я хацеў пабачыць казку, а трапiў у мёртвы горад-музэй, дзе ў паўсотнi храмаў няма каму малiцца, дзе перакошаныя крыжы на цыбулiнах нагадваюць кiнутыя дэкарацыi даўно адзьнятага кiна. Дзе i сярод белага дня мне стала няёмка за бразгатаньне свайго "Запарожца", якi парушыў музэйную цiшыню. Нават славутай суздальскай медавухi i тое не пакаштаваў. "А у нас "иностранцы", — з савецкiм гонарам, ня гледзячы на мяне, працадзiў рэстаранны швэйцар. Дык чаго тут яшчэ рабiць? Толькi i ехаць у "иную страну".