Выбрать главу

На маскоўскай кальцавой дарозе, сярод пылу ды скрыгату, на забiтых пад завязку ўсiх васьмi палосах я яшчэ раз упэўнiўся, што сталiцам больш пасуе да твару ноч. Яна ўсё ператварае ў жывую паштоўку — умела падсьвечаныя гатэлi, у якiх хочацца спынiцца, агнi рэстарацыяў, у якiя цягне пакуцiць, ды залiтыя рэклямай праспэкты, па якiх ня стомiсься шпацыраваць. Дзень прыраўноўвае сталiцу да правiнцыi, якую нiколi ня шкода пакiнуць, калi, натуральна, пашэнцiць цэлым i здаровым саскочыць з чортавага кола МКАД.

Калi ведаеш, што за Масквой, акрамя заштатнага гораду Рослаўля i паўмёртвых вёсак, нiчога цiкавага не чакае на працягу паўтысячы кiлямэтраў, жаданьне хутчэй iх праглынуць прымушае выцiскаць з "Запарожца" ўсё, на што ён здатны. (Хiба назвы рэчак, якiя больш нагадваюць лягерныя клiкухi, зьвяртаюць на сябе ўвагу: Шаня, Узверь, Пыря.) Я ня думаў, што на гэтай глухой трасе могуць сустракацца iнспэктары, а пры сустрэчы зь iмi яшчэ раз адчуў прысутнасьць Бога, паколькi расейскiх грошай, адкладзеных на бэнзын, хапiла толькi на штраф, а бэнзыну — роўна, каб дацягнуць да першай белкалёнкi.

Сумную карцiну ўяўляе зь сябе расейскi пост на мяжы. Вялiкая краiна пабудавала сабе вялiкi пераходны пункт з усiмi яго жалезабэтоннымi атрыбутамi, а маленькая "противная" суседка так i ня дала iм пакарыстацца i гуляе па памяшканьнях расейскай мытнi беларускi вецер i дым ад гарэлых тарфянiкаў. Цi то ад таго дыму, якiм завалакло дарогу, а хутчэй ад жаданьня пачуцца цывiлiзаваным грамадзянiнам, мне хацелася не парушаць правiлаў па праезьдзе мяжы нi на грам. З выкананьнем самых недарэчных абмежаваньняў. I хай я прадчуваю тое хамства, якое пальецца на мяне з заўтрашняга этэру, тут мне ўсё ж дыхаецца вальготней, нягледзячы на "дым отечества", якi зусiм не салодкi.

Магіла з тваім прозьвішчам

Нарэшце пiльны беларускi мытнiк скончыў свой нiкчэмны занятак i даў дазвол пакiнуць межы СНГ. Сябра-лiтовец, якi вёў аўта, з палёгкай уздыхнуў:

— Ведаеш, зь якога боку нi ўяжджаю ў Лiтву, адразу зьяўляецца пачуцьцё пэўнасьцi, спакою, роднага дому.

Я адрэагаваў iмгненна:

— Што, i калi пастоў тут не было, таксама родную зямельку сьлязьмi акрапляў?

Ён маўчаў, i я зразумеў, што ён "надзьмуўся". А я прыкусiў свой неўтаймоўны язык i пазайздосьцiў прыяцелю самай чорнаю зайздрасьцю: "Глядзi ты, летувiс! Родным домам яму, блiн, запахла. Не пасьпелi кардон пераехаць..."

Мiж тым, прыходзiлася прызнаць, што пачуцьцё Радзiмы цi сустрэчы з Радзiмай мне незнаёмае.

Ёсьць, ясная рэч, гарады, якiя мне заўсёды будуць сваiмi, а ў тых гарадох ёсьць дамы, дзе, я спадзяюся, заўсёды буду сваiм. Але тут было iншае.

Я ня памятаю за сабой сэнтымэнтаў пры наблiжэньнi да аршанскага вакзалу. Можа, не з таго боку ехаў? Ды не, ня ў тым справа. Я, чый адрас быў калi ня дом i ня вулiца, дык Савецкi Саюз дакладна, нiколi не задаваўся пытаньнем: што для мяне Радзiма?

Самы просты адказ — месца, дзе ты зьявiўся на сьвет. Напэўна, някепска нарадзiцца ў Вiльнi цi Наваградку, дзе сама глеба зь першых крокаў па ёй дае зразумець, што ты ня першы ступiў на яе, i прывучвае хадзiць асьцярожна, з разуменьнем, што — не апошнi. Мне, на жаль, тут не пашанцавала. Назва "Рыбiнск" гучыць для мяне не радней за "Урупiнск". Пазбавiў мяне лёс i першых упэўненых крокаў па сваёй зямлi i "заветной скамьи у ворот".

Можа, гэта народ? Вось толькi якi? Той, што ад Берасьця i да...? Той, што заўсёды мае рацыю й адзiнае, на што здольны — абраць сабе й мне прэзыдэнта ў надзеi, што той — верне!.. Што верне — невядома, але верне. Я шчыра спачуваю тым, каму ўсё цяжэй называць Петрадварэц i Байканур "нашей гордостью". Нiчога годнага ўзамен яны не знайшлi й сваю страту намагаюцца кампэнсаваць, хварэючы "за наш футбол". Хвароба цяжкая, але не заразная.

Нацыя таксама не мая Радзiма. Мяне цяжка вывесьцi з раўнавагi размовамi пра расейскае "дзiкунства", але й Гамсахурдзiя — ня мой чалавек.

А можа, мая Радзiма засталася ў днi, дакладней, часе нараджэньня. Зь якiм бы хваляваньнем я зьлётаў на тую Радзiму!.. Дзе яшчэ iснуе адкрыты й дабразычлiвы горад Масква, якi сьпявае Акуджаву й чакае "новага" Высоцкага, адкуль яшчэ не паехалi Галiч i Салжанiцын, i дзе, як у песьнi, "все еще живы".

Але адзiнае, што ў маiх сiлах — набыць сабе старую "Волгу" — сымбаль хрушчоўскага прагрэсу — i круцiць у салёне так любiмую тады францускую эстраду. Цi апынуцца ў адным з гарадоў дзяцiнства — у Варонежы, напрыклад, дзе бацькi пакiдалi мяне на лета, таму я не магу ўявiць яго засьнежаным i задубелым.