Выбрать главу

Была i яшчэ адна абставiна не без iнтрыгi, пра якую даведнiкi маўчалi. Памiж Балтыйскiм i Чорным морам ёсьць толькi адна кропка, адкуль яны абодва могуць быць патэнцыйна бачныя — гара Сьвятая.

I я яе ўбачыў. Праўда, ня так хутка, як думалася. Гара гуляла са мною ў хованкi. Нягледзячы на тое, што я быў узброены мапаю й дакладна даехаў да месца. Я стаяў пасярод панылага й бязьлюднага краявiду вёскi Скiрмунтава й мала што разумеў. Праваруч ад мяне быў калгасны ток, а леваруч — альбо разваленая, альбо недабудаваная МТС. Неўзабаве з машына-трактарнае станцыi паказалiся людзi — два пахмурныя калгасьнiкi. У якiх я й запытаўся аб славутасьцi iхнай мясьцiнкi. Пару хвiлiнаў калгасьнiкi дзiвiлiся: "Дык Вы аж з самога Менску прыехалi?" Нарэшце да iх дайшло, навошта мяне занесла сюды "аж з самога Менску". "А, дык Вам гара тая трэба? Ды вунь яна, за плотам", — махнулi ў бок МТС калгасьнiкi ды пашыбавалi па сваiх калгасных справах.

Перабраўшыся цераз плот, я ўбачыў даволi алегарычную карцiну. Пасярод двара, заваленага праржавелымi трактарнымi карданамi ды згнiлымi шынамi камбайнаў, узвышаўся пагорачак зь пясочку вышынёй з чалавечы рост. На пагорачак быў зацягнуты гранiтны камень, надпiс на якiм абвяшчаў, што гэта й ёсьць "Гара Дзяржынская. Найвышэйшая кропка Беларусi". Гэткая "магiла невядомага калгасьнiка", палеглага ў бiтве за ўраджай. Я залез на вяршыню, стаў на камень, азiрнуўся навокал... I ўсё зразумеў. Надпiс на каменi хлусiў толькi часткова. Пада мною сапраўды была гара Дзяржынская. Толькi лiчба хлусiла. Гару Дзяржынскую насыпалi пад свой рост i маштаб тыя, хто не знайшоў, ды нiколi й не шукаў гары Сьвятой. Якая нарэшце адкрылася. Цiкава, я ледзь не гадзiну калясiў па яе спакойных схiлах. Яе паўночны, балтыйскi бок быў накрыты шчыльным непраглядным лесам. Затое з паўднёвага, чарнаморскага, мне адкрываўся можа самы бясконцы далягляд з бачаных мною ў жыцьцi. Чым не беларускi цэнтар сусьвету? Месца для храма цi статуi Збавiцеля... Прастаяўшы над беларускiм бяздоньнем колькi хвiлiн, я лёгка саскочыў зь пясочнай дзяржынскай гары на беларускую зямлю. Наўрадцi я буду стаяць на ёй больш цьвёрда пасьля гэтага паломнiцтва. Але, зрэшты, хто ведае. Калi верыць старым назвам. Цiкава яшчэ тое, што, вяртаючыся ў сталiцу, я так i не заўважыў, дзе тая гара сканчаецца.

Драўляны беларускi ровар

Вельмi люблю езьдзiць са сваiмi канцэртамi ў беларускую правiнцыю. Заўсёды прыемна апынуцца там, дзе цябе любяць i чакаюць. Дзе табе гарантаваныя толькi прыязныя ўсьмешкi, шмат выпiўкi i ўтульны начлег. Дзе можна, так бы мовiць, «вкусить плода» сваёй сталiчнасьцi. Каб пасьля, па вяртаньнi ў сталiцу, лiшнi раз пераканацца, што застануцца ўсьмешкi, размовы, нейкiя цiкавосткi. Не застанецца толькi маёй «сталiчнасьцi».

Ня ведаю, як праводзяць кiяўлянаў у якi-небудзь Чарнiгаў, цi масквiчоў у Волагду, а менчукi мяне праводзiлi ноткамi лёгкай, ненаiгранай зайздрасьцi ў голасе: «Ты едзеш у Пiнск?!» Скажы я, што еду ў Варшаву цi Маскву, такога пiэтэту б не было. Побач зь Пiнскам, як нагода для зайздрасьцi, мог стаць бадай толькi Парыж. Але гэта мог быць i Жлобiн, i Лепель. Так аддана любяць жыхары беларускай сталiцы сваю правiнцыю, з ноткамi эмiгранцкай настальгii. Цi таму, што самi не адчуваюць сябе дастаткова ўпэўнена ў першым пакаленьнi менчукоў, цi таму, што адчуваюць несапраўднасьць гэтага падзелу. Сталiца — гэта там, дзе ГУМ, БТ i Вялiкi тэатар, а правiнцыя... Як я зразумеў, гэта там, дзе ты можаш набыць неабходную рэч.

За некалькi дзён да запрашэньня прыехаць пасьпяваць у сталiцу Палесься ў мяне сапсавалася электрабрытва. I ў дзень ад'езду я бегаў па ГУМах i ЦУМах у марных пошуках знайсьцi свой улюбёны танны «Харкiв». Але мая густая тыднёвая шчэць ня стала перашкодаю для той хвалi любовi, што абрынулася на мяне, як толькi я сышоў на пiнскi пэрон.

Пасьля менскага дажджу са сьнегам наколькi дзiўна ўбачыць ранiцою зялёную траву. Стары Францiшканскi кляштар, несавецкiя будынкi старасьвецкiх вулiцаў i прыгожая узьбярэжная ракi Пiны пададуцца адно толькi вельмi дарэчным тлом для першай сёлетняй зелянiны. I якiм жа далёкiм раптам здасца Менск. З гэтай сталiцы Заходняга Палесься, усходнеэўрапейскага матаболу й ненароджанага «Каралеўства Етвызь». Дарэчы, нi ў водным горадзе Беларусi расейская мова не гучала для мяне больш недарэчна, чымся ў Пiнску. Можа быць, самым несавецкiм горадзе РБ. Гэтым разам, напрыклад, я даведаўся, што тут няма цэнтральнага ўнiвэрмагу. Абавязковага шэрага паралелепiпэду з шыльдай «Универмаг «Пинск». Замест яго ёсьць безьлiч невялiкiх крамак, у адной зь якiх я без праблемаў купiў сваю брытву.