Сканчалася нашая гастроль у Бярозе. Гарадку, чыя адзіная адметнасьць — кляштар картэзіянаў — паволі расьцягваецца суседзямі-дачнікамі "на цэглу". "Якія ў нас людцы. Руплівыя, гаспадарлівыя, — зазначыў Арлоў, — нічога ў іх не прападзе". У астатнім Бяроза такая ж "нармальная", "чалавечаская", і "памятнік Леніну есьць". Нягледзячы на кепскае надвор'е, на сустрэчу ў школе сабралася даволі шмат дзяцей. Дзяцей разумных, беларускамоўных, цікаўных. Як нам патлумачылі настаўнікі, на сустрэчы ў асноўным тыя, хто пайшоў калісьці ў беларускамоўныя клясы, якіх у Бярозе ўжо не набіраюць.
Начавалі ў бярозаўскім гатэлі — двухпавярховым помніку архітэктуры сярэдзіны мінулага стагодзьдзя. Мэбля, фіранкі й адзіны туалет з умывальнікам. Цётка-ключніца паведаміла, што нумароў на аднаго чалавека тут ніколі не было, але затое цёпла. "Усе нумары для закаханых", — падсумаваў я. Адсутнасьць тэлевізара ў такім антуражы не бянтэжыць. Наадварот, ён толькі б замінаў пранікацца атмасфэраю прамінулых сталінскіх часін. Па вячэру выбраліся ў рэстарацыю, дзе, зразумела, не было вольных столікаў. Нашы людзі могуць ня толькі гераічна працаваць, але ня менш гераічна адпачываць. Прычым невядома, што ў іх лепш атрымліваецца. Як толькі ўбачу чырванатварых потных тоўстых нашых цётак у іхным рытуальным рэстаранным танцы, дык адразу цягне мяне пагаварыць пра спадчыну ВКЛ, спрадвечную беларускую эўрапейскасьць ды фантастычную нашую будучыню. Цывілізацыю ў Бярозе рэпрэзэнтуе начная крама, дзе мы купілі віна й чэбурэкаў. І падчас выпрабаваньня сваіх страўнікаў гэтымі экстрэмальнымі чэбурэкамі, разагрэтымі на гатэльнай батарэі, я казаў Уладзімеру: "Уяві, пройдзе яшчэ гадоў сто. І ў гэтым самым нумары, дзе, можа быць, зьявіцца тэлевізар, будуць сядзець два рупліўцы роднай мовы, што прыехалі са сталіцы на творчую сустрэчу зь дзеткамі. І будуць марыць пра яшчэ лепшую Беларусь". — "Павінен зазначыць, — адгукнуўся Арлоў, — што гэта вельмі аптымістычная карцінка. Прынамсі, праз сто гадоў нас будзе каму разумець".
І нарэшце, самае прыкрае. У Сьветлагорску мы павінны былі выступаць у залі гарадзкога ДК, але ў апошні момант атрымалі адмову. Арганізацыю сустрэчы ўзяў на сябе Сьветлагорскі гуманітарны ліцэй. І гэта дало мясцовым уладам зачэпку, каб зачыніць яго. Застанецца на новы тэрмін Лукашэнка, не прападзе й апазыцыя, а вось што будзе са Сьветлагорскім ліцэем? І што лепш? Калі б мы ўсё ж выступілі ў тым ліцэі? Ці захаваны ліцэй, у якім нам нельга выступаць?
Вядома ж, немагчыма распавесьці пра ўсе ўражаньні ад трох тысячаў кілямэтраў па Беларусі. Пра Ветку, дзе ў музэі старавераў пасьля рамонту чамусьці прыбралі шыкоўныя парэнчы. Пра рэчыцкага беларуса грузінскага паходжаньня Зураба й ягоныя неверагодныя тосты...
Вынікам вандровак сталася ўпэўненасьць, што Беларусь мае цудоўныя пэрспэктывы. Неістотна, што тут многае трэба пачынаць з нуля. Галоўнае, што ёсьць з кім.
«Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен...»
Упершыню я пачуў гэтую песьню ў летняй мітусьлівай Маскве, на Трыюмфальнай плошчы, колішняй Маякоўскага. Я вяртаўся дадому з войска. Яшчэ не ў Беларусь вяртаўся, а толькі ў Гомель. І ў чаканьні цягніка цэлы дзень бадзяўся па расейскай сталіцы — бяз справы й пэўнай мэты, абы куды ісьці. І тут сярод тлуму й сквару Садовага кольца, зь нечага прыпаркаванага аўто зайгралі «Песьняры». Музыка настолькі кантраставала з шалёным рытмам гораду, што я міжволі спыніўся. Стаяў, курыў і слухаў да канца песьню пра няспраўджанае каханьне да нейкай смуглявай Алесі. Штосьці ў маім разьняволеным дэмбэльскім настроі на міг зьмянілася. Гэта ня быў гонар за Беларусь ці яшчэ якое патрыятычнае пачуцьцё. Я ехаў дадому і беларускую песьню на сваім шляху прыняў хіба што як добры знак. Яе шчымлівая мэлёдыя яшчэ доўга не выходзіла з галавы.