Выбрать главу

Мы ўтрох шпацыравалi па веснавым Гомелi. Расквiталi каштаны й сьпявалi вераб'i. Адзiн з нас прапанаваў згуляць у лятарэю «Спрынт» ды падзялiць выйгрыш на трох. Пагадзiлiся ўсе, але грошы, як заўжды, былi толькi ў яго. Купiлi тры бiлеты. Мой i таго, хто прапанаваў гульню, былi пустымi. Ягоны быў з «Жыгулямі». Памятаю, ягоная рэакцыя не вылучалася эмацыйнасьцю. Бiлет з васьмю тысячамi рублёў быў пакладзены ў кiшэню з той нядбайнасьцю, быццам гэта быў квiток у гомельскi цырк. Мы з тым, што прапанаваў гульню, хвiлiны тры глядзелi на прыяцеля, з кожным новым iмгненьнем усё больш адчуваючы тую прорву, што расла памiж намi. Мы з тым, хто ўсё гэта заварыў, так i засталiся саплiвымi старшаклясьнiкамi з грывеньнiкам на марожанае. А перад намi быў гаспадар новенькага аўто, цi чамаданчыка, поўнага чырвонцаў, — гэта ўжо вырашаць было яму. Як бы нам, няўдачнiкам, лёгка дыхалася, калi б ня гэтая дурацкая дамова падзялiць усё па-сяброўску...

Хвiлiну маўчаньня перабiў наш наваяўлены мiлiянэр. Адным дарэчным словам, якое мяне працягвае заварожваць да сёньня. Ён сказаў: «Гуляем».

Стаяла вясна 84-га году. Апошняга разгульнага году вялiкае п'яное краiны. Якая на цьвярозую галаву проста ня здолела iснаваць. А тады! Тады любы падлетак мог узяць сабе на Дзень пiянэра цi бутэльку «Белага» за 95 капеек, цi нават «Агдаму» за рубшэсьдзесят. Яшчэ нiхто ня ведаў сапраўднага сэнсу слова «траўка». Нам хапала той, што расла на маляўнiчых сожскiх адкосах. I кайфу таксама хапала. Самы багаты выбар быў у вiна-гарэлачных крамах. Асабiста я вельмi любiў разглядаць тыя вiтрыны, марачы аб часе, калi нарэшце змагу ўсё гэта пакаштаваць. I тут такая падзея.

Смутна згадваецца геаграфiя таго першага сур'ёзнага алкагольнага падарожжа. Пачалi, здаецца, з кубiнскага рому, а пасьля праз «Карабах» выйшлi на чэскi лiкёр i скончылi свой цудоўны вечар роднай «Белай вежаю». Усё гэта пiлося адразу на вулiцах, дзе нас нiхто й ня думаў затрымлiваць. Помнiцца, як мы заляцалiся да ўдвая старэйшых за нас кабет, як я чцiў памяць герояў, палеглых за маё сёньняшняе шчасьце, укленчыўшы перад вечным агнём, як пасьля хацеў заснуць вечным сном пад сеньню дрэваў румянцаўскага парку. Алкаголь весялiў i загаворваў тую малюсенькую крыўдачку-язвачку — «Ну чаму пашанцавала гэтаму гаўнюку?» За што я й палюбiў на ўсё жыцьцё гэтую радасную справу. Пра бiлет у той вечар не было сказана нi слова. Здаецца, ён нешта казаў пра Амэрыку.

Наш удачлiвы сябра нечакана зьнiк з нашага далягляду. А мы яго й не шукалi. Толькi недзе праз год у абласной газэце пра яго зьявiўся дурацкi артыкул пад назваю «Колькi вяровачцы ні вiцца». Як высьветлiлася, словы пра Амэрыку былi сказаныя ў свой час нездарма. За няпоўны год наш, як нам здавалася, недалёкi прыяцель свае восем тысяч ператварыў у дваццаць. Пры гэтым маючы справу выключна зь дзяржаваю. На чым i пагарэў. Ён лётаў у горад Львоў, дзе ў тамтэйшых камiсiёнках закупляў электронныя гадзiньнiкi, што ўваходзiлi тады ў моду. Пасьля чаго здаваў iх у камiсiёнкi гомельскiя. I ўсё. Але на самым узьлёце ягонага гешэфту ў краiне пачалася барацьба са спэкуляцыяй. Яму далi тры гады «хiмii» з канфiскацыяй маёмасьцi.

Я зайшоў у тую краму, зь якой 15 гадоў таму пачалася гэтая гiсторыя. Узяў нейкую пладова-ядавiтую дрэнь ды некалькiмi глыткамi памянуў таго, каму ўжо ня трэба было зайздросьцiць. Як жа ён урэшце прайграў, ня выканаўшы той, на першы погляд, несур'ёзнае дамовы. Адзiн з герояў гэтае гiсторыi, той, якi яе й заварыў, жыве цяпер у Амэрыцы. Другi пiша песенькi на той мове, якую ўжывую ўпершыню пачуў менавiта ад трэцяга ўдзельнiка. Якога ўжо няма на гэтым сьвеце. Чыё цела назаўсёды завалена чужою, халоднай зямлёй. Цi не абакралi мы нашага таварыша? Незаўважна для яго прысвоiўшы сабе ягоную мару ды ягоную мову? Цi, можа, уся справа ў фартуне, якая ўсьмiхаецца толькi аднойчы й давярацца той усьмешцы небясьпечна для жыцьця.

Сiняя царква

У дзяцiнстве многiя хлопцы партовага гораду Гомеля марылi выключна пра марскую кар'еру. Ня быў выняткам i я. Гэтаму спрыяла ня толькi прыгожая рака, але й наяўнасьць у горадзе над Сожам Клюбу юных маракоў i рачнiкоў, дзе зiмою мы вучылiся вязаць вузлы й махаць сьцяжкамi, увесну налягалi на цяжкiя вёслы ялаў ды красавалiся адпрасаванымi гюйсамi ў Румянцаўскiм парку, а ўлетку выпраўлялiся ў падарожжы на клюбных цеплаходах. Ва ўсiх курсантаў была запаветная мара — патрапiць на «Тайфун», якi спускаўся па Дняпры аж да самага Херсону. Але з далёкай выцечкай мне так i не пашанцавала, бо разьмеркавалi на ўбогi цiхаходны «Цiмур», канцавою мэтай якога быў нiкому невядомы Чарнобыль. Як жа мяне тады зьядала крыўда! I на клюб, i на тых шчасьлiўцаў, што ўбачаць начныя агнi Кiева й Днепрагэсу. Пакуль я на развалюсе «Цiмуры» буду гiбець у нейкiм там Чарнобылi.