Але калi табе дванаццаць i постацi бацькоў паволi аддаляюцца, каб зьнiкнуць за лукавiнаю ракi, тады любая прыстань наперадзе здаецца Кейптаўнам. Сьпяваючы пiянэрска-пiрацкiя песьнi, драючы палубу, стоячы на вахтах, мы ўвесь час марылi толькi пра Чарнобыль. Дзе абавязкова павiнна быць ня так, як паўсюль. Дзе мы нарэшце кiнем якар i, як сапраўдныя марскiя ваўкі, ленаватаю хадою сыйдзем у незнаёмы, амаль замежны, горад. Каб замалявацца загарам перад дзяўчынкамi, растрацiць шчодра дадзеныя бацькамi на цукеркi рублi альбо пабiцца з чарнобыльцамi.
Сваёй мэты мы дасягнулi на пяты дзень паходу. Соннае ды ўтульнае мястэчка сустрэла нас сiняй царквою на беразе, усьмешкамi месьцiчаў ды неверагодным для нас дзiвам — абрыкосавымi дрэвамi, што расьлi ўздоўж вулiц, як у нас таполi. Пакуль нашыя капiтаны п'янствавалi ў мясцовым кабаку, мы бадзялiся па мястэчку, аб'ядаючыся тымi абрыкосамi і, згодна з указаньнем старэйшых, бокам абыходзілі царкву. Але раптам нас аклiкнуў поп. Мы крыху спалохана падышлi да яго. У апранутага ў рызу мажнога барадатага чалавека аказалiся вясёлыя, жывыя вочы. Распытаўшы, адкуль такiя марачкi, ды пажадаўшы шчасьлiвага плаваньня, ён кожнага перахрысьцiў. Самы нахабны з нас гучна запытаў: «А праўда, што Бога няма?» Але адказу папа я не магу згадаць i да сёньня. Памятаю толькi, як сьвятар праводзiў нас поглядам i як мы пасьля накiнулiся на нахабнiка з асуджэньнем. «Падумаеш, што Бога няма, чалавека ж нельга крыўдзiць». Так у Чарнобылi я быў упершыню ў жыцьцi перахрышчаны сьвятаром, але нiякай увагi таму факту тады не надаў. Неўзабаве мы аддалi канцы й скiравалi на горад Прыпяць. Але сучасны горад нiчым не зьдзiвiў. На зваротным шляху мне выпала вахта. Зноў праплываючы Чарнобыль, сiнюю царкву я сустрэў як нешта вельмi блiзкае i глядзеў на яе, пакуль званiца канчаткова ня зьнiкла з вачэй.
Празь пяць гадоў пасьля той вандроўкi пра невялiкае мястэчка Чарнобыль даведаецца ўвесь сьвет. Для сьвету гэтае слова стане сынонiмам апакалiпсiсу. Для мяне ж яно назаўжды будзе асацыявацца з той бязьмежнай свабодай, якую адчувае птушаня, упершыню пакiдаючы бацькоўскае гняздо. З чаканьнем нечага невядомага, але абавязкова толькi добрага. I зь сiняй царквою, дзе я быў хрышчаны ня згодна з абрадам, а на шчасьлiвы шлях.
Пахне вясна
Нiяк не магу забыцца на сваю першую сустрэчу зь беларускiм нацыянальным сьцягам. Гэта было ў верасьнi 91-га. Шпацыруючы зь сяброўкаю ў Румянцаўскiм парку, мы, набыўшы па пляшцы «Рэчыцкага» пiва, выйшлi на ўзьбярэжную. Яшчэ цёплае восеньскае сонца паволi асядала на супрацьлеглы, амаль некрануты цывiлiзацыяй, бераг Сожа. Дрэвы ў золаце, на небе нi аблачынкi, вада ў рацэ гладкая, бы ў сподку. Адным словам, куды нi зiрнi — паўсюль гатовы здымак для каляровага турысцкага праспэкту. Я толькi пачынаў захворваць на беларушчыну, таму ўзьнёсла й безупынна дзялiўся зь сяброўкаю радасьцю сваiх уцёкаў ад Расеi-мацi, i плянамi будаўнiцтва новай дзяржавы. Але тая не падзяляла майго настрою. «Ты не ўяўляеш, — казала яна, — як я не хачу, каб Беларусь была асобнай дзяржаваю». Я глядзеў на гэтую беларуску, як на закончаную дурнiцу. А яна тым часам працягвала: «Што для цябе, чужынца, гэтая зямля? Палiгон для ўвасабленьня ўласных амбiцыяў. Памроiў ды зьехаў. А я не хачу жыць ва ўбогай краiне».
Раптам, з-за павароту на рацэ, нiбы фантом, зьявiўся цеплаход. На карме трапятаўся невялiчкi бел-чырвона-белы сьцяжок. Капiтан, напэўна, быў нацыяналiстам. Тады яшчэ над былымi райкамамi вiселi палотнiшчы БССР. На тле вады й восеньскага лесу нашыя колеры глядзелiся асаблiва ўрачыста. Нацыяналiстычнае судна немiтусьлiва й спакойна, як маўклiвы неабвержны аргумэнт, наблiжалася да нас. Мы абое моўчкi назiралi ягоны шлях. «Што, прыгожа?» — запытаўся я. «Так. Сапраўды прыгожа». «А ты кажаш: «убогая». Ня пройдзе й пяцi гадоў, i мы не пазнаем яе. Закопчаны сухагруз стане шыкоўным прагулачным ляйнэрам, на якiм ты будзеш прагульваць свае шматлiкiя талеры. «Ну а ты, вядома, будзеш капiтанам. Ня менш». «Я згодны й на пасаду кандуктара».
Празь пяць гадоў краiну было й сапраўды не пазнаць. Тая ж, каму я абяцаў прагулянку на ляйнэры, не дачакаўшыся, зьехала ў зусiм няўбогую краiну пад назвай USA. I дзякуй Богу, што зьехала. Не люблю прайграваць спрэчкi жанчынам.
Ня так даўно, шпацыруючы на адзiноце па тым самым паркавым маршруце, я затрымаўся пакурыць на пешаходным мосьце праз Сож. Нягледзячы на веснавы дзень, мне было сумна. I раптам убачыў на вадзе, здаецца, тое ж самае судна. Нiбы карабель-прывiд, яно ўсё так жа нясьпешна i ўпэўнена, як i сем гадоў таму, кiравала на поўдзень. На карме, я не паверыў вачам, скрозь смугу ўгадвалiся нязьменныя колеры сьцяжка. Што за насланьнё? Толькi праз хвiлiну да мяне дайшло, адкуль такая адчайная матроская беларускасьць. Судны Беларускага рачнога параходзтва заўжды хадзiлi пад бел-чырвона-белымi кармавымi гюйсамi! Дзiўна, але разгадка мяне зусiм не расчаравала. Карабель даўно зьнiк з вачэй, а я ўсё стаяў, палiў цыгарэты адну за адной, i проста зараджаўся ўпэўненасьцю, што спрэчка не прайграная. I якога разу злавiў сябе на думцы, што менавiта ў гэтай краiне, як нiдзе, добра дыхаецца вясною.