Выбрать главу

Гомель бязь Ленiна

Наш горад застаўся бяз помнiкаў правадыру. На галоўнай плошчы яго iмя ўжо няма ягонай шэрай масыўнай постацi, што служыла каму аб'ектам для паднясеньня ландышаў, каму указальнiкам уваходу ў абласны тэатар. Калi замест яе я, нарэшце, заўважыў двухмэтровы бэтонны абгрызак, дык адчуў не наiўную радасьць, маўляў, — даўно пара. I не фiлязофскае шкадаваньне па яшчэ адной перагорнутай iлюстрацыi жыцьця. А зьдзiўленьне адсутнасьцю ўсялякай рэакцыi ў горадзе на гэтае зьнiкненьне. Хай сабе й часовае (а дакладней, своечасовае — не пасьпеў нiкога прыцiснуць). Хай яго перавараць, перакляпаюць ды заўтра назад паставяць. Але сёньня ж яго няма. Як няма заклапочаных хадою рэстаўрацыi вэтэранаў зь лiстамi ў "Гомельскай праўдзе". Цi прыколаў на тэму камандора ў газэце "Джэм". Адно мамы тлумачаць сваiм цiкаўным стварэньням што "дзедушка Ленiн пайшоў пагуляць".

Памятаю, колькi было шуму, калi пагуляць пайшоў першы Лукiч, якi правадырыў каля ўнiвэрсытэту. Пайшла, дакладней, толькi верхняя частка. Штаны на пастамэнце стаялi яшчэ з тыдзень. Але й iх прыйшлося прыбраць разам зь нераскрытаю справай пра акт вандалiзму.

Больш моцным арэшкам для мясцовых антыленiнцаў аказаўся другi помнiк, што цiхенька стаяў на нiкому, акрамя яе жыхароў, незаўважнай вулiцы Астроўскага. Калi жыхары аднойчы прачнулiся, дык убачылi сапраўды жудаснае вiдовiшча. На пастамэнце стаяў бязрукi манэкен. Вiдаць, адолеўшы толькi адну руку, былыя пiянэры ўвайшлi ў такi раж, што не ўстрымалiся, каб не замардаваць колiшняга духоўнага настаўнiка. Не магу без усьмешкi ўявiць, як адбывалася начная дзея. Зь якiм энтузiязмам, потам i ўрэшце сьвiрэпым бясьсiльлем перад першымi пеўнямi. Але мэта начнога суботнiка была дасягнута — уладзе нiчога не засталося, як прыбраць прывiда. Гэты выпадак амаль ня выклiкаў нi абурэньня, нi захапленьня, стаўшы нiбы рэпэтыцыяй сёньняшняга зацiшша. Ды i чаго шумець? Хiба ён можа не вярнуцца?

Пакiдайце ж акцэнт ваш

Адзiн мой знаёмы паэт вельмi радуецца нязводнаму беларускаму акцэнту. Нават прыдумаў гэтаму «ўбоству» навуковую назву — «фанэтычная трываласьць». На ягоную думку беларускае «дзеканьне» ды «шчэканьне» сьведчаць пра жывучасьць нашае генэтычнае прыроды.

Едучы аднаго разу цягнiком у Гомель, я зь нязьведаным датуль нецярпеньнем чакаў канца падарожжа. Маiмi суседзямi ў вагоне былi нiжэйшыя чыны амону. Усяго чалавек 10, але ўражаньне ўзьнiкала, быццам акупавалi яны ўвесь вагон. Менавiта акупавалi, бо адрозьнiвалi iх ад астатнiх пасажыраў ня толькi блакiтны камуфляж, неардынарны рост, павышаныя дэцыбэлы i празьмерная насычанасьць гаворкi расейскiм матам, але, перш за ўсё, выразны беларускi акцэнт. Якi выдаваў у мушкецёрах прэзыдэнта гадаванцаў правiнцыi. Такая нязвыклая канцэнтрацыя «блакiтных мундзiраў» на абмежаванай прасторы яўна прыгнечвала «адданы ім народ». Размовы сьцiшылiся, позiркi схавалiся за газэтнымi бачынамi, а па вагоне разносiлiся немiлагучныя рэплiкi амонаўскай разборкi на тэму «хто ў нашым узводзе стукач», што ўрэшце скончылася невялiчкай бойкай у тамбуры. Сярод цывiльнай публiкi ахвочых выйсьцi на перакур рэзка паменела.

Усё гэта нагадвала кепскае савецкае кiно пра фашыстаў, дзе немцы маглi несьцi любую лухту, але з абавязковым акцэнтам. «Матка, яйка, партызанэн». Я таксама прыкусiў свой беларускi язык, закрыўшыся выйгрышным вобразам «белага разьведчыка». Нарэшце ў Бабруйску ў вагон падсеў яшчэ адзiн пасажыр, саракагадовы прыгожы абхазец, якi, мне здаецца, успрыняў беларускiх гасконцаў за традыцыйных нашых «бедных салдацiкаў». Ад радасьцi вяртаньня на радзiму, цi, можа, ад шчырасьцi каўкаскае душы, абхазец вырашыў напаiць «лiц славянскай нацыянальнасьцi». На фоне ягоных расповедаў пра вайну, пра горскiя звычаi й нават пра абхаскую лiтаратуру мае плямiстыя землякi са сваiмi пытаньнямi пра каўкаскiх «жэншчын» выглядалi поўнымi дзiкунамi. Нiводнага мату не сарвалася зь языка сапраўднага ваякi, а ў некаторых момантах вылаяцца яму ўсё ж хацелася. Але ён мог дазволiць сабе глядзець на сабраную за сваiм шчодрым сталом зграю трохi звысоку, нягледзячы на свой невялiчкi расток. Беларускi ж акцэнт стаў яшчэ больш невыносны ў спалучэньнi з акцэнтам каўкаскiм. «Чаму так?» — думаў я. Ня ў словах жа справа. Але як важка гучаць вымаўленыя каўказцам словы — вайна, брат, кров, пасьля «стукача», «жэншчын», «трахнуць». Нарэшце байцы нябачнае вайны вывалiлiся ў Жлобiне, чым вельмi ўсьцешылi ўсiх, асаблiва праваднiцу, якая ўвесь час была заклапочаная — якую яшчэ мiлiцыю клiкаць, калi б тая разборка ў тамбуры прыняла больш сур'ёзныя памеры. «Адкуль яны набiраюць такiх кiбаргаў?» — асьцярожна запытаўся ў мяне мой маўклiвы сусед.