Я набыў сабе пiва ды прысеў у сквэры каля пляца Перамогi, каб пагуляць з самiм сабою ў гульню — уявiць, што нумар "Копейки" сьвежы, i вырашыць адвечнае пытаньне гультая: "Куды падзець сябе?"
Я разгубiўся, не пазнаўшы свой горад, якi паўстаў раптам такi незнаёмы i такi жывы. Зь цяжкасьцю здагадваючыся, дзе ж усё гэта магло разьмяшчацца, я пагрузiўся у чытаньне стракатай гарадзкой афiшы.
У Максiмаўскiм парку ў кiнатэатры даюць "захватывающую жизненную драму "На костре страсти", а "сверх программы: гастроли фантастическаго балета Елены Чекетти и повсемъстн. любимца русско-еврейск. юмориста г. Подлубнаго". А можа, накiравацца ў тэатар на сквэры, дзе "малороссы" граюць апэрэтку "Страшна росплата"? А можа, адразу — у рэстарацыю "Савой", дзе грае iтальянскi струнны канцэртны аркестар пад кiраўнiцтвам Леонi Палiнi пры ўдзеле iнтэрнацыянальных сьпявачак i дуэтыстак M-lle Алдроўндзi й M-lle Дружынiнай, i дзе маецца бiльярд, а сьвежая правiзiя атрымлiваеца са сталiчных гарадоў? А яшчэ ёсьць тэатар "Рэнэсанс" з трупай лiлiпутаў "БI-БА-БО", а яшчэ тэатар-кабарэ "МУЛЕН-РУЖ", а яшчэ Iнтымны тэатар. I куды нi пойдзеш — усё "грандиозно", i каго нi пабачыш — усе "повсеместно известны". Заштатны, павятовы гарадок жыве "на ўсю катушку". I быццам няма вайны, пераможныя весткi зь якой запоўнiлi другую паласу газэты. Яны настолькi пазнавальныя, што гульня губляе забаўляльнасьць. Каўкаскi фронт адноўлены, i ўжо патыхае Заходнiм. "Вчера утромъ съвернъе Барановичей летчики подпоручикъ Квасковъ и унтеръ офицеръ погибли смертью героевъ". Чамусьцi не знайшлося месца для iмя героя нiжэйшага рангам...
На трэцяй паласе — зусiм "цёпла". Барацьба за "трезвость", разгляд гарадзкой управай пытаньня аб увядзеньнi карткавай сыстэмы "на предметы питанiя", скаргi на бруднае паветра жыхароў Кагальнага рову i рабаўнiцтва на суму 400 рублёў з кватэры нейкага Гейлiкмана. На паўпаласы — надта праблемны артыкул заклапочанага рэдактара-выдаўца Мiляева аб недастатковым "насаждении культуры" ў павеце. "А въдь кому-кому, а деревнъ, особенно бълорусской, необходимо прiйти на помощь въ этомъ отношенiи"...
Гульня раптам згубiла сэнс. Стала нецiкава. Не таму, што мне ня хочацца ў несапраўдны "МУЛЕН-РУЖ". Вельмi хочацца. Але ж я ведаю, што будзе ў наступных нумарах. I ня важна, заўважаць цi не гомельцы 7-га студзеня 1919 году ў газэце "ПОЛЪСЬЕ" сярод "баляў-маскарадаў" i "электрических ёлок" невялiчкую абвестачку пра тое, што ўлада ў горадзе пераходзiць да Рэўкому. Пасьля чаго падпiсчыкi ўжо нiколi не дачакаюцца сьвежай "капеечкi". А Гомелю надоўга расхочацца быць падобным да Парыжа...
"Гомельскую копъйку" адрадзiць ня ўдасца. У адрозьненьне ад "Нашай Нiвы". Новы горад так i "не обкультурил" новых сваiх насельнiкаў. I не пакiнуў iм нават намёку на тое месца, дзе некалi быў Максiмаўскi парк i "Савой". Але ж яно, месца, занадта шыкоўнае, каб быць надоўга пакiнутым у сёньняшнiм мёртвым спакоi.
Нота "ме"
У кожнага гораду, мне так здаецца, ёсьць свая каронная пара, свой матыў. Я маю на ўвазе месяц, час сутак i нават стан неба, пры якiх горад найбольш дакладна альбо выйгрышна паўстае перад тымi, хто жадае калi ня жыць i памерцi тут, дык прынамсi пакiнуць горад у сваёй памяцi. У маёй асабiстай калекцыi застануцца загульны студзеньскi вечар Масквы, прывiдная шарая гадзiна верасьнёўскае Вiльнi, няўтульная кастрычнiцкая ноч Петраграда ды п'янкi захад кастрычнiцкага сонца ў Адэсе. I мне здаецца, я дакладна падгадаў свае зьяўленьнi ў дадзеных месцах i часе, каб ужо нiколi не вяртацца ў тыя гарады. А калi й вяртацца, дык усё ў тыя ж дакладныя часы. Вызначаныя ня мной, а ўсё тымi паэтамi сваiх кварталаў, каб i я адчуў сябе масквiчом, пiцерцам цi адэсiтам. Чые радкi й мэлёдыi ўжо даўно намалявалi майму ўяўленьню i «Москву златоглавую, звон колоколов», i «закутанный в дожди и холод фасад Петровского дворца», i «фонари, что за Пересыпью светятся», i, вядома, «паветра, напоенае цiхiм гусьцеючым мрокам».
Ужо якi месяц я жыву ў горадзе Менску. Але назваць сябе менчуком мне не паварочваецца язык. Называцца ж мiнчанiнам не паварочваецца нутро. Я не без хваляваньня толькi зараз пачынаю ўваходзiць у горад, якi нанова, каторы ўжо раз засяляецца менчукамi — пэрсанажамi новае беларускае лiтаратуры — Глёбуса, Дынько, Севярынца. Жывымi жыхарамi сваёй сталiцы, не абавязкова героямi вулiчных баталiяў, але цалкам пазбаўленымі якiх бы там нi было прыкметаў савецкасьцi. Iхная прысутнасьць ня толькi на старонках новае лiтаратуры, але ў рэальным жыцьцi ўсё больш заўважная. Пра што i на якой мове яны б нi гаварылi, я ведаю што слова «мiнск» у iхных размовах не прамiльгне. I справа тут ня ў выбары на карысьць моднай лiтары, а ў выбары свайго места й ладу жыцьця. Не жывецца iм у Мiнску, i я разумею чаму.