Горад Мiнск усё болей становiцца прыдуманым i несапраўдным. Вялiзным але ня надта цiкавым музэем побыту савецкага чалавека ў пэрыяд пiку ягонага разьвiцьця з жывымi, але ад гэтага ня больш цiкавымi, экспанатамi, сваiмi жыхарамi — мiнчанамi ды iхнымi достопримечательностями. Усяго, ад чаго цягне апрануць белую кашулю ды, мармычучы сабе пад нос «все стало вокруг голубым и зелёным» цi «цвети мой Минск под небом журавлиным» (адзiным, што мне прыгадваецца пра мiнск) флянiраваць ад Домiка I зьезду да помнiка Марату Казею. Але падман будзе цягнуцца нядоўга. Па тых маршрутах любiмыя героi не хадзiлi й наўрад цi пройдуць. А ў домiк той я сам нядаўна зайшоў, i мне там спадабалася. Утульны менскi дамок, дзе сабралiся мiлыя жыдоўскiя людзi пагаманiць пра палiтыку, i якiя ўявiць не маглi, якiя краявiды паўстануць за вокнамi праз колькi гадоў пасьля iхных пасядзелак за гарбатаю. Ды ўсё роўна ў горадзе, якi на ўсiх мапах пазначаны як «Мiнск», нават ля манумэнта Перамогі, гэтага сымбаля сталiцы БССР, паветра ўсё адно застаецца менскiм. Насычанае воляю й жаданьнем жыць ствараючы. Калi-небудзь гэтае паветра набудзе моц шквальнага ветру й зьнясе бэтон вулiцы, што сёньня мае нахабства звацца Нямiгаю, адновiць Верхнi горад i замчышча, i на колiшнiх мiнскiх вулiцах паставiць iншыя помнiкi. Цi будзе каму тады лiць сьлёзы па зьнiклым Мiнску? Не ўяўляю.
Сёньня ў горадзе Менску выходзяць ажно дзьве газэты («Наша Нiва» й «Навiнкi»), пiшуцца наiўныя вершы й высокаклясныя эсэ, сьпяваюцца мацерныя прыпеўкi й рокавыя баляды, а галоўнае будуюцца самыя фантастычныя пляны на будучыню. У Мiнску адбываецца ўсё астатняе — прэм'еры, матчы, гастролi, сэлектарныя нарады ды McDonald's'ы. I я бязь лiшнiх развагаў гатовы ахвяраваць гэтым усiм астатнiм дзеля таго, каб пакiнуць сабе шанец калi-небудзь далучыцца да кагорты менчукоў. У Менску сёньня цiкавей i цяплей, ня кажучы ўжо пра заўтра. Таму мне няма патрэбы мяняць час i месца свайго быцьця. У пошуках чыста менскага матыву.
Сапраўдная кроў
Сыйшоўшы ўвечары 7 сакавiка на станцыю мэтро «Акадэмiя навук», я быў уражаны карцiнаю, што адкрылася мне пад зямлёю. Карцiнаю, што вельмi ж нагадвала провады на фронт. А дзе яшчэ я мог бачыць столькi заплаканых дзявочых вачэй i падкрэсьлена суворых твараў iх кавалераў. Дзяўчынкам яўна падабаўся працэс сьлёзапралiваньня. Як i iхныя хлопчыкi атрымлiвалi неапiсальнае задавальненьне ад нагоды задэманстраваць мужнасьць. Скiвiцы пацяжэлi, вочы пастальнелi, рукi на дрыготкiх дзявочых плячах налiлiся цеплынёй. Вось-вось падыйдзе цягнiк, i яны разьвiтаюцца навякi. Цягнiк падыйшоў. Усе селi i паехалi. I едучы сярод гэтых сьлёзаў, эмоцыяў i жарсьцяў я так i ня мог уцямiць — што зь iмi з усiмi такое адбылося. Пакуль нечы голас не прамовiў: «Очань трогацельнае кiно. Пачцi как «Белы Бiм Чорнае вуха». Да мяне нарэшце дайшло. У кiнатэатры «Кастрычнік» адбылася доўгачаканая прэм'ера «Тытанiка».
Напэўна, няма чалавека (а ўжо пасьля апошняй прэм'еры ня будзе дакладна), якi б ня ведаў, што гэта быў за карабель, да якiх берагоў iшоў i колькi чалавек затанула. I колькi яшчэ будзе пралiта дзявочых сьлёз! Нягледзячы на тое, што, як высьветлiлася, сусьветны акiян ведаў i большыя трагедыi. I людзi гiнулi ня толькi ў нэўтральных водах... Але якi прыгожы мiт. Думаю, Камэрон не апошнi, хто зьвяртаецца да яго. I справа тут не ў грашах. Людзi любяць страшныя, прыгожа расказаныя казкi, дзе бутафорская кроў выклiкае прыемныя сьлёзы. I на танных эмоцыях захоўваецца памяць пра прыгожую, чужую бяду. Але...
У маёй краiне яшчэ ёсьць людзi, якiя ня ведаюць, што адбылося 25 сакавiка праз чатыры гады пасьля трагедыi «Тытанiка». I што самому цiкава, гэты факт не выклiкае ўва мне канвульсiяў бясьсiльля. Нават напярэдаднi 80-х угодкаў нашай галоўнай даты. Памятаю, як мяне заводзiла абыякавасьць маiх сяброў напярэдаднi 75-х угодкаў БНР. Аб якой казалi газэты, плякаты, нават тралейбусы тады былi размаляваныя ў гонар Сьвята. Але сьвята тады ў мяне не было. Таму сёньня ў мяне няма жаданьня абгрунтавана даказваць велiчыню той далёкай падзеi тым, каго гэта не абыходзiць. Мне ёсьць з кiм гэты дзень не, не адсьвяткаваць, толькi адзначыць.
«Непрыгожая машына нiколi ня ўздымецца ў паветра», — казаў авiяканструктар Рабэрта Барцiнi. 25 сакавiка — занадта прыгожая лiчба, каб зацерцiся ў самай няцьвёрдай памяцi. «25». У дзень, пазначаны такой запамiнальнаю лiчбаю, добра падводзiць рахункi й ставiць кропкi над "i". Зрэшты, яны ў 18-м годзе былi расстаўленыя. I кроў пралiвалася сапраўдная. I не вiна тых, хто паставiў на гэтую лiчбу сваё жыцьцё, што нехта не заўважыў велiчыню стаўкi. Гульня працягваецца. Можа, нават, толькi пачынаецца. 80 — лiчба небясьпечная для людзей. Для ненароджаных мiтаў — гэта пытальнiк усiм тым, хто ўздыме кiлiшак з воклiчам «Жыве!»