Выбрать главу

Добра прачнуцца 25-га й пабачыць над краiнаю вясёлае надвор'е. I не хадзiць нi на якiя мiтынгi. Пашпацыраваць па горадзе, зазiраючы ў вочы мiнакоў у небеспадстаўнай надзеi натрапiць на погляд "ва ўнiсон". Сустрэць сябра, у якога ўсё нармальна. Прапусьцiць зь iм па кiлiшку за жыцьцё. Пасьля запрасiць сяброўку на «Тытанiк». I, надзiвiўшыся кiношнай сьмерцi, супакоiўшы паненку, патэлефанаваўшы мацi, працягваць жыць.

Пяць хвiлiн на Захараўскай

«А ты памятаеш, з чаго пачалася твая беларушчына?» — неяк запытаўся я ў прыяцеля-лiтаратара бяз дай прычыны. «Не зразумеў пытаньня», — адказаў той. «Ну вось, напрыклад, цi памятаеш ты першую сваю беларускую кнiжку, цi першую песьню. Толькi не кажы, што табе яе сьпявала мацi». «Ну, так адразу й не ўзгадаеш». «А я, уявi сабе, памятаю сваю першую кнiжку!» «I што ж гэта было?» «У лабiрынце вулiц» Дамашэвiча». Прыяцель доўга ўзiраўся ў мяне, пакуль ня вымавiў: «А хто гэта?» «Пiсьменьнiк!» — адказаў я. «I што, табе спадабалася?» — недаверлiва запытаўся ён. «Прынамсi запала ў памяць. А iнакш як бы я ўзгадаў прозьвiшча аўтара?» «Ды колькi iх там было за сто гадоў!» — нiбы сьнежкаю запусьцiў у мяне прыяцель цэлым стагодзьдзем, але размову падхапiў:

— А сапраўды, як падумаць, iх было ня так i шмат, чые iмёны й радкi мы будзем згадваць у трэцiм тысячагодзьдзi. Але самы жах, калi прыкiнуць, што ўся iх страсьць, энэргiя i жыцьцi пайшлi на тое, каб адбiцца ў назовах ускраiнных вулiц, паўстаць параграфамi неабавязковага школьнага прадмету ды быць узгаданымi двума ўдзячнымi нашчадкамi ў нейкай забягалаўцы. А тым, што за суседнiм столiкам, i бязь iхных цытатаў някепска п'ецца.

I тут я зь iм пагадзiцца ня мог. «П'ецца iм, уявi сабе, вельмi кепска. I чым далей, тым больш безнадзейна».

Праз вакно закусачнай сьвяцiлiся нэонам тры дзявяткi нарэшце насталага году. Нiбы спакусьлiвыя лiчбы, што выпалi на табло «аднарукага бандыта». Вось толькi хто возьме гэты чынш?

Мы, ужо колькi гадоў як ня генii, але яшчэ й не «бескрыдлатыя паэты», скончылi размову тым, што лiчбы сьвецяць выключна нам, i выйшлi на вулiцу. Сканчаўся ўсяго толькi трэцi дзень перадапошняга году другога тысячагодзьдзя. I гэты мiзэрны факт ня мог не напаўняць нашыя зьлёгку захмялелыя мазгi ўпэўненасьцю, што ўжо менавiта нас там будзе каму ўзгадаць. Раптам, зiрнуўшы на супрацьлеглы дом, я зрабiў маленькае адкрыцьцё. Мяне й раней зьдзiўляў прыгожы фасад будынка канца мiнулага стагодзьдзя, недарэчна зацiснуты дваром гасьцiнiцы «Мiнск». I толькi зараз нарэшце да мяне дайшло, што я стаю на самай сапраўднай Захараўскай вулiцы. I гатэльны двор — гэта яе былая праезная частка. Далiбог, толькi фантастычны горад Менск i здольны падносiць такiя сюрпрызы. Мэтамарфоза была настолькi нечаканаю, што я ня здолеў адмовiць сабе ў задавальненьнi пастаяць на Захараўскай хоць колькi хвiлiн. Не заўважаючы нi фасадаў Сталiнскага праспэкту, нi тых шчасьлiвых трох дзявятак.

Яшчэ нават у плянах не нарадзiлася «Наша Нiва», яшчэ не напiсаныя «Пагоня» i «Дзьве душы», яшчэ няма бел-чырвона-белага сьцяга. «Ах, да. Некий господин из Вильно, как его там, простите, Бурачок, что-то такое выдал на местном наречии». Шаноўная публiка яшчэ не здагадваецца, у якой краiне яна насамрэч жыве. Але паветра гэтае краiны ўжо напаўняецца спрадвечным зьместам. I вельмi хутка знойдуцца тыя, хто, ап'янёны грандыёзнасьцю задумы, будзе гатовы ахвяраваць ёй ня толькi iмёны, а ўласныя жыцьцi. Быць першымi — як гэта пераможна гучыць! Тым больш, што хутка пачнецца новы век.

«Чаго гэта ты застыў як слуп?» — глядзеў на мяне прыяцель, зьбянтэжаны маёй прастрацыяй. «Ды так, нiчога. Нахлынулi ўспамiны... Што, баiсься ў новую эру iсьцi? А ты ня бойся, я ўнукам раскажу, якi ты быў таленавiты». Сказаў яму я i сыйшоў з Захараўскай на Валадарскага.

Немец

Калiсьцi ў сваiм пiянэрскiм дзяцiнстве мы любiлi гуляць у немцаў i рускiх. Колькi сябе памятаю, мне заўсёды хацелася быць немцам. Рускiм я ўжо быў. Таму, яшчэ й гуляць у яго падавалася ня надта цiкавым. Не спакушала нават гарантаваная перамога. Наадварот, роля невядомага заваёўнiка-чужынца вабiла незвычайна. I, не асаблiва разумеючы сэнсу словаў, я па-геройску выкрыкваў "Хай Гiтлер", падкошаны ўяўнай куляю. З тае пары "немец" стаў для мяне сынонiмам пагрозы й моцы. Пакуль я ня ўбачыў аднаго з нашчадкаў няспраўджаных гаспадароў Эўропы.

Напачатку дзевяностых да маёй знаёмай мусiў завiтаць яе дзелавы партнэр зь Нямеччыны. Яна папрасiла, каб я сустрэў яго на вакзале. На менскi пэрон няўпэўненай хадою сыйшоў зусiм ня зьверскага выгляду пузаценькi чалавечак зь перапалоханым тварам. У маiм лексыконе не знайшлося нiводнага слова, вядомага нам абодвум. Акрамя, можа, кiношнага "хандэхох". Чым я яго й прывiтаў. Але немец не ацанiў майго бяскрыўднага жарту. Адно з вымучанай усьмешкай азiрнуўся па бакох. Прабiраючыся за мною ў мярзотнай лiстападаўскай гразюцы ўздоўж руiнаў старога вакзалу, адкуль выбег перапалоханы пацук, паўз убогiя жалезныя шапiкi зь беляшамi, цi ня з тых пацукоў зробленымi, скрозь мiлыя, заўжды гасьцiнныя твары нашага бамжатнiку, мой арыец раптам разгаварыўся. Прычым дзьве фразы паўтаралiся асаблiва часта, каб я iх мог запомнiць. "Das ist Ihre Schuld", i "Das alles haben wir gemacht". "Ага, — думаў я, — у цiхiм гандляры нарэшце прачынаецца волат-крыжак". Я паглядзеў на яго з павагаю. Ён нарэшце прыняў для мяне нармальны, згодны з маiмi стэрэатыпамi, выгляд. А то якi ж немец ня марыць вярнуцца ў бацькоўскiя акопы!