Нешта падобнае атрымалася i ў мяне. Адаслаўшы на фэст пару тэкстаў, я й забыўся пра гэта. Колькi ж яшчэ неспадзяванак чакае мяне! Сам сабе зайздрошчу й баюся адначасова. Баюся замест сюрпрызу знайсьцi здэвальваваную часам, нiкому не патрэбную паперку.
... Адтуль прыходзiлi цывiльнай палiграфii выданьнi. Даляталi зьвесткi пра тамтэйшыя беларускiя лiцэi. Захоўвалiся ў памяцi рэпартажы з "Басовiшчаў". Уяўлялася гэткая добраладная беларускамоўная краiна, дзе пра "чужынскi прыгнёт" нагадваюць толькi шыльды ды грошы з арламi.
Кампанiя сабралася невялiкая. З патрыярхаў беларускай бардаўскай песьнi былi Алесь Камоцкi й Вiктар Шалкевiч. Маладую зьмену прадстаўлялi Iгар Мухiн з Магiлёва, знаёмы мне па мэлядычных песьнях на вершы Багушэвiча, Лана Медзiч, сталiчная лiрычная бардэса, ну й я.
Пад акорды й тосты неўпрыкмет праляцела Беларусь. У цемры паказалiся агнi да нядаўняга часу мiстычных варот дзяржавы. Спадарожнiкi пачалi даставаць пашпарты, на зайздрасьць мне заплямленыя вiзамi й памежнымi штампамi.
Мяжа сапраўды нагадвае лягерную браму. Драты, вайсковыя фуражкi, вышкi. Перад намi шманалi смаленцаў. Няшчасных пастроiлi ледзь не па росту, уздоўж аўтобуса з рэчамi ў руках. Для поўнага кiна не хапала сабачага брэху й камандаў па-нямецку. Наш пяцiдзесяцiмясцовы карабель зь дзясяткам нецьвярозых пасажыраў з гiтарамi троху зьбянтэжыў панурага вартавога, але адказ быў: "Вы свабодны". Гэта значыць — "на свабоду з чыстым сумленьнем".
Я шмат разоў уяўляў гэты момант i заўсёды пад гiмнавыя гукi пяючай ад радасьцi душы. Ну вось. Якую ўжо хвiлю качуся па "далёкiм замежжы". Пульс у норме. Спадарожнiкi засынаюць. За вокнамi ноч, нецiкавая й пахмурная, як, напэўна, паўсюль на гэтай зямлi, незалежна ад межаў.
Вось толькi дзень iншы. У маленькiм гарадку, у параўнаньнi зь якiм Баранавiчы з Барысавам выглядаюць монстрамi ўрбанiзацыi, пры сьвятле дня лепш бачнае нашае ўбоства.
Ратуша. Усяго нiчога, але яна робiць гэтае места горадам па сутнасьцi, незалежна ад статусу й колькасьцi вясковых уцекачоў. Тое, што вулiцы будуць чысьцейшыя ды крамы цывiльнейшыя, я здагадваўся. Дамы менш аднатыпныя й шэрыя, i таму здаюцца больш абжытымi. Перад iмi газончыкi-кветнiкi, дзе-нiдзе скульптуркi нейкiх калядных гномаў. Гэта ў маiм мiкрараёне газоны патроху ператвараюцца ў бульбяныя плянтацыi.
Штосьцi затрымала мяне каля праваслаўнай царквы. Здаецца, i крыжы тыя самыя, i моляцца па-расейску, а штосьцi ўсё ж ня так. Нарэшце, зразумеў. Не хапае бязладзьдзя ў царкоўным пэйзажы, цi то калюжыны з адбiткам купалоў, цi то нейкай трубы на заднiм пляне. Таго, адным словам, з чым не спалучаюцца ў маiм уяўленьнi каталiцкiя храмы. Нарэшце, гармонiю аднавiў неапахмелены патрыярх бардаўскай песьнi Камоцкi. Свой сумны позiрк ён пераводзiў са сьцiплай царквы на нейкi бэтонна-мадэрновы палац побач зь ёю.
— Во, глядзi. Тут жыве Бог, а тут — служка Божы. I я баюся сказаць, хто зь iх жыве лепш.
Я блукаў па маленькiм гарадку, дзе адзiнай адзнакай беларускасьцi былi афiшы "Бардаўскай песьнi", i не знаходзiў адказу на пытаньне, цi адзiны народ жыве па розныя бакi мяжы. Напэўна, так. Няцяжка ўявiць сабе ўбогi райцэнтар Бельскага раёну Беластоцкай вобласьцi, не правядзi Iосiф той фатальнай рысы.
Пясьняр Мухiн нiяк не хацеў разьвiтвацца зь мiтам пра беларускi "востраў Крым" i праводзiў своеасаблiвы экспэрымэнт. Пытаўся ў мiнакоў усялякаю лухту — цi то пра дакладны час, альбо цi туды ён iдзе. I з надзеяю ў вачох чакаў адказаў па-беларуску. Яму прыязна адказвалi, але па-польску, чым усё больш даводзiлi яго да адчаю. Нарэшце, нейкая сталага веку кабета растлумачыла на ламанай расейскай мове, як прайсьцi да рынку. Хвiлiну пясьняр глядзеў ёй у сьлед з удзячнасьцю й пяшчотай, паўтараючы: "Беларуска. Вось яна, сапраўдная беларуска".
Быў у мяне лёгкi сумнеў наконт таго, што немалая заля ДК будзе цалкам запоўненая. Надвор'е гнюснае, асаблiвай рэклямы не зрабілі. Але абодва вечары былi шумныя аншлягi. Адкуль такi ажыятаж? Дзiўная цяга да мовы, якую пакуль што можна пачуць хiба толькi ў песьнях? Цi можа, няма куды яшчэ падацца. Але па ажыўленай залi такога ня скажаш. Усе доўгiя тры гадзiны канцэрту яна ўсiх выканаўцаў адорвала авацыямi.
Я ня тонкi крытык. Усе песьнi я падзяляю на тыя, што мне самому карцiць сьпяваць i астатнiя — кепскiя, добрыя й, нават, генiяльныя. Выканаўцы зьмянялi адзiн аднога, а жаданьня "перапiсаць словы" у мяне не ўзьнiкала. Да зьяўленьня на падмостках добра знаёмага маэстра Шалкевiча, рэпэртуар якога я амаль цалкам гатовы "скрасьцi". Няма для мяне большага задавальненьня, чым свабода паакторстваваць у песьнi, свабода, якую ў беларускай мове даюць на гэты час толькi песьнi Шалкевiча, поўныя гумару й густу. Пасьля фэсту ягоны канцэрт працягваўся на кватэры, куды занесла й мяне. З прычыны неаднаразовых узьлiваньняў памяць працавала фатаграфiчна.