Выбрать главу
***
Бяжыць, часціць, уцякае ад ног сваіх... Ідзе з дзвюма аблачынкамі ў сваёй аблачыне, сядзіць апокрыф, да ягонай рукі прыліплі ягоныя сумныя дзеі ў жалобе тады!
Бяжыць адусюль, ідзе, чуючы выцвілыя пратэсты, бяжыць угору, збягае з гары, уцякае крокамі шайтана, уздымаючы зло ў руках, уцякае наўпрасцяк, каб на самоце заплакаць.
Куды б ні йшоў, усб далей ад пагрознага тупату ног, ад паветра, ад вандравання, уцякаючы, каб уцячы ад ног сваіх, як чалавек, што прыстоіў, прыстаў ад беганіны і зноў бегчы прагне.
I каб дрэва, калі жалеза ў золата ператварае! I каб жалеза, калі пакрывае лістоту! Адно толькі ногі, адно што імгненныя дрыжыкі і іхнія дзеі жывыя, жывыя тады...
***
Любіць душа і не любіць свой колер, плачучы на сцежках яе нясцешна, імкнуся да шчасця, засланяю вочы, ўспамінаю, пішу, на шчасце выціраю слязіну. Чырвань любіць і зло і дабро, пачырванелае ад узнятай сякеры, ад крыла, што ледзь скача і пад нагамі блытаецца, чаго чалавек не любіць, пачуццёва не любіць, спаць легчы не хоча душой, адчуваючы пульс на скронях двухрукі, бязглузды філосаф.
Я амаль не існую, падаю ніцма ад плуга, якім ратую душу я і адносна няйнакш узвышаюся. Бо ведаць, чаму жыццё сабачае, чаму плачу я, чаму,
густабровы, ды няўмелы, ды пераборлівы, я нарадзіўся ў крыках; бо ведаць, кеміць пад рытм мудрых літараў — гэта ў пакутах жыць ад няўдзячнасці.
Ды не, не і не! Які зман пачуццяў! У маркоце, так, з жорсткім імпэтам, ад якой сэрца звярэе ў сумненнях перад небам і птушкамі у маркоце, так, да глыбіні. У барацьбе між двух плачоў, што выкрадаюць адзіны лёс, о шлях без болю, па якім пакутую ад сляпое хуткасці.
***
Сястра зайздросціць, мне зябка ў спёку, каб нас пачулі! Ільвы мой ліжуць цень далёка, маё імя грызе палёўка, душа матуля!
Кума Распуста, краем прорвы іду я смела! Свой голас уздымае вусень, і голас гэты чуюць вусны, мой бацька, цела!
Унучка Галубка, мілосць, ты мне снішся ў гуле! Стаў на калені жах мой глуха, а ў думках толькі тчэцца скруха, душа матуля!
Аж покуль жонка Дамавіна асірацела жалезам зазвініць з дакукі пад рытм тае, што спіць, гадзюкі, мой бацька, цела!
***
Не воку — акулярам давяраю і лесвіцы, а сходцам — аніколі, крылу, а не птушынаму намеру, адно табе, адно табе я веру.
Не злодзею, а злосці давяраю, кілішку давяраю — не лікеру, нябожчыку, але не чалавеку, адно табе, адно табе я веру.
Шмат іншым давяраю, ды нікому, і рэчышчу, а плыні — аніколі, штанам, а не нагам я давяраю, адно табе, адно табе я веру.
Акну, а не дзвярам я давяраю, не поўням дзевяці, а толькі маці, не костачцы гулецкае, а долі, адно табе, адно табе — і мне даволі.
НЯЎДАЛЫ КРОК МІЖ ДЗВЮМА ЗОРКАМІ
Люд так абяздолеў, што нават цела не мае: аж з валасоў валіцца толькі сум геніяльны, неяк згары, люду зуб забыцця баліць, люд быццам сам з паветра, з уздыхаў нячутных, з прыцмоквання гучнага языком!
Скуру сваю пакідаюць, чэшуць той саркафаг, у якім нарадзіліся, і да смерці ўздымаюцца час па часе, каб доле падаць уздоўж зледзянелых літар.
О, колькі лёсаў і гэтак мала, а з іх жа — люд! У пакоі я ўсчапіў акуляры і слухаю іхнія галасы! I пакутую, як ледзьве купляюць апратку танную на пусты, збалелы страўнік!
Багаславёныя вушы халодныя і асобы, што трошкі прыселі, і незнаёмы з ягонай жонкаю, і бліжак з манжэтамі, каўнерыкам ды вачыма!
Багаславёныя і вашапруды, і тыя, хто пад дажджом у чаравіках падзёртых, хто сядзіць ля нябожчыка бохана з дзвюма сярнічкамі, каму дзверы ўшчэнт зашчамілі палец, хто імянін не мае, хто цень свой згубіў на пажары, хто як жывёліна ці да папугая падобны, хто да чалавека палобны, бедны багач ды бедны бядняк, жабрак апошні!