Выбрать главу
Ойча пыл, з жалезам недалёкі, Бог цябе ратуй, стань чалавекам, ойча пыл, агнем гартуеш крокі.
Ойча пыл, у парыі сандалі. Бог цябе ратуй, ты не развяжаш, ойча пыл, у парыі сандалі.
Ойча пыл, што босы барбар катаваў, Бог цябе ратуй, як ты з багамі, ойча пыл, ты і ахоўца атамаў.
Ойча пыл, народа плашчаніца, Бог цябе ратуй ад зла заўсёды, ойча пыл іспанскі, падай ніца.
Ойча пыл, ідзеш у дзень наступны, хай жа крылы дасць табе Заступнік, ойча пыл, ідзеш у дзень наступны.
XY
ІСПАНІЯ, АДВЯДЗІ АД МЯНЕ ЧАРУ ГЭТУЮ
Дзеці свету, калі падзе Іспанія, — не пры вас будзе сказана — калі падзе з неба ніцма, рука яе, што трымае дзве карты зямлі, дзеці, якога ўзросту будуць нашыя скроні! Як рана да сонца дайшоў мой голас! Як хутка ў вашых грудзях зашумела старасць! Як астарэла двойка ў вашых сшытках!
Дзеці свету, маці Іспанія лічыць час, як настаўніца, трымае ў руках ферулу, маці і настаўніца, крык да дрэва, што надало вышыню, галавакружэнне і арыфметычныя дзеянні, дзеці, і з ею мы, быццам бацькі на працэсе!
Калі падзе, — не пры вас будзе сказана, — Іспанія з долу ніцма, дзеці, як вы перастаяцё расці! Як нагаворыць год за месяц!
Як пустэчу жваць будуць зубы, дыфтонгі драўлянымі стануць, медалі — плачом! Як, нібы авечкі, застанецеся навязанымі да чарніліцы! Як спусціцеся сходцамі ад пісьменства да літары, якая нарадзіла гора!
Дзеці, сыны ваяроў, між іншым, цішэй гаварыце, бо цяпер Іспанія дзеліць энергію сярод жывёльнага свету і красак, сярод людзей і каметаў. Цішэй дыхайце, бо пры вялікай суровасці, не ведаючы, што рабіць, мо трымае ў руцэ чэрап і гаворыць, гаворыць, гаворыць, чэрап той трымае з касою, чэрап той, які ад жыцця.
Цішэйце, кажу голасу, спеву складоў і плачу матэрыі і дробнаму пошапту пірамідаў, нават акамянелым скроням! Цішэй дыхайце, і калі рука апусціцца, адгукнуцца ферулы і прыйдзе ноч, а на небе месцяцца два німбы зямлі, калі шум дзвярэй адгукаецца, калі спазніўся я і вы нікога не бачыце, а вас шукаюць алоўкі незаструганыя, калі маці Іспанія падзе, — не пры вас будзе сказана, — дзеці свету, выходзьма, шукайма яе!..