Выбрать главу
АДСУТНЫ
Адсутны! Як падамся раніцою далей за даль Містэрыі жуды, бы непазбежнай лініяй якою пацягнешся ты ціха на клады.
Адсутны! Па імперыю спакою і мора ценяў я пайду, тады рабыняй будзеш, схіленай тугою, надтруння белага тваёй бяды.
Твой змрок, як ноч, навечна чорны стане, і грэшніцы бялюткае убранне пакайна прымеш ад пакутаў ты.
Адсутны! Пройдзе па пакутах злая, па слёзах, што цяжэй за бронзу, зграя згрызні сумлення, марнай тлумнаты.
СТРАУС
Туга, з мяне выцягвай дзюбу і пшанічным маім святлом свой голад не вярэдзь няспынны. Туга, даволі! Як ён п’е, кінжал твой кожны, маёй крыві дурной, ссінелай ручаіны?
Адно не выдзяўбі хоць мару пра жанчыну, яе прынесці да крыжа свайго павінны, калі не буду мець каму зірнуць у вочы, калі ашчэрыцца А мулкай дамавіны.
Вазон гліняны майго сэрца гаркатою паліты, ў ім папаска іншым птахам... Туга, не выпетры маё жыццё, а вусны свае жаночыя спалі жаданым страхам!..
ПАД ТАПОЛЯМІ
Хасэ Эўлохію Гарыду
Як паланянкі, помнячы лагоду, крывавыя таполі сон спаткалі. Зялёна шэпчуць арыі заходу і ўзгоркам Віфліемскім, каб не спалі.
Стары пастух агоніі ў дагоду апошняга святла падаўся ў далі, вачыма велікоднымі ў гасподу спаймаў чародку цнотных зорак жалю.
Як на хаўтуры да сябе самога, спускаецца на дол, што моліць Бога, званочкі паасеннелі ў сінечы.
Яшчэ ў шкляных вачах жыве аддзяка, і плачу пастаральнага сабака праводзіць лінію па-чалавечы.

Радкі-вадалазы

ПАВУК
Гэта вялізны павук, што не ходзіць; галава і жывот, голае цела — усё крывяніць, бо ўсё яму шкодзіць.
Зблізку бачыў. Цяжка яму, ён хоча ўсё ж працягнуць незлічоныя лапы ва ўсе бакі, хоча абавязкова. Падумаў пра нябачныя вочы, пілоты фатальныя павуковы.
Гэта павук, ён дрыжэў палахліва, стаяў на лёзах камення цвярдога; з аднаго боку жывот велічэзны, непамысная галава — з другога.
Гэта вялізны павук, у маруды жывот галаве рухацца замінае. Падумаў пра вочы сляпыя, без шалу, пра незлічоныя ногі няўклюды... Шкада мне, шкада вандроўніка стала!
ВАВІЛОН
Салодкі дом, васковы дом, без стылю адразу збудаваны, маналітна. Яна, бывае, ў гэтым доме ходзіць, псуе і папраўляе; кажа скрытна: “Прытулак гожы; толькі тут, як бачым!” А то ўзрываецца парою плачам!
ПАЛОМНІЦТВА
Мы праходзім. Сон пяшчотна ліжа пяткі нашых ценяў, а наўкола ўсё з памкненяў бледных, горкіх адрачэнняў.
Мы праходзім. Душы мёртвых, як і мы, прайшлі каханнем, іх апалавыя крокі з хваравітым нараканнем, нас, выходзячы ў жалобе, працінаюць хваляваннем.
Любая, хадзем да краю, дзе апошні жвір чакае.
I крыло ідзе цнатліва, як па маслу, ды раптоўны ўдар спыняе рух няспынны і сцвярджае паратоўны смутак кожнае слязіны.
I салдат вялізны мае раны, а не эпалеты і мужнее днём геройскім, і салдат рагоча гэты і паказвае, як гуньку, мозг Жыцця, агнём адпеты.
Разам мы. Ступае з намі і Святло, каб не спыніцца, дзе на могілках лілеі бралі колер у гарчыцы.
ЦЕСНАЯ ЛОЖА
Бліжэй, бліжэй. Мне гэтак добра як ніколі. Вось дождж, ён абмяжоўвае бязмежжа. Пасунь жа ножку, ну пасунь паволі.
Дакуль заслону не падымуць рукі, падобныя на парасткі ажыны? Бач, іншым зручна, як іконы, селі. Бліжэй, бліжэй! Няхай далей чужыя!