Учуўшы гаспадара, дробна заржаў у загарадзi конь. Раптам перарваў цягучую нiтачку тых гаркаватых, жалосных мысляў. Корсак набраў гарнец аўса i, локцем адганяючы каня, усыпаў у жолаб. Скоранька вышмыгнуўшы назад, прайшоў сiваватым росным надворкам, пакiдаючы на нiзкай траве слiзкi зеленаваты след. Завярнуў за гумно: пара было падганяць Алесю з Iмполем. Не блiзкi свет — васемнаццаць вёрст. Корсак раптам зазлаваў, што i ён, стары дурань, згадзiўся ехаць, спытай чаго, на тыя хрэсьбiны.
На тым тыднi прыязджаў у Верасава Хрысцiн бязрукi брат, Корсакаў хрэснiк, ззываць на хрэсьбiны сваякоў.
Яшчэ зранку аб’ехаўшы далёкую ды блiзкую радню i ўжо, мусiць, добра начаставаўшыся, у полудзень якраз дабраўся да Корсакаў. Прывязаўшы за плот на вулiцы каня, ужо сонны i асалавелы, прыйшоў у хату. Трымаючыся здароваю ды дужаю леваю рукою за ўсохлую танчэйшую куксу з доўгiм пустым рукавом — некалi маладым падсунуўся пад сячкарню, — прычапiўся, як надаедлiвы авадзень, да Корсака:
— Вы ўжо, дзядзька Улас, глядзеця, каб прыехалi. Гучныя хрэсьбiны раблю. Усю радню… Хрысця з Алесiным, як яго? Мужыком…
— Iмполем, — падказала Хрысця.
— Во, Iмполем, за кумоў будуць. Самагонкi нагнаў… — ён пахiстваўся, аблiзваючы ссохлыя, запечаныя губы.
— Ну чаго там, прыеду. Чаго шмат гаварыць, — мо скарэй дзеля прылiку, каб выбавiць з хаты ўжо вялага, як стары масляк, хрэснiка, згадзiўся тады Корсак.
А сёння пашкадаваў: не столькi тых гуляў, як клопату ды растраты.
На мурзатым небе за чужымi стрэхамi будынкаў паднiмалася пякучая чырвань. Высока ў зеленаватай яснасцi, паморгаўшы, паплыла, згубiлася з вачэй i болей не знайшлася здрабнелая вострая зорка. Недзе звiнеў i нiк у глыбiнi неба раннi жаваранак. На надворках пазелянела, выяснiлася, учуўшы новы дзень, дробная маладая трава. Ружаватымi чарвячкамi цвёрдую, утоптаную сцежку тачыў порсткi спарышнiк.
На вулiцы лiп Корсаку да босых ног цемнаваты ад начное вiльгацi пясок. Корсак выцер ногi аб слiзкую траву i спынiўся каля Мондравага плота. За iм абсыпаўся набранялымi бельшi бубкамi почак чорны вiшаннiк, хаваў надворак. Корсак адсунуў перакошаныя веснiкi — каля адчыненай падпаветкi, выкацiўшы на надворак калёсы i зняўшы адно кола, Iмполь падмазваў вось — чэрпаў дошчачкаю з бляшанае банкi шмаравiдла.
— А я думаю сабе — заспалi, — не адыходзячы далёка ад веснiкаў i цiкуючы адным вокам на сучачку, што раптам надзьмулася i забурчала там, каля Iмполя, сказаў Корсак.
— Не, даўно ўсталi, — разагнуўся i локцем падсунуў вышай на лоб аб’еханую кепку Iмполь.
— Дак я во пайшоў борздзенька збiрацца, — Корсак прыставiў назад веснiчкi i замахаў цяжкiмi доўгiмi рукамi.
У хаце задыхнуўся ад сапрэлае за ноч, гаркаватае, як палыновай, духаты.
На ложку ля кутняга запацелага акна спала яшчэ Хрысця, брыдка высунуўшы з-пад гарачынi коўдры белае, з сiняватай жылкаю, што хавалася спадыспаду на згiбе, калена.
— Во, разляглася, бясстыднiца, — Корсак патрос Хрысцю за гладкае смуглаватае ненакрытае плячо. — Уставай!
Хрысця залыпала чорнымi блiшчастымi ад сну вочкамi, соладка аблiзала падсушаныя сном губы.
— Пара ехаць, — Корсак адчынiў акно, папхнуўшы абедзве палавiнкi разам, — у хату пацягнула рэдкаю халаднаватаю сырасцю ранiцы.
— Што такое? — спрасоння замармытаў на другiм ложку i зноў схаваў пад радзюжку голаў Змiтрык, перавярнуўся на другi бок.
— Няма чаго i табе разлежвацца. Карову хоць выпусцi з хлява, вунь у поле гоняць, — учуўшы, як грае недзе на вулiцы ў адрэзаную, без дна, бутэльку пастух, Корсак яшчэ патармасiў Мiцю i зняў з плiты накрыты лапiчкам збанок кiслага малака, каб на скорую руку паснедаць.
Выязджалi з дому — ужо выкацiлася на ўсходзе i задрыжала вялiкая макаўка сонца. У жаўтлявазялёных радкаватых вербах, што старэлi над рэчкай, падсвiствалi, пераклiкалiся адзiн з адным дразды, прутка выцягнуўшы ногi, нiзенька над вёскаю праплыў бусел, зрабiў круг недзе над жоўтым ад курынае слепаты балотам.
Корсак у суконным з нагруднымi кiшэнькамi фрэнчы, у закурэлых на жэрдцы, але наспех ачышчаных дзеркачом ботах астатнi раз абышоў каня, аглядаючы, цi добра сядзiць вупраж, i, падступiўшыся на жалезную, прыбiтую да драбiнак скобу, сеў у брычку.
На цвёрдай абслiзганай дошцы, што ляжала ў выгнутых драбiнках, сядзела ў чорненькiм, завужаным у талii, сачыку Хрысця. Абцягнуўшы нiзка на каленi сукенку, трымала на iх выплеценую з шырокiх лучынак i размалёваную ў зялёныя лiсцiкi i вялiкiя ружовыя кветкi лубяную карзiну. Вязла гасцiнец — салодкi, што ўчора спякла разам з Алесяй, аздоблены разынкамi пiрог.