Прымiнаючы коламi порсткую рэдзенькую траву i сiвыя кучаравыя чачоткi палыну, брычка з сухаватым ляскатам выкацiлася на пясчаную вулiцу. З двара выязджаў ужо Iмполь. Збiтую з перакрыжаваных дошак браму адчыняла Алеся. На засланым жоўценькай радзюжкаю возе сядзеў, падбiўшы на адно вуха стракатую ў клiны кепку, Iмполь. Каб не адстаць ад Корсака, падварушваў застоенага соннага каня.
— Вой, мяне пакiнуў, — крычала Алеся, даганяючы воз i без прывычкi спатыкаючыся на высокiх абцасах чорных з замшавымi пасачкамi лакеркаў, зверху якiх бялелi чысценькiя ў зялёныя шнурочкi шкарпэткi.
Згледзеўшы фурманкi, старая Лiтаварыха блiжай пад крыж падагнала сваю падласую карову. Курчачыся ад ранiшняга яшчэ халадку i грэючы пад пахамi складзеныя накрыж рукi, нiбы ў жарт, смехам, папыталася:
— Куды ж гэта абедзвюма сем’ямi?
Корсак, зняўшы перад крыжам шапку i блiснуўшы лысiнаю, моўчкi i ганарыста адвярнуўся.
— У Ведравiчы, — сказала за яго Хрысця.
— На вяселле, цi шо?
— Не, на хрэсьбiны.
— Спавядаешся, як перад ксяндзом, — Корсак прытаптаў на галаве сваю пляскатую з тлустай плямай на макаўцы кепку i пацягнуў за ляйчыну, крута заварочваючы каня на вузенькую белаватую шашу.
Над галавою ў Хрысцi зашумела свежае, абсыпанае дробным жаўтлявым лiсцем вецце старых абкарэлых бярэзiн. Яна азiрнулася на Iмполеву фурманку — у арэоле сонца чорным ценем варушыўся белы Мондраў конь. У вачах асталiся сiнiя пякучыя плямы.
У зялёных ад маладое травы ярах, што цягнулiся ад шашы да блiзкага, заглушанага тлустаю жоўтаю слепатою балотца, перакочваўся востры i дробны ляскат калёс. Рваў тоненькую нiтку жаваранкавай песнi на другi бок шашы над цёмным, ужо кусцiстым жытам.
Да Дварчан ехалi шашою, далей ужо за iмi — цяжкаю, як вада, пясчанай дарогай, што выкручвалася вужом, паўзла на аблыселыя груды. У спiну цяжкiм сухiм цяплом пякло сонца. Пры ясназялёным ад распушчанага бярэзнiку ляску спынiлiся — Алеся з Хрысцяй iрвалi пад цёмнымi навiслымi елкамi зялёную, на ружовых ножках i ў белых стаўбунiках цвету зайцаву капусту. Алесi зажадалася кiслага.
— Во, яшчэ жадункаў шукае, — засмяяўся Корсак, саскочыўшы з брычкi, каб таксама, мусiць, адлучыцца ў лес.
— Бо ёй трэба, — затупала нагамi Хрысця. На леташнiм сухiм лiсцi дробненькiм дажджом шапацелi мурашкi, недалёка пад елкай кiпеў гарачы, з цёмнай, аж блiскучай, макаўкай капец.
— Бабам толькi патурай, — зноў са злосцю сказаў Корсак, але азiрнуўся на Алесю. У яе на пукатым лобе, на падпухлых губах цямнелi рудаватыя плямы. У асалавелых выцвiлых вачах таiўся глыбокi боль.
I Корсак, ужо дагадаўшыся, чуючы вiну, памякчэў:
— Разбярэшся тут з вамi…
За лесам у лагчыне расцягнулася доўгая, у адну вулiцу вёска.
У карычняватым, яшчэ голым прысаддзi хавалiся саламяныя мяккiя стрэхi. Абапал дарогi пацягнулася сухая патрэсканая загарадзь.
За мастком, што перабег вузенькую ржавую крынiцу, пад колы з грукатам лёг няроўны, у выбоiнах брук.
Корсак спынiўся пад тоўстаю, ружаватаю ад набрынялых почак лiпаю. За высокiм рэдзенькiм частаколам свiцiлася пабеленая, з блакiтнымi вокнамi хата. На брукаваным, падмеценым дзеркачом надворку стаялi параспраганыя конi, смецiлi, цягаючы з вазоў сухую леташнюю канюшыну.
Каля парога, мусiць, ужо вылезшы з-за стала, збiлiся ў купку мужчыны. Найбольш без шапак, з высока падстрыжанымi, сiняватымi, незагарэлымi патылiцамi. У рослага мужчыны, што высунуўся з цемнаватых сенцаў, на сiвай галаве, як няспелыя чырванаватыя слiўкi, блiшчалi нарваныя ад натугу гузы.
На жардзяной браме вiселi дзецi, трымаючы ў руках ласунак — кавалак пiрага цi сыра.
Ляснуўшы пужкай, Корсак сагнаў iх, як перапалоханых вераб’ёў, аднёс пад плот браму. На грукат колаў з хаты выбег сам гаспадар — бязрукi Хрысцiн брат — у сiняватай, без каўнерыка кашулi, махаў ад спешкi пустою торбачкаю доўгага рукава. Пад вострым кадыком блiшчала жалезная кнопка.
Услед за iм, падмятаючы доўгаю бурачковаю ў чорных шляках спаднiцаю высокi парог, з сеняў выкацiлася невысокая з востранькiм тварком старая кабета. Тужэй зашмаргнуўшы пад барадою белую засiненую хустку, абхапiла за плечы Алесю, нагнуўшы, палацавала ў абедзве шчакi. Зiрнуўшы знiзу ўверх на рослага Iмполя, здзiвiлася:
— Дак ён надта ж маладзюсенькi ў цябе!
— Нiчога, цётка, пасталее, — засмяялася Алеся, косячы вокам на акно, дзе ў шыбы ўткнулiся мяккiя паўнаватыя твары маладзiц.
— Дзiва ж што, — засмяялася старая, выстаўляючы два нiжнiя, як у малога дзiцяцi, зубкi. — I прыгожы надта ж. Мужчыну мо i не трэба гэта.