Выбрать главу
Быў шэпт твой непрытомны: «Дарагі...» I неслухмяных рук перапляценне — Як крылы птушак, Што не даляцелі Да выраю I ўпалі на лугі.
I захлынуўся і спыніўся час, I ты прынікла да мяне адчайна... Я добра помню ўсё, Што нас злучае. I ўсё забыў, Што разлучыла нас.
ЭЦЮД РЭЎНАСЦІ
Нядаўна быў я чысты, Як дзіця, Не кранутае цвіллю недаверу, I чалавеку верыў больш, чым зверу, I кожны дзень чакаў я адкрыцця.
О Божа мой, Як ты змяніла ўсё, Як зруйнавала свет сваёю здрадай! Цяпер я менш тваёй усмешцы рады, Чым позірку прыручаных ласёў.
Цяпер я лепей птушкам занясу Маю, Табой адпітую, Пяшчоту. Хай п'юць з маёй далоні, Як расу, Ні кроплі не пакінуўшы на потым.
Нічога не чакаю я, Ані. Хай зерне шчасця склёўвае сініца... Чаму дала ты права мне ўсумніцца У вернасці людской і дабрыні?..
* * *
Сябе да адзіноты прывучаю, А шэпт твой горкі ўсё па сэрцы б'е, Як жураўліны кліч, Як крык адчаю: "Я так засумавала без цябе!"
Навошта зноў? Усё даўно забыта, Закрэслена маршчынкай на ілбе, Я нашых сцежак болей не разблытваў — Рассек I за сябе, I за цябе.
Ды толькі над разлівам іван-чаю, Над палыном ссівелым У журбе, Як жураўліны кліч, Як крык адчаю, Плыве: "Я так сумую без цябе!"
* * *
Я ніколі наш сад не забуду, Дзе сінічкі ўзляталі гурбой, Дзе, як вечнаму весняму цуду, Мы дзівіліся бэзу з табой, Дзе аддаў табе ў рукі пастронкі Ад свайго залатога ярма, Дзе свае запаветныя гронкі Раніцой для цябе адламаў...
Тое ўсё — Як за дальняй гарою. Ды, знябыўшы і сум, і бяду, Я аднойчы Асенняй парою Да забытага бэзу прыйду.
Будзе мокры лісток целяпацца. Будзе стынуць пад ветрам шчака Будуць доўга Азяблыя пальцы Маладую галінку шукаць...
РАЗВІТАННЕ 3 ВЕРАНІКАЙ

Максіму Багдановічу

Ён нахіліўся над сталом Пралескай позняю паніклай. Самота стыне над чалом. А вусны трызняць Веронікай.
Яна, Як месяца святло, Яму ўжо не сагрэе грудзі. Такой, Як сніў ён, Не было. Такой ніколі ўжо не будзе.
Пагасне месяц у акне, А зоркі скоцяцца слязамі. I смерць бязлітасна ўзмахне Сваімі чорнымі крыламі.
Навек зламаецца вясло На пеннай хвалі ў сіняй бухце. Вачэй Максімавых святло Трывожыць больш яе не будзе.
Што ж, Паўглядаліся здалёк I моўчкі разышліся жыцці... А ўсё сінее васілёк У спелым беларускім жыце..
* * *
Шкадую жанчын, Што пасля пацалунка мужчыны Не зведалі асалоду пацалунка дзіця, Што навек ад сваіх грудзей адлучылі Ненасытную, бессмяротную завязь жыцця.
Шкадую жанчын, Што пасля мужчынскіх абдымкаў Не зведалі пяшчоты абдымкаў дзіця, Калі каля вуха даверліва дыхае Безабаронны працяг твайго зямнога быцця.
Шкадую жанчын, Што пасля ночы бяссоннай На плячы сваім чулі холад няголеных шчок I не песцілі цёплы і круглы, як сонца, Плод кахання — Няўцямны жывы камячок...
Аблысеюць паклоннікі. Перамруць палюбоўнікі. Супакоіцца ўрэшце шалу майскага каламуць. I ці будзе каму ўспаміны Аднолькавыя, як апалонікі, Чыстай плоткаю ўскалыхнуць?..
* * *
Я збіраўся на чоўне Па Дунаі ўначы Ад вачэй тваіх чорных На край свету ўцячы.
Я хаваўся ў сябрыну Ад цыганскіх павек. Думаў — Кіну ўсё, Рыну I забуду навек.
Ды праз пушчы і гала, Праз Карпаты і Крым Ты мяне даганяла Ціхім шэптам сваім.