Выбрать главу
Дыктавала правілы Ты сама. I мяне адправіла. А — дарма. Ад варот не вернуты, Я замоўк. Зачыніла дзверы ты На замок. І заснула ў радасці I ані Не баішся Ранішняй Цішыні.
* * *
Я сябе старым не адчуваю, Хоць прайшлі юначыя гады. Прылятаюць з маладога маю Салаўі ў асеннія сады.
Разарву тугую павуцінку I, цяпло даверыўшы плашчу, 3-пад крыса азяблую дзяўчынку Я ў халодны свет не адпушчу.
Цепліцца яшчэ вясна былая — Тонкая і кволая свяча. Хай яна спакойна дагарае Ля майго пахілага пляча.
Ну а што на скронях стыне іней — Гэта хітры восеньскі падман. Проста пазаблытваўся ў чупрыне Дым кастроў і ранішні туман.
* * *
Не трашчы так настырна, Сарока, Побач з даўнім, Былым, Дарагім. Тут каханне прайшло недалёка. Не са мною прайшло, А з другім.
Я і сёння іх постаці бачу — Хто іх ведае: Дзве ці адна. Я і сёння не веру ва ўдачу, Хоць чакаю яе давідна.
А яны Насцярожаным крокам Прамільгнуць міма нас паначы. Памаўчы побач з імі, Сарока. Памаўчы, як і я, Памаўчы.
* * *
Зноў наш сад вечаровы весніцца, Сыпле з яблынь ружовы квет. Ты стамлёна ідзеш за весніцы За блакітным туманам услед.
3 хмарак першыя зоркі выцеклі, За бярозкамі вецер прыціх. Ты вось-вось схаваешся ў прыцемках, Не пачуўшы крокаў маіх.
Пачакай мяне за варотамі, Дзе буяе духмяны май. Непаўторнае, Незваротнае Хоць на міг адзін затрымай.
Прыпыніся з журбой-вячэрніцай На старых раздарожжах нямых. Можа, Нешта ўсё-такі вернецца. Хоць на міг. На кароткі міг...
* * *
Забываю звонкі вокліч: «Тата!» Прывыкаю да звароту: «Дзед» «Мілы» - Як юначая цытата, Так даўно не чуецца мне ўслед!
Новы час — I новыя найменні, Новая самота і журба. У вачах гарэзнасці ўсё меней. I ўсё больш гаркоты на губах.
У душы Ні зайздрасць, ні нянавісць Не хаваю нават у кутку, Хоць мяне ўжо ўнукі абганяюць На жыццёвым людным бальшаку.
Я спакойна памахаю маю: Хай за небасхіл сплывае сінь... Толькі ад дзявочага «Кахаю» Адвыкаць не хочацца зусім.
* * *
Ты спытала, Што вазьму я У дарогу ў снег і слоту, Калі вельмі засумую. Адказаў: — Тваю пяшчоту.
Ты пытала ў задуменні, Што важней за ўсё — Работа, Шчасце, Поспехі, Натхненне? Я шаптаў: — Твая пяшчота.
Без падказкі і прымусу У адчаі і самоце Давяраю і малюся Толькі ёй — Тваёй пяшчоце.
I калі б ты запытала У дзесяты раз і ў соты, А чаго ў жыцці мне мала, Я б сказаў: — Тваёй пяшчоты.
* * *
Я не помню ўжо, З якой прычыны Лёс мяне закінуў незнарок У той сад наднёманскі, шпачыны, У далёкі, ціхі гарадок.
Не было ні песень, ні прызнанняў — Толькі жоўты месяц між прысад, Толькі зорнай хвалі калыханне, Толькі сіні-сіні твой пагляд.
А мне ўсё яшчэ і зараз сніцца Той далёкі, Той вясновы сад, Дзе, Як недаспелыя брусніцы, Ліхтары вячэрнія вісяць...
* * *
Па той зямлі, Дзе ўсё табою дыша, Дзе твой каснік заблытаўся ў траве, Плыве ў чаўне сярод туману ціша, Мой сон пудлівы да цябе плыве.
З чужых краёў Да вокан незабытых Яго ўспамінам ціхім занясло. Ляжыць вясло зламанае, Нібыта Сіваваронкі шызае крыло.
I ходзіць над садамі сонны месяц, I ў вокнах гаснуць познія агні... Калі ты ўбачыш човен каля весніц, Не адгані яго, Не адгані...