Выбрать главу
Не маўчы, Не хлусі, Не ховай своіх чорных вочэй. Не фліртуй, Не жартуй; Не ўцякай ад адказу. Праўду ўсю мне скажы — I мне стане лягчэй. I ўзрушэнне Ці ўспыхне ярчэй, Ці патухне адразу.
Што б ты мне ні сказала, Долонь не ўбірай ад чала. Будзе мне не хапаць Лёгкіх пальцаў тваіх прохалоды... Для мяне ты заўсёды Патрэбнай была. Для мяне ты патрэбнаю Будзеш заўсёды.
* * *
Я прайшоў вясновыя дарогі I сухі асенні лістабой. Быў я незгаворлівы і строгі Да сустрэчы жнівеньскай з табой.
Ад спакус хаваўся I злаваўся, I лічыў зямлю такой-сякой. Мне тады здавалася трава ўся Шорсткаю калючай асакой.
А цяпер з табой мы навасёлы Пад страхою райбкаю святой. Стаў я паслухмяны і вясёлы Пад тваёй бязлітаснай пятой.
Галава адной табой занята. У вачах гусцее сінява. I на ўсіх палянах — Рута-мята, Мяккая, шаўковая трава.
* * *
Дзе лагчына, Дзе ляшчына, За пагоркамі Ты нуду маю лячыла Прыгаворкамі:
"За пясчаным касагорам, Дзе крутыя берагі, Давай, Мілы, Пагаворым Мы з табою на мігі. Я сама табе пазычу Маладых вясновых чар. Я сама цябе паклічу У ядлоўцавы гушчар. Пад сасною залачонай Скіну страху паранджу, Да сябе касою чорнай Назаўсёды прывяжу. Звонкім сокатам сарочым Смех твой хітры заглушу. Не скалечу, Не сурочу, Не ўкраду тваю душу. Спакушальніца былая, Да ласункаў прывучу, Як лясунка, Залюляю, Зашапчу, Заказычу. Хай прарвецца праз ігліцу Мліва нуднага дажджу. Будзеш ты ка мне прасіцца. Ну а я дык пагляджу..."
...I твайго вядзьмарства сіла Сапраўды Мяне тады Палячыла, Прыручыла, Прысушыла Назаўжды.
* * *
Найвышэйшыя сілы Нашы зоркі звялі На святым небасхіле I на грэшнай зямлі.
I сцяжынкаю зорнай Лёсы побач пайшлі I па небе прасторным, I па цеснай зямлі.
Нам ніколі замнога Не было на дваіх I кахання зямнога, I трывог незямных.
I жыцця прыбаўляе, Незычліўцам назло, Таямніца былая — Нашых зорак святло.
* * *
Адвярніся хаця б на хвілінку адну — І сум з вачэй маіх пацячэ. I я патану, Патану, Патану У ямачцы на тваёй шчацэ.
Твой смех на мяне абрынуў вясну, Нібы крыгалом на бурлівай рацэ — I я навек патану, Патану У ямачцы на тваёй шчацэ.
Яшчэ не разбуджаную струну У сэрцы тваім закрануць я хацеў... Ды што тут хітрыць? Я даўно патануў У ямачцы на тваёй шчацэ.
* * *
Хай душа над былым не рыдае. Плечы нам не прыгнулі гады. Па-ранейшаму ты маладая. Па-ранейшаму я малады.
Не бяда, Што сняжок ападае На юначыя нашы сляды. Па-ранейшаму ты маладая. Па-ранейшаму я малады.
I ніхто яшчэ не разгадае Нашы хованкі, Нашы брады. Па-ранейшаму ты маладая. Па-ранейшаму я малады.
Толькі сэрца вясну прыгадае — I акрыюцца белым сады... Па-ранейшаму ты — маладая? Па-ранейшаму я — малады?..
* * *
У засяроджанай цішы Неспадзявана Сярод ночы Скацілася з тваёй душы Сляза адчайнасці жаночай .
Паплач, Любімая, Паплач. Хай роспачы тваёй паможа Сваёю музыкай скрыпач, Што за сцяной не спіць. О Божа!..
Хай буду ведаць толькі я, Як плакалі ў дрымоце зыбкай Душа самотная твая І растрывожаная скрыпка...
* * *
Хоць не закончаны раман, Ды мне фінал вядомы,— Што без цябе Мяне няма Ні ў прымаках, Ні дома.