Выбрать главу
I усё, як калісьці, У прысадах вясной: Ліпкі ліпкае лісце Парасправілі зноў,
Клёны росамі ззяюць, Птушкі сонца гукаюць, Росам зоры варожаць, Успамінам трывожаць Маё сэрца.
* * *
Месяц — жоўтая лодка — Плыве між аблокаў. Пахне мятай Салодка-салодка, Далёка-далёка.
У абвялых пракосах Дрэмле ціша святая. Твае цёплыя косы Я няўмелай рукой расплятаю.
I з рамонкамі белымі Уплятаю ў іх сцежку вузкую, I лаўлю ашалела Гарачыя мілыя вусны.
I цалую I шыю, і локці... А ва ўсім вінаваты Месяц — жоўтая лодка — Ды салодкая мята.
ЭЛЕГІІ СТАРОГА САДУ
Я зноў прыйшоў у наш зарослы сад, Дзе пахне зазімкам і лісцем прэлым. Ён не такі, Як дваццаць год назад. Ён, Як і я, Здаецца пастарэлым.
Мне вусцішна між яблыняў ступаць, Страсаць з галін абуджаныя згадкі. I за спіной не веснічкі рыпяць, А памяці разгойданыя кладкі...
I
У ціхім садзе нашага дзяцінства Даўно сабе звіваюць гнёзды птушкі. I я нячаста ў сад хаджу, Каб раптам Няўклюднага падлётка не спалохаць.
А можа быць, Я больш за ўсё баюся, Што ўспырхне, Нібы жаўранак вясновы, Забытае імя дзяўчынкі мілай У белай блузцы і спаднічцы сіняй, 3 чарнілам перапэцканымі пальцамі I русаю худзенькаю касой? Што, як яна жыве ў забытым садзе —
Абсыпаная рыжымі вяснушкамі, Абстрыканая крапівой пякучай, Цыбатая, Нібыта бусляня?.. Чаго баюся — Успамінаў смешных Ці горкай і запозненай сустрэчы 3 юначаю неразгаданай тайнай I першым неўсвядомленым каханнем? Ды не, Якое там было каханне! Было няўцямнае зямное шчасце, Што вось жыве дзяўчо на белым свеце, I лічыць мяне дужым і прыгожым, I з захапленнем на мяне глядзіць. I я пераканаць яе стараўся, Што я папраўдзе нейкі незвычайны, Што я прыгожы, Дужы I разумны, А быў няўклюдны I дурны як бот. Я пасмяяўся з той дзяўчынкі мілай Па-хлапчукоўску жорстка і бяздумна — 3 яе вяснушак, I з касы худзенькой, I з нехаванай радасці ў вачах. I я хадзіў, як певень, ганарысты, Суровы, Незалежны I дасціпны, I быў не варты нават шкадавання, Не тое Што яе няўцешных слёз...
Мы вельмі часта позна разумнеем... Цяпер я ў сад заходжу асцярожна — А што, як раптам хрусне пад нагою Птушынае гняздо?..
II
Ты помніш сад, Парэчкамі зарослы, Дзе ля паркана быў куток таемны, Куды ўцякалі мы з табой штовечар Ад пільных матак і сяброў цікаўных?
Ты помніш? Там нас хавала яблыня старая. Мы слухалі маўчанне цёплай ночы, I я нямеў, Калі плячом гарачым Ты прыпадала да майго пляча. Там я аднойчы Пры святле маланкі, Як цуд, нікім не зведаны, Убачыў Твае блакітныя, як неба, вочы I белыя, як яблыкі, калені. На круглыя, Як белыя налівы, Клаў галаву я на твае калені I піў каўшом Мядзведзіцы Вялікай Тваё такое блізкае дыханне, Наіўны і салодкі наш спалох. I валасоў тваіх густая хмара Мне засланяла і зямлю, і неба — I гасла ўсё ў вачах, I толькі вусны, Твае сляпыя і сухія вусны, Як месяц, Прабіваліся праз цемру I зноў вярталі мне ў душу святло...
Ты помніш? Растуць парэчкі ў садзе, Як калісьці. А ля паркана — Восеньскае лісце. Сюды з табой штовечар мы ўцякалі Ад пільных матак і сяброў цікаўных. Тут пры святле маланкі я аднойчы Зірнуў табе ў спалоханыя вочы...
Стаіць пад ветрам яблыня старая. Ні павуцінкі На галінах голых... А я вачамі маладымі бачу Два белыя налівы...
III
Быў позні і туманны адвячорак. Сад звонка лапатаў пасля дажджу — Як быццам тысяча срабрыстых гномікаў Саскоквала з галінкі на галінку, З ліста на ліст, А з лісця На траву. Я ў сад пабег Паслухаць гэты вэрхал, Палюбавацца, Як цяжкія кроплі Ляцяць свінцовым шротам на пясок, А яблыні абмытыя стаяць, Нібыта маладзіцы пасля лазні. Па лужынах і ручаях імчаў я. У сэрцы калацілася гарэзнасць, I мне хацелася такое крыкнуць, Каб цэлы свет, Уражаны, Пачуў. Тады арліным хлапчукоўскім вокам Я ўгледзеў іх пад вымаклаю вішняй — Яны застылі ў доўгім пацалунку, Як у палёце спыненыя птушкі. Яны мяне не бачылі, не чулі. I я падкраўся — I зарагатаў, Спалохаў тое светлае імгненне, Якое ўжо не зможа паўтарыцца. Я загалёкаў: