Выбрать главу
* * *
Вы чуеце — Чаромха расцвіла? Гайда ў лясы, У веснавыя нетры! Раз'ятраныя, халастыя ветры Гуляюць ад сяла і да сяла.
Чаромхавая бель — Як цёплы снег, Як незаплямлены вясельны вэлюм... I галава ўжо кружыцца завельмі, I так салодка вабіць першы грэх...
Заві сваю адзіную, Заві, Бяжы да мілых вуснаў напярэймы, Ламай чаромхі душныя бярэмы, Кідай вясну да ног сваёй любві.
I шчасцем спапялі душу датла Рашуча, Безразважна I чароўна... Ах, што ты робіш, Горкая чаромха! Навошта гэтак рана расцвіла?..
УСПАМІН ПРА НАЧЛЕГ
Лазім па арэшніку, Бадзяемся па лесе, Дзвіну на бераг цягнем у мокрых невадах. А ў вачах — Смугою — Сіняе Палессе, Нетаропкай Прыпяці бурая вада.
Асака высокая — Зялёнымі штыкамі, Забытымі шаломамі — Пахучыя стагі. I над зямлёю стомленай Цішыня такая! I месяц, Як антонаўка, Жоўты і тугі.
I жнівеньскія зоры, Пахучыя, Як дыні, Сінія, Нібыта верасы... А ў чарнабровай нашай гаспадыні Пахлі кменам рукі, Мятай — валасы. Нам яна выносіла кварту сырадою,
Аржаны акраец ламала напалам, I частавала потым самагонкаю рудою, I добрых сноў бязгрэшных на ноч жадала нам.
I вось мы цэлы месяц бадзяемся па лесе, Дзвіну на бераг цягнем у мокрых невадах, А ў вачах — Смугою — Сіняе Палессе, А на губах — Тугою — Далёкай мяты пах.
* * *
Ты пазваніла мне з дзяцінства, Далёкага, Амаль забытага,— I сэрца мне ўспамінам сціснула, I сэрца спуджана забілася.
Няужо былое зноў вяртаецца Няўжо навекі не памерлі I клятвы даўнія, I тайны, I вернасць даўняя, I вера?..
..У сэрцы I ў мембране выстылай Твой смех, Як майскія грымоты... Ты пазваніла мне з дзяцінства, Далёкага I незваротнага.
* * *
Зайздрошчу шчасцю юных закаханых, Што так баяцца дотыку рукі,— I ад яго грудзей Адмежаваны Яе грудзей тугія астраўкі.
Зайздрошчу іх святому аняменню, Калі без слоў усё адчуць лягчэй, I смешнаму, дзіцячаму няўменню Хаваць пачуцці ад чужых вачэй.
Зайздрошчу іх наіўнаму спалоху, Яшчэ незразумеламу агню, Калі ўвесь свет змяняецца патроху I дорыць азарэнне ўпершыню I паміж кожным позіркам і словам, Ужо зусім бяссільная, Звініць Напятая, Як песня жаўрукова, Збліжэння недазволенага ніць...
СУСЕДКА
Калі раніцай вёдрамі ляскала I да рэчкі спяшала босая,— Я цябе цалаваў краскамі, Я цябе цалаваў росамі.
Калі ў поўдзень ішла палеткамі, Маладога спакою поўная,— Я цябе цалаваў кветкамі, Я цябе цалаваў промнямі.
Калі ўвечар да весніц выйшла I стаяла пад вішнямі колкімі,— Я цябе цалаваў цішаю, Я цябе цалаваў зоркамі.
Што, як ноччу ў акно пагрукаю, Недасяжная і спакусная?.. Я цябе цалаваў думкамі, А хачу цалаваць вуснамі.
* * *
Сотні раздарожжаў паміж намі, Прывакзальны тлум I шум травы. Ды ўсё роўна над тваімі снамі Я стаю — Нядрэмны вартавы.
Месяцаву срэбраную сцежку У руцэ трымаю, як прашчу. Нават прынца казачнага ўсмешку Да твайго акна не падпушчу.
А калі світанне Ценем белым Ляжа на прыціхлую ваду, У разлуцы доўгай асмялелы, Да цябе нясмела падыду.
Прыўзніму ўспамінаў грэшных дымку, Дзе схаваў я ад чужых людзей Сонейка заспанае — Радзімку — У лагчынцы белай між грудзей.