ЦІХІ ВЕРШ
Ціхая засень старэнькай альтанкі.
Ціхае шчасце —
Шэпат каханкі.
Ціхія гукі.
Цёплыя рукі.
Лісця чаромхі вячэрняя словедзь.
Вусны дыханне спалохана ловяць.
Сіняя ціша
Зоркі калыша.
Крылаў птушыных апошнія ўзмахі.
Святло патушылі шэрыя гмахі.
Чуеш,
Як б'ецца
Сэрца ля сэрца?..
* * *
Над лясамі самоты
Да цябе нацянькі
Паняслі самалёты
Мае аганькі.
Над зямлёю бяссоннай
На нябачным крыле
Колер шчасця —
Чырвоны —
Паплыў у імгле.
Над спакоем загонаў,
Над журбою людзей
Засвяціўся
Зялёны —
Весні колер надзей.
І з завоблачнай стыні
Апаў на лугі
Крыкам кнігаўкі
Сіні —
Ціхі колер тугі...
* * *
Схаваўся месячык за дрэвы.
Міргаюць зоркі-спарышы.
Тваё акно салодка дрэмле
У цёплай жнівеньскай цішы.
Я сон твой палахлівы чую,
Да раніцы паберагу
Тваю даверлівасць начную,
Тваю няясную тугу.
Не пабягу,
Як неба грымне,
За лесам рэха крактане
I грукнуць срэбраныя грыўні
Па незачыненым акне,
Як ломкае святло маланкі
На момант
Выхапіць з начы
Твае закрытыя фіранкі,
Каля паркана касачы.
Я сцерагчы ўсё роўна буду
Цябе,
Шчаслівую ад сну,
Сябе,
Цыбатага няўклюду,
I нашу першую вясну...
* * *
Сон мой сіні,
Салодкі верад —
У зацішку палян лясных
Зацвітае бахматы верас
Над цяжкімі слядамі ласіх.
Зацвітае.
I зноўку верыш:
Пад шырокімі лапамі хвой
Сцеражэ крэпканогую неруш
Баравік запаветны твой.
I бяжыць верасовай сцяжынкай,
Топча хмельны асенні мёд
Тая,
Лёгкая, як сняжынка,
Незабыўная,
Як крыгаход.
... Безнадзейнай, наіўнай верай
На далёкай юначай вярсце,
Сіні верас, бахматы верас
I сягоння яшчэ цвіце...
* * *
Плыве ў тумане вечар разамлелы.
I ў духаце чаромхавых завей
Шчыруе
Асмялелы,
Ахмялелы,
Бяссонны,
Утрапёны
Салавей.
Сок,
Сок,
Сок
Цёк,
Цёк,
Цёк -
Цур-р-р,
Цур-р-р,
Цур-р-р.
Ці-мох,
Ці-мох
Піў,
Пі-іў,
Піў.
У цяньку-у,
У цяньку-у-у
Аўдоц-цю,
Аўдоц-цю
Цмок,
Цмок,
Цмок
I ўцёк.
Маленькі птах уздрыгвае ад ветру, Падскоквае,
Нібыта на агні.
На цэлы свет вясковыя сакрэты
Апавяшчае ў гулкай цішыні.
I покуль ён
У гордай адзіноце
Раскідвае сярэбраны гарох,
Заснуць не можа сумная Аўдоцця
I курыць аж да раніцы Цімох.
* * *
Не баюся,
што нехта табе
аб каханні далдоніў,
Не баюся,
што нехта табе
пра нявернасць плявузгнуў,
Не баюся,
што нехта
да ног тваіх скарб валачэ, —
Твае плечы
чакаюць маіх
нецярплівых далоняў,
Твае вусны
чакаюць маіх
перасмяглых вуснаў,
Твае вочы
чакаюць маіх
пацямнелых вачэй.
Напляваць
на чужыя
залёты і клятвы!
Напляваць
на чужую
ману і пагрозу!
Напляваць
на чужыя
спакусы і грошы!
Хто там глупства,
Што ты мне — не пара,
Чаўпе?..
Я з табою,
як вольная птушка,
крылаты,
захмялелы ад шчасця,
ад шчасця цвярозы.
Я з табою
багаты,
разумны,
харошы...
Дык няўжо ты дазволіш ,
Каб стаў я нічым
Без цябе?..
* * *
Чуеш,
Наплывае цёплы гром?
Бачыш,
Зацвітае навальніца?
Не спяшайся ў свой зацішны дом
Ад сухога ветру зачыніцца.