Выбрать главу
Пачакай у садзе. Не бяжы. Хай знікае той, Хто трэці лішні. Не бяда, Што летнія дажджы Чохнуць з дрэў, Як срэбраныя вішні.
Прытаіся на грудзях маіх. I пад лопат вымытага лісця Неба Не зямлю, А нас дваіх Зыркаю маланкай перахрысціць.
* * *
Я не думаў пра вершы Толькі што ты паробіш з душой, Калі ў ёй, Як вясновыя кветкі, Прабіліся вершы? I я з цэлым бярэмам Да цябе Без дазволу Прыйшоў, Свае тайны, I страхі, I надзеі ўсе Словам даверыўшы.
Я паклаў іх табе на калені — Бяры, Рассыпай, Варушы I раскладвай — Адчай і прызнанні, Папрокі і лёсткі. А захочаш — На кожным Задумліва паваражы, Перабраўшы радкі, Як вясёлых рамонкаў пялёсткі.
Я аддаў іх табе, Самай гордай 3 сучасных багінь. Ты скажы — І яшчэ Прынясу я ахвотна. Можаш іх раздарыць. Ды адзін Літасціва Пакінь — Той, Што, як васілёк, Непрыкметны, Блакітна-самотны...
* * *
Бязглуздая спрэчка. Паспешлівы поціск рукі. Глухое маўчанне. Падкрэслены холад расстання. І крокі заціхлі. I выплыў туман з-за ракі. I сэрца балела ў адчаі Ажно да світання...
А ты хіба спала спакойна? — Прызнайся сама. I сэрца табе не кальнула Туга шкадавання? Калі не кальнула, Дык, можа, яго і няма, Маленькага сэрца, Якое баліць ад кахання?..
НАПАМІН ХАЛАСЦЯКУ
Так спрадвеку павялося, Што знайсці мы ўсе павінны Свайго шчасця, свайго лёсу, Свайго сэрца палавіну.
I пакуль ты адзінокі Пасярод жыццёвай прозы,— Ты як быццам аднабокі, Несалідны, несур'ёзны.
Хоць дасведчаны і знаны I жывеш на ўзроўні века, Ты ўсё роўна без каханай — Палавіна чалавека.
Як людзей ні судзіш строга, Ды без жончынага вока Ты яшчэ сябе самога Разумееш неглыбока.
Так што вер наіўным вершам I навек адно запомні: Толькі любую сустрэўшы, Станеш ты нарэшце поўны.
Ды глядзі (I так бывае), Каб цябе не падлавіла Дарагая, дзелавая, Ды чужая палавіна.
* * *
Бег да цябе праз буран і імжу. Поўз да цябе з летуценнем і скрухай Болей маўчаць не магу. Я скажу. Ты мяне ўважліва толькі паслухай.
Вуснамі смелыя словы ляплю, Цяжка і горача іх выдыхаю: Чуеш, каханая? — Верна люблю. Чуеш, любімая? — Шчыра кахаю.
Можаш пасля адмахнуцца — «Бывай!» Можаш пасля адвярнуцца сурова. Толькі даслухай, Не перабівай. Як мне баліць маё кожнае слова!
Вуснамі смяглыя вусны лаўлю I перад вечнаю тайнай сціхаю... Чуеш, каханая,— Верна люблю. Чуеш, любімая,— Шчыра кахаю...
* * *
Каля бярозак беланогіх Рабіны стройныя стаяць. I стала торнаю дарогай Сцяжынка вузкая мая.
I нашы клёны разрасліся, I хуткаплынныя гады Пазамялі апалым лісцем Мае хлапечыя сляды.
За сіняватаю імжою Ля нашай згубленай вярсты Каханне новае, чужое Збірае жоўтыя лісты.
А нам з табой упарта сніцца Сцяжынка вузкая мая, Бярозак юных завушніцы, Рабін зялёная сям'я.
* * *
Паваражы, Паваражы На далані задубленай. Што наварожыш, Не кажы — Я сам усё задумаю.
Паваражы, Паваражы На вуснах нецалованых. Вузлом на памяць завяжы Сцяжынку вечаровую.
Паваражы, Паваражы На чубе ускудлачаным I на плячо мне палажы Сваю руку гарачую.