Выбрать главу
Не захінайся, Не бяжы, Спыніся каля ганачка. Паваражы, Паваражы, Бялявая цыганачка!..
* * *
Любая, Ты засланіла свет Шэры, Аднастайны I будзённы — Электрычак цесныя вагоны, Мокрыя, цяжкія парасоны, Душны непрыбраны кабінет, Гуд аўтамабіляў манатонны Быццам бы расталі неўпрыкмет.
Любая, Ты расчыніла свет, Рознакаляровы I ўрачысты — Звонка дождж раздорвае маністы, Сінява застыла ў шыбах чыстых, Ловіць жвавых «зайчыкаў» паркет, Электрычка кліча галасіста На лясны прастор — За ёю ўслед.
Свет запаланілі перамены. Матылёк успыхнуў на акне... Гэта ты Прыветна і праменна Раніцой зірнула на мяне.
* * *
Навек з табою нас жыццё звяло. I мы ніколі між сабой не дзелім Усё, што маем,— I дабро, I зло, I цень трывогі, I святло надзеі.
Што нам дзяліць найлепшае з дзівос, Якое нават смерць забраць не ў стане? — Зямное непаўторнае каханне Адно на двух нам даў шчаслівы лёс.
Як раніцу з берасцяной трубы, Яго мы п'ём — I ўсё нам мала, мала. Нам ні дзяльбы, Ні здрады, Ні кляцьбы Яшчэ зязюля не накукавала.
I сняцца нам Палянкі дзён сваіх Адным неадцвітаючым надзелам. I мы нічога на дваіх не дзелім. Мы ўсё заўсёды Множым на дваіх.
* * *
Хто мудрэйшы быў — Адам ці Ева,— Мы не будзем усчыняць садом. Дзякуй ім, Што адшукалі дрэва З грэшным і спакуслівым пладом.
Што спалох пераступілі смела, Нецярпліва згледзелі ў галлі I сарвалі Яблык недаспелы, Надкусілі, Нам перадалі.
Пэўна, Мудра ўсё зрабілі продкі, Калі столькі часу ўсім наўздзіў Яблык той, I горкі, I салодкі, Нам яшчэ аскомы не набіў...
* * *
Жанчын прыгожых трэба берагчы Ад пошласці, Каварства I знявагі, I ад мяшчанскай зайздрасці і звягі, I ад залішняй ветласці і ўвагі, I ад рукі нахабнай на плячы.
Яны прыйшлі на грэшную зямлю, Як сны і летуценні залатыя, Жаданыя I трошачкі святыя, Нязнанага суладдзя панятыя,— Святлом напоўніць вечнае "люблю".
Не дайце іх зняславіць і запляміць, Не рвіцеся ўчыняць над імі суд. Хай горда па зямлі яны нясуць Вясны юначай радасную памяць, Зачаравання невыказны цуд...
* * *
Непрыгожых жанчын не бывае. Паглядзі — Вунь насустрач ідзе Асляпляльная, Баявая, Як маланка, Як выклік нудзе. Ці плячом павядзе, Ці брывамі — Абрываецца Сэрца на міг, Як світальнай расой аблівае, Ад халоднай зямлі адрывае І ўзнімае да зор агнявых.
Непрыгожых жанчын не бывае. Паглядзі — Вунь насустрач ідзе Сарамяжліва- Снегавая, Як лілея на ціхай вадзеі Вочы ўзніме — I сінь палявая Павявае Лагодай такой, Што глухая трывога сплывае, I пяшчота душу спавівае, I прыходзіць Шчаслівы спакой. На жніве, Ля ракі, У трамваі — Паглядзі — Прыгажунь не злічыць. То — нібы сон-трава баравая, То – як зорка Венера ўначы...
Непрыгожых жанчын не бывае. Проста шмат невідушчых мужчын.
* * *
Назіраю ўпотай За табой, За табой. Суцішаю работай I сум свой, I боль.
Сню і думаю ўпарта Пра цябе, Пра цябе. Як нядрэмная варта, Мая мара жыве.
Да бяссоннай пакуты Табою, Табой Я пакорна прыкуты Надзеяй слабой.
О, не рві мае путы! Я сцярплю гэты боль..
РЭЧАЧКА-ПЯТЛЯНКА
3 вечарынкі-пагулянкі Я сваю красуню вёў Каля рэчачкі-пятлянкі, Ля чаромхавых гаёў. I вада вірыла смела I дражнілася са мной: То наперадзе шумела, То звінела за спіной.