Выбрать главу

Дубровіч сунуў у кішэню палкоўніка недапітую бутэльку каньяку, на момант прыгарнуў яго да сябе, павярнуўся і знік за густымі ялінкамі.

***

Адшукаўшы Сіўцова, Дубровіч уладкаваўся на тоўстым паваленым дрэве сярод яшчэ зялёных духмяных калючых лап, ціха спытаў:

— Далёка яны?

— Немцы? Далекавата. Чамусьці не дужа спяшаюцца. Самі фрыцы даўно спыніліся, залеглі на перашыйку ад вады да вады, паставілі кулямёты. Цяпер ідуць толькі г э т ы я. Асцярожна ідуць. Наперадзе — разведка, чалавек адзінаццаць. Вядзе афіцэр. А потым ужо, мо за паўкіламетра, цягнуцца яшчэ чалавек сто, а можа, троху і больш, таксама т а к і х. Ракеты паляць. I немцы, і г э т ы я. Пад нагамі шышкі можна збіраць...

— А ты чаго лезеш пад самы іх нос? — папракнуў Дубровіч.

— Ды так, цікава, — сумеўся Павел. — Па-руску гавораць...

— Ціш-ш-ш, — паклаўшы руку на плячо разведчыку, насцеражыўся камбрыг. Не дужа далёка, за купчастымі ялінамі, пачуўся ціхі плёскат вады, нібы гульнула ладная рыбіна. Нехта прыглушана мацюкнуўся, і зноў стала ціха, нібы чорная вада, зарослая рагозам і цінай, імгненна праглынула ўсіх, хто наважыўся патрывожыць яе адвечны спакой.

— Нашы «купаюцца», — ціхенька засмяяўся Сіўцоў. — Ох і неахвотна ў ваду лезуць! Яна ж яшчэ халодная... Але малайцы, ціха зашыліся. Навучыліся балоты мераць.

Недалёка, метраў, можа, за дзвесце, раздаўся кароткі сухі стрэл, над вострымі вяршынямі старых ялін павісла, паволі разгараючыся, зялёная раке­та. Дубровіч імгненна кульнуўся з дрэва на зямлю, лёг побач з Сіўцовым:

— Ты там каго-небудзь...

— Пакінуў, — перахапіў Сіўцоў. — Галіулін там і Бурцаў. Ды вунь яны, сюды паўзуць. — Сіўцоў хуценька стаў на калені, лодачкай склаў далоні, і ў цішыні прагучала пакрэктванне патрывожанай качкі. Тыя двое, што паўзлі сярод рослых папаратнікаў, на імгненне замерлі, потым папаўзлі да завалу больш весела.

Ракета раптам патухла, як быцца нехта там, у небе, намацаў кнопку выключальніка, і наўкол стала так цёмна, нібы ўся зямля правалілася ў тар­тарары.

— Бурцаў, ты? — прыўзняўшыся на локці, ціха паклікаў Сіўцоў.

— Ды я, — азваўся Бурцаў. — Залез у нешта калючае, морду абдзёр... Ты адзін? Рыхтуйся, уласаўцы побач.

Уперадзе зноў суха трэснула, ужо значна бліжэй, узвілася, павісла ў чорным небе ракета, і на гладкай пляцоўцы, дзе-нідзе парослай жоўтымі, як бронзавыя калоны, мачтавымі соснамі, узніклі, нібы на экране, я н ы. Адзінаццаць. Шэрыя рускія шынялі, рускія, царскіх часоў, пагоны, рускія шэрыя шапкі з какардамі. I толькі зброя ў руках не даўняя — аўтаматы ППШ.

Яшчэ сухі трэск, яшчэ ракета, другая, яшчэ, яшчэ і яшчэ. I ўсё бліжэй і бліжэй шэрыя шынялі, какарды, суровыя, халодныя рускія твары. Вось яны ўжо і зусім блізка.

Дубровіч рыўком падняўся на ногі, акінуў вачыма сваю абарону. Таксама адзінаццаць. Рускія, беларусы, татарын, узбек. Фуфайкі, кажушкі, аблавушкі... Божа, а што калі яны не стануць страляць, страляць у рускіх, у гэтыя шэрыя, з дзяцінства знаёмыя, шынялі?

Гэта страшная думка, нібы агнём, апякла сэрца камбрыга. Ён рыўком расшпіліў на грудзях скуранку, вырваў з кабуры наган і, ускочыўшы на тоўсты камель забуранай ветрам яліны, здушана выдыхнуў:

— Па здрадніках Радзімы!..

***

Яшчэ не дагарэла ў небе ракета, а бой ужо скончыўся...

У трох кроках ад яліны, на якой усё яшчэ стаяў былы матрос Мірон Дубровіч з дымным наганам у руцэ, ляжаў малады афіцэр. Уткнуўшыся тварам у некалі родную зямлю, нібы цалаваў яе, маліў дараваць яго хаця б цяпер, пасля смерці...

Побач пажылы, з пасівелымі скронямі фельдфебель. Раўнадушна глядзіць пустымі вачыма ў знаёмае, але, відаць, ужо даўно чужое яму неба...

Русавалосы салдат, другі... трэці...

Ракета патухла. Дубровіч саскочыў на зямлю, і ў нос, нібы з пекла, хлынулі густыя пахі гарэлага пораху...

VII

Было далёка за поўнач, калі Дубровіч вывеў сваю невялічкую групу партызан на другі — усходні — бераг Гнілога балота, як ужо хтосьці паспеў абазваць гэта, няхай сабе і не дужа прывабнае, лясное возера.

— Сіўцоў, пералічыце людзей, — ціха, стрымліваючы цяжкія дрыжыкі, прамовіў камбрыг. — Як бы хто не адстаў...

— Усе тут, Мірон Ігнатавіч, адразу ж азваўся Сіўцоў. — Сядзяць пад дубам.

— Параненыя ёсць?

— Ды не. Бурцаў сослепу ў куст ажыны залез, морду акрывавіў, нібы яго шалёны кот падрапаў. Астатнія цэлыя. Пойдзем?

— Пачакаем... Прыляж, адпачні. Хоць і малады, ды і ты, відаць, прытаміўся...