Выбрать главу

Стаяла цёмная майская ноч, а на небе, як і ўчора, як і тры дні назад, апрача зорак, Крамнёў нічога не бачыў. Неба было густа-сіняе, чыстае і непарушна-спакойнае.

Ціха і спакойна было і на зямлі. I чым больш глыбокай была гэтая цішыня, тым больш трывожна рабілася на сэрцы разведчыка. Дзе яна, гэта праклятая вайна, куды падзявалася? Здаецца ж, яшчэ ўчора дыхала агнём і свінцом, і вось — анямела, затаілася.

А дзе яны, сябры-партызаны? Дзе карнікі? Разагналі «лясных бандытаў» і па сваіх гарнізонах святкуюць перамогу. О, не! Эсэсавец і наступае, і, калі сам уцалее, вяртаецца назад шумна, з натужным ровам матораў, ляскатам гусеніц, з бязладнай стралянінай абы-куды і ў абы-каго, забівае ўсё, што яшчэ не паспеў забіць, нішчыць усё, што яшчэ не паспеў знішчыць. Шуміць! Шуміць, абы шумець, толькі б не было цішыні. Цішыні карнік баіцца, у цішыні тоіцца ягоная смерць.

У гэту ціхую, цёплую ноч, не дачакаўшыся раніцы, Крамнёў, безнадзейна махнуўшы рукою, пакінуў свой пост. Хопіць. Трэба ісці. !сці хоць куды, але больш не сядзець на гэтай знявечанай выспе. Вялікае партызанскае войска — не іголка ў стозе сена, дзесьці, калі шукаць, знойдзеш...

II

Яны ішлі ўжо трэція суткі, і трэція суткі нідзе не сустрэлі ні душы. Зямля нібы вымерла, нібыта пранёсся па ёй шалёны смерч, які знішчыў не толькі ўсё жывое, але нідзе не пакінуў і мёртвых.

Спачатку, баючыся наскочыць на засаду, Крамнёў выбіраў мясціны глухія, абмінаў кожны населены пункт, кожны хутар ці леснічоўку. Потым усё тая ж трывога пацягнула яго да чалавечага жытла. Дзе яны, людзі? Куды падзяваліся? Не скрозь зямлю ж усе праваліліся! I, адшукаўшы на карце-двухвёрстцы невялікую вёску, вырашыў пранікнуць туды.

Гэту вёску з дзіўнай назвай Бабцы капітан ужо троху ведаў. Аднойчы, яшчэ да вайны, занёс яго сюды чорт у пошуках рыбацкага шчасця. Сам бы ён, відаць, не трапіў сюды ніколі, калі б не стары рыбак Рыгор Вайцёнак, які ведаў кожнае азярцо і кожную рачулку на сто вёрст наўкол і які быў упэўнены: чым далей ад родных мясцін азярцо ці рачулка, тым большы шанц знайсці там самыя неверагодныя рыбацкія прыгоды.

Прыгод яны тады і сапраўды знайшлі тут нямала, ледзь выбраліся з лабірынта гнілабокіх рачулак, «старыкоў», крыніц і крынічак, што спляліся, пераблыталіся паміж сабою на зарослых лазою бяскрайніх мокрых лугах, і дзе нельга было разабраць, адкуль што выцякае, куды ўпадае.

Ну, а рыба... рыбу на юшку далі вясковыя хлапчукі, што сваімі штанамі лавілі печкуроў у нейкай праточнай канаве...

Трапіў ён сюды і яшчэ раз, але ўжо не з вудай, а з аўтаматам у руках. Трапіў з групай разведчыкаў, калі шукаў «шчыліну», праз якую можна было б праціснуцца цэлай брыгадзе, выйсці з фашысцкай блакады.

...Ці мала вёсак пабачыў Крамнёў-журналіст, Крамнёў-пісьменнік, нарэшце, Крамнёў-разведчык за 25 год свайго жыцця, а ці многія з іх засталіся ў памяці? А вось Бабцы...

Цікавая вёска Бабцы! Хаты — у адну шарэнгу, нібы салдаты на вячэрняй паверцы, усе — пад гонтай, усе — з таўшчэзных сасновых бярвенняў, усе — вокнамі на раку, глухой сцяной — на багатыя сады і агароды, на цёмна-сіні, амаль чорны стары бор, які стаяў тут жа, за садамі і агародамі.

Адгароджаныя ад усяго свету ракой і гэтым старым чысценькім борам, які, ведаў Крамнёў, неўзабаве зліваўся з глухой пушчай, Бабцы жылі сваім асобым і, калі верыць легендзе, незвычайным жыццём. Казалі, што калісьці даўно, адразу ж пасля Напалеона, у гэтым месцы пасяліліся ўдовы салдат, што загінулі ў бойцы з французамі. Надзяліў іх зямлёю і хатамі багаты мясцовы князь, кутузаўскі генерал. Вось з таго часу на беразе Ціхай Лані, у глухім куточку беларускай зямлі, і адрадзіўся... матрыярхат. Жанчыны, гаспадыні добрых хат і багатых надзелаў, самі выбіралі сабе мужыкоў, і ні адна дзяўчына не мела права выходзіць замуж у чужую вёску. А «лішнія» бабцоўскія хлопцы заставаліся «парабкамі» ці ішлі, куды вочы глядзяць. Трухлела ці гарэла чыянебудзь хата — тут жа ставілі новую, такую ж, як і была, і вёска адвеку мела нязменны, аднойчы дадзены выгляд.