Выбрать главу

Мо гэта і казка, толькі, як сцвярджаў стары Вайцёнак, у Бабцах заўсёды ўсім кіравалі бабы. I нават у калгасны час ніводзін мужчына ніколі не мог трапіць хоць на якую кіруючую пасаду. Прывезлі неяк з раёна кандыдата ў старшыні калгаса, дык за яго падтрымку на агульным сходзе не ўзнялася ні адна рука, нават мужчынская.

Успомніўшы цяпер усё гэта, Крамнёў скупа ўсміхнуўся: ад такіх крутых кабет даведаешся не многа. Ды мяняць адрас было позна, на выбраным шляху вёсак больш не было, і ён, зняўшы з плячэй цяжкі ранец, ад якога за вярсту патыхала вяленай рыбай, аб’явіў:

— Вось што, Соня, чакай мяне тут. А я пайду гляну, што там робіцца.

— А чаму адзін?

— Я хутка. Хутчэй за ўсё — вёска пустая. Чуеш, нават сабакі маўчаць.

Ён збочыў бліжэй да ракі, на гладкую, але ўжо ўтравелую дарогу. Трава была высокая, кволая, ацяжараная расой і нікім не кранутая. Людзі, відаць, даўно абміналі гэту дарогу, а можа, і не было ўжо каму яе кратаць.

Днела, але сонца ўсё яшчэ марудзіла, сядзела дзесьці ў бары, заблытаўшыся ў сасновых лапах. Над ракой, шырокай і гладкай, як стылы асфальт, ляжаў малочна-белы туман, і быў ён вельмі падобны на вялізныя ахапкі ваты. Часам, калі аднекуль з-за ракі, з неабсяжных лугоў, набягаў слабы ветрык, гэтыя цяжкія груды ваты пачыналі ляніва варушыцца, паціху навальваліся на бераг, і тады магутныя сосны імгненна па пояс пагружаліся ў густую зыбкую бель, а разам з імі па самую шыю пагружаўся туды ж і капітан Крамнёў. Ён нават трошку баяўся, што гэта прыкрая вільготная слота праглыне яго цалкам, і тады ўжо не будзе ведаць, куды ставіць нагу, каб не апынуцца ў рацэ.

Нечакана з туману проста перад яго носам вытыркнуўся высокі белы крыж з прыбітым да яго даматканым ручніком. Крыж як быццам ціха хістаўся, нібы яго нехта нёс на плячах, і Васіль міжволі саступіў з дарогі. Крыж таксама замёр на месцы, бездапаможна павіслі вышываныя ражкі ручніка, і Крамнёў чартыхнуўся. Колькі разоў на ваенных дарогах трапляліся яму вось такія ж крыжы, крыжы-абаронцы, наіўная надзея гаротных людзей на збавенне, на літасць праклятага ворага, на абарону Усявышняга.

З-за ракі зноў наляцеў густы халодны вецер, і касмыкаваты туман, нібы гурт пародзістых авечак, над якім нехта кінуў у неба чорную шапку, спалохана шугануў у глыбіню бору, і Васіль убачыў вёску.

Цалюткія стаялі Бабцы. Дваццать восем хат, адна ў адну, спакойна глядзеліся ў люстраную гладзь соннай ракі, буйна цвілі сады, і за садамі аж да самага бору густа зелянела рослая збажына, ні то жыта, ні то поле пшаніцы, — здалёк разглядзець было цяжка.

А вось людзей... людзей нідзе не было. Пуста было на вуліцы, пуста і ціха.

Пераходзячы ад сасны да сасны, Васіль асцярожна падкраўся да самае крайняе хаты. Хата не новая, але, як і ўсе іншыя, добрая, крэпкая. Жоўтае, нібы адлітае з бронзы, бярвенне абсыпана бурштынавымі кроплямі ўжо застарэлай смалы. Даволі вялікія — не «вясковыя» — вокны, глуха занавешаныя белымі вышыванымі фіранкамі. Пад вокнамі акуратна дагледжаныя кусты бэзу. Цяжкія, мокрыя ад расы, цёмна-фіялетавыя султаны велічна павіслі над нізенькай агароджай, над клумбай бялюткіх нарцысаў.

Стараючыся не псаваць кветкі, Крамнёў пераступіў агароджу, хаваючыся за кустамі, абышоў хату і непрыкметна апынуўся на заднім двары.

Ля расчыненых дзвярэй хлеўчука стаяла сухое карыта, у якім некалі кармілі свіней. Пад паветкай, на дашчатай сцяне, віселі граблі і розвіны, у якіх носяць з лугоў для цялят маладую канюшыну. Але ні свіней, ні цялят, ні хоць нейкай там іншай жыўнасці чуваць не было. Стаяў наросхрыст расчынены кароўнік, у якім на запыленай бэльцы сядзела пара натапыраных вераб’ёў ды варожа глядзела на чалавека, які невядома адкуль тут узяўся, адарваў іх ад важных клопатаў. I ў сені хаты дзверы былі расчынены, а на чыстым жоўтым ганку, скруціўшыся кілбасой, соладка драмаў сыты, тоўсты вуж.

Крамнёў нагой спіхнуў вужа долу, увайшоў у хату. На круглым — «фабрычным» — стале ляжаў прыгожы даматканы абрус. Справа, ля акна, стаяў «дзявочы» — таксама «фабрычны» — ложак, засланы багатай самаробнай посцілкай і з цэлай гарой пышных падушак. На фарбаванай падлозе, ад парога і да стала, ляжала цёмна-вішнёвая «дарожка», і гэта — «фабрычнай» рабо­ты. I толькі ў невялічкай бакоўцы, адгароджанай ад «чыстай» палавіны хаты дашчатай перагародкай, без акна і дзвярэй парадку не было. Вузкі жалезны ложак быў непрыбраны, каля яго, на падлозе, валялася заношаная жаночая бялізна, а ўвесь гэты змрочны закутак поўніўся густымі пахамі камфары і карболкі. Крамнёў ужо хацеў выйсці з бакоўкі, як раптам убачыў на памятай падушцы якуюсьці паперку. Відаць, пакінулі дзеля таго, каб кожны, хто зойдзе сюды, абавязкова яе ўбачыў.