Крамнёў вярнуўся да ложка. На аркушы, вырваным з вучнёўскага сшытка, вялікімі літарамі было выведзена адно слова: «ТЫФУС». Унізе пад гэтым злавесным чорным словам злавесна шчэрыў зубы нязграбна намаляваны чалавечы чэрап, перакрыжаваны касцямі. Чэрап, як і літары, быў чорны, а косці чамусьці — ярка-ружовыя.
Капітан здзіўлена пацепаў плячыма. Тады, мо болей за месяц, калі ён быў тут з разведгрупай, пра нейкі «тыфус» у вёсцы, як кажуць, не было ні слыху, ні духу. У тую вясёлую красавіцкую ноч бабцоўскія маладзіцы, радыя прыходу маладых статных «рэгулярнікаў», разагрэтыя чаркай наліўкі і патаемнымі надзеямі на нешта большае, гнулі мажнымі нагамі масніцы, па-заліхвацку ляскалі крутымі абцасамі туфель, што для такога выпадку дасталі з надзейных сховішчаў.
I вось на табе! «Тыфус». Канчаткова збіты з толку, Крамнёў доўга круціў у руках чорны чэрап і ружовыя косці, нарэшце паклаў усё гэта на месца і выйшаў з хаты на вуліцу.
Туман знік зусім, вада ў рацэ стала пяшчотна-блакітнай, а сарока на старой вішні зусім ашалела. Нібы стараючыся яе ўтаймаваць, аднекуль зблізку далятаў раздражнёны голас:
— Кк-р-у-к! Кк-р-у-к! Кк-р-у-к!
«Ну і хрэн з табой, што ты — «крук», — усміхнуўся Крамнёў. — Ты бурчыш, а яна дражніцца». — Ён прыпыніўся, пашукаў вачыма змрочную птушку. Але ўбачыў толькі чубок старых бяроз на недалёкім пагорку, а сярод гэтых рэдкіх бяроз — некалькі новых белых крыжоў.
«Э-э-э, ды тут і сапраўды здарылася нешта нядобрае», — убачыўшы крыжы, захваляваўся Крамнёў. Ён яшчэ раз абвёў доўгім позіркам вёску, пустую вуліцу, квітнеючыя, быццам густа намыленыя, сады і, адшукаўшы веснічкі, праз чыйсці сад, наўпрост, цераз агароды і поле збажыны, пашыбаваў да старых бяроз і крыжоў на пагорку.
Тут, на гэтым адзінокім пагорку, быў вясковы могільнік, старанна дагледжаны, абнесены трывалай жалезнай агароджай. Вёска была невялікая, стаяла далёка ад іншых, і магіл тут было не многа. Таму новыя крыжы і бугаркі свежай зямлі адразу ж кінуліся ў вочы Крамнёву. !х, гэтых свежых магіл, было пятнаццаць. Як і хаты ў вёсцы, яны стаялі строга ў адну шарэнгу, убаку ад старых магіл, і — былі «голыя»: ні помнікаў, ні агародж, ні вянкоў, ні хаця б якога надпісу. Толькі на кожнай — смалісты крыж, а на бугарку свежай зямлі — ці галінка бэзу, ці завялы букецік лугавых кветак.
Крамнёў доўга глядзеў на гэты дзіўны «парад» сасновых крыжоў, такі нязвыклы для вясковых могільнікаў, і ў галаву лезла думка, якая зусім не стасавалася з тым, што ён бачыў перад сабою. Нейкімі несур’ёзнымі здаліся яму і крыжы, і магілы, і завялыя букецікі кветак. Асабліва гэты «парад» крыжоў.
«Такое — у час эпідэміі? — ламаў галаву капітан. — Ну, братцы... »
I, ужо не асцерагаючыся, па добрай палявой дарозе ён падаўся назад, у Бабцы. Пайшоў ад хаты да хаты, і ўсюды яго сустракаў той жа плакацік, відавочна, створаны адной і той жа рукой: «ТЫФУС». I тыя ж ашчэраныя чорныя зубы, і тыя ж ружовыя косці.
«Ну, братцы, ці вы, ці мо я... але нешта тут не тое!» — заклапочана ламаў галаву Крамнёў і, згубіўшы ўсялякую надзею разгадаць гэты рэбус, падняўся на высокі чысценькі ганак апошняе хаты.
Гэту хату Крамнёў запомніў добра. Тут, мо месяц назад, «балявала» іх разведгрупа, тут мучыла «хромку» прыгажуня Гэлька Шаблюк, калгасны старшыня, гаспадар гэтае хаты, «саломенная ўдава», ад якой, як шапталі кабеты на вуха разведчыкам, толькі што некуды збег чалавек, мужчына не Казанова, але майстар на ўсе рукі, і не толькі.
Дзверы хаты Шаблюкоў, азначаныя ўсё тым жа кляймом «ТЫФУС», былі не зачыненыя, і Крамнёў, пераступіўшы парог, прысеў на шырокую лаву, вырашаючы, куды падацца далей.
I тут, у «старшынёўскай» хаце, якая калісьці так сардэчна сустрэла «сваіх», «рэгулярнікаў», таксама панаваў адмысловы парадак. Нішто не кранула чужая рука. Нават прыбавілася нешта новае, чаго ён, капітан Крамнёў, не прыкмеціў той памятнай красавіцкай ноччу. У «чырвоным кутку», дзе быў тады партрэт Леніна, вісела... ікона. Гэта адкрыццё здзівіла яго больш, чым «парад» крыжоў на вясковым могільніку. Хуценька падышоў да стала, каб лепш разгледзець, якому богу зараз моліцца бязбожніца Гэлька Шаблюк. Доўгі, шырокі ручнік надзейна хаваў пад сабою ікону, і Васіль асцярожна тупым дулам аўтамата прыўзняў край ручніка.
З просценькай незашклёнай рамкі на яго з журбой і дакорам зірнуў... Дастаеўскі.
Васіль плюхнуўся на лаву і зарагатаў.
— Цырк! — захапляўся ён, задыхаючыся. — Цырк на дроце! Ад гэтай Шаблючыхі здохнуць можна!..