Выбрать главу

— Яно, братка, так, яно так.

Васіль крута павярнуўся на голас. У дзвярах бакоўкі, без штаноў, у доўгай жаноцкай сарочцы, якая закрывала яму ногі да пят, стаяў незайздроснага росту чалавек з рэдзенькай русай бародкай. Гэта быў камічны гібрыд двух знакамітых літаратурных герояў адразу: гогалеўскага Шпонькі і шолахаўскага дзеда Шчукара. Толькі вось гэты Шпонька-Шчукар, як шапталі суседкі, уладу сваёй прыгажуні жонкі, якую прызнавалі ўсе ў Бабцах, прызнаваць не хацеў і ваяваў з ёю, як толькі мог. Спачатку стараўся дагадзіць, потым пачаў ратавацца. Ашалеўшы ад незаслужаных папрокаў, што ўшчэнт нішчылі яго мужчынскую годнасць і якую ахвотна прызнавалі суседкі, хапаў вуду, бохан хлеба і скрозь ноч уцякаў на раку ці куды яшчэ, абы толькі далей ад Бабцоў, ад сваёй «старшыніхі». Не прыходзіў дамоў дзён гэтак пяць, пакуль не абрастаў «мохам». Тады непрыкметна вяртаўся, начы дзве-тры туліўся ў пуні, потым перабіраўся ў сені, дзе стаяў даўно выкінуты Гэлькай тапчан, а там неўпрыкмет перабіраўся і ў хату, на Гэльчыну пуховую пярыну. I зноў ажываў. Яшчэ да сонца ляцеў на калгасны двор, рамантаваў калёсы, стругаў новыя аглоблі, шыў хамуты і сядзёлкі, вечарам браў касу і рэзгіны, прыносіў бычку і парсючку маладую канюшыну, а калі выпадала вольная гадзінка, маляваў плакаты і аб’явы для калгаснага клуба. Стараўся. А потым... Ну а потым пачыналася ўсё спачатку.

Грымнула вайна, і хоць нейкі, але ўсё ж звыклы лад жыцця разляцеўся ўшчэнт. На шчасце, ці не за дзесяць год няспынных сямейных баталій эмацыянальная парачка дзяцей прыдбаць не паспела, і лёгкі на нагу, не надта ацяжараны клопатамі Шаблюк, не сказаўшы ні слова сваёй грознай палавіне, знік, нават не прыхапіўшы і вуды. Дзе яго насіла месяц і болей, апрача яго, відаць, мала хто ведаў, ды вось...

— Няйначай сам дзядзька Шаблюк? — няўпэўнена спытаў Крамнёў. — Ці памыляюся?

— Ага, Шаблюк, — ахвотна згадзіўся чалавек на парозе бакоўкі, тут жа пацікавіўся: — А вы што, да старшыніхі?

— Ды не, зайшоў выпадкова. Даруйце.

— Ды што ты! Калі ласка, вуглоў не адкусіш. — Шаблюк сеў з Васілём побач, падміргнуў, паказаўшы ў кут: — Падабаецца? Бачыш, худзенькі, бародка рэдзенькая, як у Хрыста, і вочы — нібы ён пра людзей усяе зямлі гаруе.

— Кіньце! — усміхнуўся Крамнёў. — Ну які ж гэта Бог?

— А дзе я вазьму лепшага? Вы ж, камсамольцы, сапраўдных багоў вунь калі павыкідвалі. А сёння мне Бог вунь як патрэбны.

— Навошта?

— А для парадку. Для «новага парадку». Бачыў, немец свайго «гота» на пузе носіць. Ну а я свайго ў кут паставіў. Глядзі, фрыц, не ты адзін, а і я з Богам жыву. Ну а што гэта не зусім бог, дык хрэн твой фрыц усіх нашых багоў ведае.

— Добра, дзядзька Шаблюк, — засмяяўся Васіль і пацікавіўся: — А колькі, калі не сакрэт, вам гадоў?

— Мне? — прыжмурыўся Шаблюк і заклапочана пакратаў пальцамі сваю бародку. — Ды, мусіць, гадкі праз чатыры сорак будзе.

— Во! Дык вы ж і самі, відаць, багоў з хат выносілі? — весела прыжмурыўся Крамнёў.

— Выносіў, — гаротна ўздыхнуў Ігнат. — Але больш яна, Гэлька. Камсамолкай была. Ну і я... каб ёй дагадзіць.

— Але, — спахапіўся Васіль. — А сапраўды, дзе ваша жонка?

— А чорт яе ведае — дзе? Спачатку збег я, трэба было. Цяпер збегла яна. Ды каб хоць адна. Усё сваё бабскае кодла звяла.

— Куды?

— А хіба яна скажа? Можа, на той самы Палік, куды цяпер усе такія, як яна, бягуць. А можа, ужо і ў рай трапіла. З яе характарам гэта не доўга. Ой, і ўяўляю ж я, што цяпер у тым раі робіцца! Усе анёлы, відаць, таўкуцца каля сваіх ваенкаматаў, на фронт просяцца, каб хоць там уратавацца ад такой суседкі!

Ён гарэзліва пакруціў галавою, устаў з лаўкі, заклапочана паглядзеў на свае голыя ногі і цяжка ўздыхнуў:

— Чортава зелле! Кудысьці схавала ўсе мае шмоткі. Гэта, каб я зноў з хаты не збег. Піша, прызначаю цябе старастам. Не зберажэш Бабцоў — прыйду і самога на патэльні падсмажу, начаплю на твой перамёт, ці чым ты ванючых самоў тых ловіш, і ў вір кіну. Чуў такое?

— Дык вось яно што! — усклікнуў Крамнёў. — Цяпер мне ўсё зразумела. Значыць, і крыжы, і гэтыя косці ружовыя — ваша работа?

Шаблюк анямеў, нейкі момант варожа глядзеў на Крамнёва і раптам узарваўся:

— А што б ты сам мог прыдумаць, каб зберагчы гэтыя праклятыя Бабцы?! Ведаю, чытаў, што немец, больш, чым кулі, баіцца гэтага самага «тыфусу». Ну дык я і таго... Фарбу ў клубе знайшоў, карболку — на ферме, а камфара ў мяне свая была, ногі ёй націраў ды ў вуха клаў, калі там «страляць» пачынала.

— Ну і далей што?

— А што далей? Стаяць Бабцы. Неяк сунуўся сюды немец — і лататы назад як апараны. За нашым лесам, на гравейцы, што з раёна ў Бабцы вядзе, слуп паставіў і шыльду павесіў: «ТЫФУС»! Гэта, каб усе іншыя немцы ведалі. З таго часу іх тут і духу не было. Жыву, як Рабінзон. Вось толькі б сваю рыбацкую форму знайсці. Праўда, ёсць форма другая, ды яе пакуль што не напяліш.