Выбрать главу

— Пашукалі б штаны ў іншай якой хаце.

— I-і-і, маўчы, хлопец, — адмахнуўся Шаблюк. — Iгнат у чужых шта­нах? — Ён прыкра зморшчыўся, зноў махнуў рукою і знік у бакоўцы. Праз хвіліну вярнуўся з ахапкам нейкіх рызманоў.

— Во, бачыш? — прамовіў ужо зусім весела.

— Знайшоў?

— Не. Новыя штаны крою. З салдацкай коўдры. Ужо амаль гатовыя. Глянь. — Ён прыклаў да паніклага жывата нешта падобнае на спадніцу, толькі амаль да пояса распаласаваную на дзве палавіны, лоўка крутнуўся, паглядзеў на Крамнёва. Заўважыўшы смех у яго вачах, злосна плюнуў і кінуў сваё шытво назад у бакоўку:

— Есці хочаш? Мая сёе-тое пакінула. Каб з голаду не падох, а то Бабцы ратаваць не будзе каму.

Васіль на момант замоўк, уважліва паглядзеў на !гната, вырашаючы, гаварыць ці не трэба, і прызнаўся:

— Я, дзядзька !гнат, не адзін. Тут са мною жанчына.

— Божа, і ў яго жанчына! — прастагнаў Шаблюк. — Жонка?

— Ды не. Радыстка.

— Ну то іншы вінегрэт, — уздыхнуў Ігнат. — Не жаніся, браток. А калі ўжо... то бяры якую-небудзь ламачыну, старэйшую за сябе гадоў на сорак, каб толькі з чапялой каля печкі хадзіць магла. Чалавекам жыць будзеш.

— Талстога чыталі? — засмяяўся Васіль.

— Ды чытаў... I яму, відаць, бабы ў знак даліся. — Трошку памаўчаў і загадаў: — Добра, вядзі сваю... радыстку.

III

Ігнат Шаблюк пра «рэгулярнікаў» і іх камандзіра многа чуў, але самога Крамнёва ні разу не бачыў і таму раскрываўся не вельмі. Што ёсць партыза­ны, канешне, чуў, а дзе яны, ведаць не ведае. Дзесьці ў лесе. Праўда, неяк раз і ў Бабцы заходзілі. Прасілі мёду, сала і самагонкі. Усё — для партызанскага шпіталя. Мёд, вяндліну, кілбасу і сала яны заўсёды просяць для шпіталя, ну а самагонку— для танкістаў. Пяршак. Гэта каб перці на фашыстаў на танках. Бензіну ці саляркі — няма, а пяршак, калі ён адмысловы, гадзіцца. Праўда, сам !гнат, кіруючыся ўласным вопытам, верыў гэтаму не вельмі. Ён, прастак, думаў, што пасля першаку і пехатой хадзіць цяжкавата. Але пяршак для «танкістаў» усё ж прыпасаў.

Пасля трэцяй ці чацвёртай чаркі смачнай наліўкі Iгнат крышку памякчэў і па сакрэце прызнаўся, што не так даўно завітаў да яго даўні сябра, зарачанскі рыбак Рыгор Вайцёнак, у якога і ён, Iгнат, збегшы з дому, не раз знаходзіў прытулак. Дык вось гэты Рыгор і сказаў яму, што пачалася вялікая карная экспедыцыя, і ўсе тутэйшыя партызаны шуганулі на Палік ды на нейкія Домжарыцкія балоты, што ні то на Бягомльшчыне, ні то на Лепельшчыне. Туды ж, здаецца, падалася са сваім бабскім атрадам і Гэлька — заядуць яе камары! I яшчэ, сказаў усё той жа Рыгор, што ўсе навакольныя вёскі ў раёне немцы спалілі, многія — разам з людзьмі. Толькі, здаецца, і засталіся цэлымі Бабцы ды Ціхі Бор. Бабцы ўратаваў «тыфус», а Ціхі Бор — бярэзінскі бургамістр, бацька якога ў Ціхім Бары — стараста, ды не такі, як ён, !гнат, а сапраўдны, прызначаны немцамі.

Вось гэта, апошняе паведамленне Шаблюка, уразіла і зацікавіла капітана Крамнёва.

Пра бярэзінскага бургамістра ён ужо чуў ад камбрыга Дубровіча. Той неяк сказаў, што немцы, невядома чаму, знялі свайго бургамістра, вядомага беларускага нацыяналіста Станкевіча, а на яго месца паставілі нейкага Пятра Кантаровіча, чалавека маладога, з выгляду звераватага, але людзі ў Бярэзінску ў адзін голас сцвярджаюць, што з прыходам новага бургамістра дыхаць у горадзе стала лягчэй. Асабліва пасля таго, як у час налёту паліцаяў на адну партызанскую вёску пры загадкавых абставінах загінуў начальнік Бярэзінскай паліцыі Кабачкоў, кат усяе акругі.

Крамнёў ведаў: у Бярэзінскім раёне, у Ціхаборскай сярэдняй школе, працаваў настаўнік Пётр Фаміч Кантаровіч, выкладаў нямецкую мову. А ў Бярэзінску дырэктарам педтэхнікума быў яго бацька, Фама Савельевіч Кантаровіч, ужо немалады чалавек, доктар філалагічных навук і даволі вядомы літаратурны крытык. Менавіта ён, Фама Савельевіч, некалі і «разбіў» яго, Васілёву, аповесць «Застава».

З настаўнікам Пятром Фамічом Крамнёў пазнаёміўся зімой саракавога года ў школе, дзе праводзілася канферэнцыя чытачоў па гэтай самай злашчаснай «Заставе».

Да здзіўлення Крамнёва, канферэнцыя прайшла хораша, яе запісалі на Мінскае радыё, і Пётр Фаміч, якому аповесць таксама спадабалася, прапанаваў Васілю ехаць у Бярэзінск, да «старога крытыкана», якому, як жартаваў Пётр Фаміч, апрача «Вайны і міру», ды яшчэ хіба «Ціхага Дона», больш ніколі і нічога не падабалася.