Ехаць да Фамы Кантаровіча Васіль не адважыўся, паабяцаў, што зробіць гэта пасля, як толькі выйдзе ў свет яго новая кніга, ды толькі ні новай кнігі, ні другога разу ўжо не надарылася. Калі ён ранняй вясной сорак першага завітаў у Ціхаборскую школу, Пятра Фаміча там ужо не было. Новы дырэктар кінуў на Крамнёва насцярожаны позірк і суха буркнуў:
— Арыштаваны.
Васіль кінуўся ў Бярэзінск, у тэхнікум, але і «старога крытыкана» ўбачыць не змог:
— Зволілі. Дзе ён цяпер — не ведаем...
— Здаецца, у Віцебск падаўся, — падказаў нехта з настаўнікаў. — Ён жа адтуль...
Гэта ўсё, што даведаўся ён пра людзей, аднаго з якіх ведаў асабіста, а з другім сустракаўся толькі на старонках газет і часопісаў.
I вось, аказваецца, знаёмае прозвішча загуляла ў Бярэзінску, але ўжо з чужой, варожай прыстаўкай: бургамістр.
«Як жа так? — гнаў прэч ад сябе нядобрыя думкі Васіль. — Не можа такога быць. Тут нейкая недарэчная памылка».
— Слухайце, дзядзька !гнат, — нарэшце наважыўся Крамнёў. — А як завуць таго старасту, што ў Ціхім Бары?
— Дык я ж, здаецца, ужо казаў табе: Фама Савельевіч Кантаровіч, бацька бярэзінскага бургамістра. Казалі, нейкі вучоны, дырэктарам тэхнікума ў Бярэзінску быў. А як арыштавалі сына-шпіёна, які ў Ціхім Бары дзяцей нямецкай мове вучыў, у Віцебск уцёк. Ды і адтуль папёрлі. Тады і прыбіўся ў Ціхі Бор. Брат там жыў, а ў брата сын Фамы, настаўнік, кватараваў. Брат, стары халасцяк, памёр, сына-настаўніка арыштавалі, вось хата і засталася пустой. Цяпер Фама Савельевіч у ёй і жыве.
«Ён!» — Васіль цяжка падняўся, падзякаваў за пачастунак і, каб не разбудзіць Соню, якая паспела заснуць на мяккай Гэльчынай пярыне, выйшаў на вуліцу.
Крамнёў раптам вырашыў, што яму абавязкова трэба ісці ў Ціхі Бор да Фамы Кантаровіча. Чаго? Ён гэтага яшчэ добра не ведаў, і ўсё ж... усё ж ён павінен пабываць у Ціхім Бары, сустрэць Фаму Кантаровіча, чалавека, які калісьці так жорстка ўварваўся ў яго літаратурны лёс, так многа сказаў яму непрыемных, горкіх, але... але і нямала праўдзівых слоў.
Вярнуўшыся ў хату, Васіль разгарнуў на стале карту, задумаўся. Адсюль, з Бабцоў, простай дарогі ў Ціхі Бор не было. Каб трапіць у гэтую вёску, трэба выбрацца на бальшак, што праз Бягомль і Лепель вядзе на Віцебск, прайсці па ім кіламетры тры ці чатыры, потым збочыць управа, на палявую дарогу, і, калі да Мінска—Маскоўскай магістралі застанецца кіламетраў пяць, будзе Ціхі Бор.
Ёсць і шлях карацейшы: за раку, цераз заліўныя, забалочаныя лугі і па сцежках, якія вядомыя хіба толькі мясцовым рыбакам і паляўнічым, — на ўсход. Чатыры-пяць кіламетраў, і ты ў Ціхім Бары.
Чатыры-пяць кіламетраў... Але якіх! Калі ў час апошняй спробы адшукаць патаемны выхад з блакады ён сунуўся на гэтыя «лугі», назад ледзьве выбраўся, амаль трое сутак блудзіў па самых сапраўдных джунглях, сярод непралазных старых лазнякоў, пакручастых гнілых рачулак, ручаін, ледзяных крыніц. Дык што, лезці сюды зноў?
— Што ты, хлопец, маракуеш над гэтай паперынай? — падсеўшы да Васіля, пацікавіўся крыху захмялелы Шаблюк.
— Ды так, цікаўлюся, куды мяне занесла і як адсюль выбрацца.
— Ну і як?
— А ніяк. — Крамнёў схаваў у сумку карту, насмешліва паглядзеў на Ігната і раптам заявіў: — А і які ж з цябе, дзядзька !гнат, канспіратар. Людзей пахаваў вунь колькі, а дзе ты ім труны ды крыжы рабіў? Двары ва ўсёй вёсцы — нібы перад святам прыбраныя. Нідзе ні трэсачкі, ні стружачкі, ні кавалачка дошкі. Ты што, сваіх «тыфусаў» у мяшках закапаў?
Шаблюк, нібы яму далі аплявуху, спалохана заміргаў вачыма, нейкі момант адурэла глядзеў на Крамнёва, затым усхапіўся з лаўкі і, сяк-так прыляпіўшы на худыя сцёгны спадніцу-штаны, вылецеў з хаты.
Вярнуўся ўжо адвячоркам, мокры ад поту, але дужа вясёлы.
— Усё, — радасна аб’явіў прама з парога. — Зрабіў труны! Трэскі і стружкі ў кожным двары. Я ж сталярыў у пуні, ад чужога вока хаваўся, дык трэсак і стружак там было...
Крамнёў засмяяўся, падняўся з канапы, на якой паспеў добра выспацца, абняў !гната за худыя плечы:
— То-та, пан «стараста», спачатку думаць трэба было.
— Ох, і трэба! — ахвотна згадзіўся Ігнат і пакруціў галавою. — Што было б, калі б і той немец быў такі вірлавокі, як ты!
— Шаснаццатая магіла была б, вось што, — кіўнуў Крамнёў і, не здымаючы рукі з пляча Шаблюка, пасадзіў яго на лаву каля стала, сеў побач і загадаў: — Ну а цяпер дакладвай: дзе партызаны? I не віляй. Вайцёнак абы з кім дзяліцца сакрэтамі не стане. Рыгора я таксама ведаю добра.
Ігнат коса зірнуў на Крамнёва, нейкі час моўчкі кратаў пальцамі сваю «казліную» бародку і, нібы намацаўшы ў ёй тое, што трэба, спытаў: