— Дзеўка — дзе?
— Спіць.
— Ну тады слухай. Бачу, ты навастрыўся ў Ціхі Бор? Пойдзем разам. Соню тваю забяром з сабою, адна яна тут будзе баяцца, ды і наогул, як я разумею, ёй тут няма чаго рабіць. А ў маёй лодцы месца і для траіх хопіць.
IV
Прыгожая, лёгкая, пафарбаваная ў зялёны колер лодка Ігната Шаблюка аказалася ў той самай пуні, дзе ён стругаў крыжы, нібы абрадаваўшыся, яна ахвотна выслізнула з пуні на волю, пачуўся вясёлы плёскат вады, і тут жа даляцеў задаволены голас Ігната:
— Як тут і была, лябёдушка... Эй, ты дзе там? Кліч сваю дзеўку, бярыце шмоткі і ў лодку. А я зараз!..
Шаблюк нырнуў у вялізны, як капа свежага сена, лазовы куст, што вісеў над самай вадой, і сядзеў там даволі доўга, а калі зноў апынуўся каля лодкі, Васіль адразу і не пазнаў яго. То быў ужо не Шпонька-Шчукар, а кадравы старшы сяржант, у ладна скроенай ваеннай форме, з медалём «За адвагу» на грудзях. I нават скупая бародка нібы падрасла, стала больш пышнай і зусім не «казлінай». Абапёршыся на доўгі, гладка выструганы шост, на таўсцейшым канцы якога быў круглы, з ладны кулак, набалдашнік, Ігнат стаяў і задзірыста глядзеў на Крамнёва, нібы казаў: ну, што, «рэгулярнік», аказваецца, не такі я ўжо г...канспіратар, як здалося табе!
— Слухай, адкуль ты такі? — здзівіўся Васіль.
— Ды ўжо які ёсць, — раўнадушна азваўся Ігнат і загадаў: — Сядайце. Пара. Днець пачынае.
V
...Калі б праз нейкі час Крамнёву сказалі: адзнач на карце шлях, якім ты прабіраўся ў Ціхі Бор, ён такога зрабіць бы не змог. Помніць, што спачатку шпарка плылі ўніз па рацэ, у той самы бок, адкуль ён разам з Соняй прыйшоў у Бабцы. Той жа туман, як і ўчора на золку, нерухома вісеў над вадою, над бяскрайнімі зялёнымі лугамі, што бясконца цягнуліся па левым беразе ракі, а на беразе правым соладка драмаў усё той жа стары сасновы бор. Магутныя сосны, цяжкія, з таўшчэзнымі, не абняць чалавеку, камлямі застылі па самым краі абрыву, і Васіль толькі дзіву даваўся, як не змые іх па вясне глыбокая плынь Ціхай Лані.
Свавольная плынь лёгка і весела несла лодку, зрэдку гулліва кідала яе да стромкага берага, і тады Шаблюк энергічна ўздымаў свой шост, і лодка, як спрытны акрабат, абмінала які-небудзь куст лазы, што, абцяжараны расою, зняможана лёг на ваду.
Нечакана, нібы на нешта наскочыўшы, Лань крута вільнула ўбок, і Шаблюк страпянуўся. Рэзкім штуршком шаста кінуў лодку на плёс, налёг на шост, які пагрузіўся ў ваду аж да самых ягоных рук. Хвіліна, і лодка з разгону мякка ўшылася паміж двух вялізных, як стагі сена, кустоў лазы.
— Ну вось, цяпер мы на сваёй дарозе, — з палёгкай уздыхнуў Ігнат, шырока размахнуўся і, нібы кап’ё, шпурнуў свой даўгі, за гады адпаліраваны далонямі шост у густы лазовы куст.
Уздыхнуў, ухапіўся рукамі за тоўстую лазіну, падналёг, і лёгкая лодка, нібы тарпеда, вылецела на прастор, урэзалася носам у мяккі нізенькі бераг. Тут, адразу ж за беражком, акружаная ўсё такімі ж пышнымі кустамі лазы, ляжала невялічкая, нібы танцпляцоўка ў парку багатага калгаса, палянка, усыпаная мільёнам рознакаляровых лугавых кветак. I ў самым цэнтры паляны, нібы знакамітая балерына, што святкавала свой юбілей, стаяла рослая, ужо не маладая, але непаўторна-прыгожая бяроза. Пад бярозай сціпла прытуліўся самаробны стол, а паабапал яго — дзве нізкія лавы. Пад бярозай, пад сталом і пад лавамі нясмела зелянела не густая высокая трава, — людская нага даўно яе не кранала.
— Вось тут мы і пераднюем, — аб’явіў Ігнат, скочыўшы з лодкі на бераг.
VI
Ён катэгарычна загадаў: да вечара — ні з месца. Да Ціхага Бору — гадзіны дзве ходу, а да начы з’яўляцца там нельга, там — гарнізон, хоць і «дохлы», два старыя нямецкія унтэры ды чалавек дзесяць паліцаяў, амаль усе мужыкі мясцовыя, якія прыляпіліся да «гарнізона», відаць, толькі дзеля таго, каб не трапіць ні ў Германію, ні ў партызаны. Шчарбатыя унтэры ім давяраюць не вельмі, і яны па чарзе ноччу вартуюць на гравейцы дзіравы мост ці ходзяць па чыгунцы ад пераезда да раз’езда, і на гэтым перагоне — ціха. Нямецкія эшалоны ляцяць пад адхон троху далей, за раз’ездам, ужо ў лясной глухамані, і таму ціхаборскі гарнізон у немцаў лічыцца надзейным. Амаль за тры гады бездакорнай службы бравыя унтэры і два ці тры паліцаі абзавяліся баявымі медалямі.
Паведаміўшы Крамнёву ўсё гэта, Шаблюк заваліўся пад бярозай. Спаў ён аж да часу, пакуль не схавалася сонца за Бабцоўскім лесам, а як толькі пачарнелі вяршыні далёкіх ялін і трошку паярчэла неба на ўсходзе, бадзёра падхапіўся, весела заспяшаўся:
— Во, цяпер можна і ехаць...
Як толькі мінулі азярцо, дзе лавілі раніцай рыбу, лодка зноў заблыталася сярод магутнага дзікага кустоўя. Старыя лазнякі, скрозь сухая чорная крушына, чорны альхоўнік, аблытаны дзікім учэпістым хмелем, праз які не пралезці і зайцу, хмура павіслі над вузкай пакручастай стужкай цёмнай вады, якая аказалася зусім не рачным «рукавом», а маленькай самастойнай рачулкай — адным са шматлікіх безыменных прытокаў Ціхай Лані.