Выбрать главу

Спакойная, слабасільная, сціснутая дзікімі нетрамі рачулка, спалохаўшыся, што ёй ніколі адсюль не выбрацца, то кідалася з боку ў бок, то раптам крута вярталася назад, і тады Васіль пазнаваў мясціны, якія ўжо бачыў дзесяць, дваццаць мінут назад. I лезлі ў галаву капітана няпрошаныя трывожныя думкі. Куды плывём? Ці ведае хоць сам гэты бабцоўскі Сусанін?

Прыціхла і Соня. За свае дваццаць чатыры гады жыцця ў вялікім сталічным горадзе, потым, нядоўга, праўда, у прыгожай падмаскоўнай вёсцы, і нават тут, у партызанах, ёй ніколі не думалася і не снілася, што дзесьці тут, на роднай беларускай зямлі, ёсць вось такія мясціны! I паступова ў галаву дзяўчыны закралася думка, што зямля, па якой яна так лёгка хадзіла, па якой так упэўнена ступала яшчэ некалькі гадзін назад, знікла, і што ёй ужо ніколі не выбрацца з гэтых гіблых мясцін, дзе не ступіць нагою, дзе, здаецца, даўным-даўно згінула, вымерла ўсё жывое. Ды і ці было яно тут?

I толькі сам Шаблюк адчуваў сябе выдатна. Шчуплы, рухавы, як ртуць, апрануты ў новую вайсковую форму, з медалём на грудзях, ён быў падобны на зухаватага маладога ваяку, які вызначыўся ў першым жа баі, за што і адзначаны. Трывала ўпёршыся натрэніраванымі нагамі ў хісткае дно лодкі, ён лоўка арудаваў то вяслом, то шастом, і даволі вялікая ды лёгкая пасудзіна паслухмяна віляла сярод навіслых над вадою кустоў, лоўка абмінала затопленыя, даўно паваленыя віхурамі дрэвы.

Ціхмяная рачулка яшчэ выкінула некалькі мудрагелістых каленцаў, вузлом завязалася вакол карабатай алешыны з вялікім чорным гняздом на сухой вяршыні, яшчэ з паўгадзіны паблудзіла сярод бухматых кустоў лазы і, нібы канчаткова выбіўшыся з сіл, пачала неахвотна выпрамляцца. Нерухомыя, амаль чорныя кусты, што змрочнай сцяной стаялі паабапал рачулкі, пасвятлелі, ляніва, адзін за другім, разбрыліся ў розныя бакі, нібы статак якіхсьці няўклюдных дагістарычных істот, і лодка зусім нечакана апынулася на шырокай зялёнай раўніне сярод высокіх густых трыснягоў. Вада ў рачулцы ажыла, пасвятлела, каля берагоў заварушыўся рэдзенькі сітнік, і Шаблюк памяняў «боўтку» на вясло. Слабая плынь мала шкодзіла лодцы, і яна адразу ж наддала хады.

Ажывіўся і сам Шаблюк. Зноў прыняў ваяўнічую позу, а Васілю загадаў:

— Ьаныч, не лаві варон. Як убачыш на левым беразе белы слупок, кажы!

Шаблюк, велічна разгарнуўшы свае не дужа шырокія плечы, налёг на вясло. За бартамі весела загаманіла вада. Слабы, лагодны ветрык гладзіў высокія трыснягі, і яны грацыёзна кланяліся Шаблюку, далікатна краналі яго худы, цёмны ад сонца і ветру твар, нібы радаваліся, што зноў убачылі яго ў гэтых бязлюдных мясцінах.

Рачулка разам са сваімі лагоднымі трыснягамі неахвотна збочыла ўлева, на цёмна-карычневае імшарышча, прэч ад лесу, што раптам чорнай сцяной заступіў ёй дарогу, і лодка мякка ўшылася ў высокую траву на пра­вым беразе.

— Кропка, прыехалі! — аб’явіў Шаблюк. — Ьаныч! Бярыся за ланцуг і мацуй лодку да слупка.

— Не бачу я ніякага слупка, — буркнуў Васіль, асцярожна перамінаючыся з нагі на нагу на беразе, які хадзіў хадуном пры кожным яго неасцярожным руху.

— Тут ён. Ну, ды ладна, я сам.

!гнат смела скочыў з лодкі на хліпкі бераг, узяў з рук капітана ланцуг, нагой расхінуў купку травы. «Слупок» — аслізлы абломак жалезабетону — быў тут, каля самых ног Крамнёва. Ігнат насмешліва цераз плячо зірнуў на Васіля, абвіў ланцугом «слупок», намацаў на ім вялікі замок, дастаў з кішэні ключ, якім можна аглушыць чалавека.

Хвіліну Васіль назіраў, як гнуцца пад нагамі Ігната плывуны, прашытыя, нібы дратвай, старым журавіннікам, потым забраў з лодкі «боўтку», узяў за руку Соню і асцярожна пайшоў за ім следам.

— А палка навошта? — ціха спытала Соня.

— Па гарбе дурню ляпну, калі што не так, — змрочна паабяцаў Васіль. Памаўчаўшы, ужо мірна дадаў: — Правалімся — лягчэй будзе з твані выбрацца...

Зыбуны хутка скончыліся, але мох усё яшчэ рос высока, і ногі правальваліся ў ім да калена. I ўсё ж ісці стала лепш. Адчувалася, што небяспечнае балота канчаецца, што яшчэ троху і ногі ступяць на сухое. А вось лес, які здаваўся такім блізкім, як быццам трошку падаўся назад, высунуўшы наперад адзінокую ялінку, знявечанаую ці то перуном, ці віхурай.

Стаяла яліна на маленькай невысокай выспе, круглай, падобнай на бохан сялянскага хлеба. Высокі таўшчэзны абломак-камель шырока раскінуў уцалелыя магутныя лапы, падабраў пад сябе амаль увесь адзінокі бугор.