Выбрать главу

Другая, меншая палавіна яліны, ужо сухая і аднесеная ад камля троху ўбок, уткнулася вострай вяршыняй у дол і ўтварыла нешта накшталт нанайскага чума.

— Ну вось мы і дома, — паставіўшы пад яліну мех з рыбай, з палёгкай уздыхнуў !гнат. — Хвілінку пачакайце, а я...

Ігнат раптам замоўк, насцеражыўся. Васіль і Соня здзіўлена пераглянуліся, не разумеючы, што здарылася.

— Ці-ш-ш-ш, — прашыпеў Ігнат і зноў замоўк. Хвіліну стаяў нерухома, да нечага прыслухоўваўся, нарэшце заклапочана прамармытаў: — Няўжо здалося?

— Што здарылася? — занепакоіўся Васіль, які, як ні стараўся, нічога не чуў і не бачыў. Вакол было ціха, і толькі дзесьці ззаду, на паплавах, відаць, у чароце на рачулцы, нясмела падавала голас адзінокая качка.

— Здарылася... Стойце тут, я зараз.

— На, вазьмі аўтамат.

— А на чорта ён мне, — адмахнуўся Ігнат. — Тут, брат, і гармата не дапаможа... — I нячутна, нібы асцярожны звярок, знік пад цяжкімі чорнымі лапамі знявечанага старога дрэва.

— Што гэта з ім? — здзіўлена зірнуўшы на Васіля, прашаптала Соня.

— А ліха яго ведае, — перасмыкнуў плячыма Васіль. — Пастой тут, пайду...

Ігнат апярэдзіў яго. Чортам вылецеў з-пад калючых лап, безнадзейна прамовіў:

— Бачылі? Во камедыя з трагедыяй. Тут! Які ж віхор яе сюды занёс? На Палік жа вяла сваё бабскае войска!..

— Каго занёс? Куды занёс? — пачаў злавацца Крамнёў.

— А зараз сам убачыш, — грозна паабяцаў Шаблюк, схапіў мех і ўжо без аніякай асцярогі зноў палез пад яліну.

Канчаткова збіты з панталыку, Крамнёў крыху памарудзіў, зняў з пляча аўтамат і сам палез пад калючыя лапы.

Шаблюка там не было. Стаяў каля карослівага камля мех з рыбай, а сам Шаблюк — знік.

На спіне Крамнёва заварушыліся мурашкі. Глыбей зашыўся ў калючае голле, заціх. I раптам аднекуль з-пад зямлі даляцеў хоць і прыглушаны, але як быццам ужо некалі чуты жаночы голас:

— Ну, дзе яны, твае рэгулярнікі? Прымроіліся на п’яныя вочы?

— А зараз! — з пагрозай адазваўся другі голас, мужчынскі. — Зараз!..

— Ігнат? — ёкнула сэрца ў Васіля. — Вось гэта фокус!..

Пад таўшчэзным коранем яліны, што выпер з зямлі і, нібы ўдаў, расцягнуўся на прэлай ігліцы, нясмела зацяплілася жоўтае святло, і Васіль убачыў нару. I нават не нару, а нешырокі, як пралезці чалавеку, квадратны люк. Побач валялася такое ж квадратнае вечка, збітае з тоўстых неакораных гарбылёў.

Васіль асцярожна стаў на калені, схіліўся над люкам. Глыбока ўнізе з капцілкай у руках стаяла... «старшыніха». Непадалёк ад яе, у кепска асветленым кутку, завіхаўся Ігнат. Раскідваючы нейкія рызманы, нешта моўчкі шукаў. Нарэшце, відаць, знайшоўшы тое, што трэба, выйшаў на асветлены круг. У руках яго быў... кулямёт!

— А гэта яшчэ што? — ахнула Г аліна Пятроўна.

— Гэта? — наіўна перапытаў Ігнат. — Кулямёт. Ручны. Дзегцяроў. Сорак пяць патронаў. — Задзёршы галаву, крыкнуў у адчынены лаз: — Ьаныч, ну дзе ты там? Кідай сюды мех ды хутчэй лезь сам. Тут у мяне, братка, цэлы гарэм аказаўся. Адзін не ўпраўлюся.

Крамнёў нагой спіхнуў у люк мех, учапіўся рукамі за таўшчэзны корань яліны, ды няўдала: паляцеў следам за мехам проста пад ногі Шаблючысе.

— А вой! — спалохана адскочыўшы ўбок, войкнула «старшыніха» і хапатліва сцяла на зайздросных грудзях цеснаватую ватоўку. — Бабы, глядзіце, мой шалёны сапраўды рэгулярнікаў прывалок!

— А ну выключай рупар! — неспадзявана грозна загадаў !гнат. — Не на калгасным сходзе. I наогул дакладвай: як ты апынулася на маёй сакрэтнай базе?

— Ах ты, ржавая рагулька! — абурылася Пятроўна. — А ці не сам ты сюды мяне завалок? Вясной. Калі мы леташнія журавіны шукалі. Табе на кісель пасля п’янкі.

Нехта з жанчын ціха хіхікнуў, а Шаблюк на імгненне сумеўся. Але толькі на імгненне. Ваяўніча грукнуўшы прыкладам ў гарбатую падлогу, рашуча разгарнуў вузкаватыя плечы, выставіў проста ў вочы жонцы сліпуча-белы медаль з грозным танкам на срэбраным полі і шматзначна заціх, нават трошку падаўся ўперад. Маўклівая контратака ўдалася. Коса зірнуўшы на кулямёт, на медаль, Пятроўна паставіла на паліцу цяжкі дапатопны ліхтар, села на нары, паклала на калені маленькія белыя пухлыя ручкі: усё, мір. З таго самага дня, як вярнуўся яе «лядашчы !гнашка» з «фінскай» з медалём «За адвагу», яна дакладна вызначыла, да якой рысы дзейнічае цяпер яе ўлада над ім і старалася не пераступаць яе, асабліва калі быў яе Ігнат у «асобым настроі». А ён, здаецца, якраз і быў цяпер у гэтым самым «настроі».