Выбрать главу

— На ліха здалася мне твая база! — прамовіла Пятроўна і так цяжка ўздыхнула, што верхні гузік на ватоўцы з трэскам адляцеў і пакаціўся пад ногі !гната. — Гора прымусіла тут схавацца...

— Праўда, дзядзечка, праўда, — вынырнуўшы з цёмнага кута падзямелля, паспяшалася на падмогу Пятроўне маладзенькая кабета з дзіцем на руках. — Усіх, хто быў без дзяцей, «лявонаўцы» забралі з сабой на Палік. А нам, хто з малымі, загадалі вяртацца дамоў. Нельга з дзецьмі быць у блакадзе. Заплача, закрычыць якое і загубіць і сябе, і ўсіх. Вось Пятроўна і прывяла нас сюды. А куды было кінуцца? Немцы ў вярсце былі ад Ціхага Бору! А цераз наша балота хіба пройдзеш? У гразі захлынешся!..

— I колькі ж вас тут? — ціха спытаў Крамнёў, асцярожна крануўшы руку маладзіцы.

— Нас з дзецьмі, — чацвёра. Ды Пятроўна...

— А чым жа вы корміцеся?

— Ды тут ёсць сёе-тое, — за маладзіцу адказала Пятроўна і коса зірнула на Ігната, які на каленях дарэмна шукаў на дзіравай падлозе жончын гузік.

— Чуў, капітан?! — узарваўся !гнат. — Захапіла чужую базу, і — сёе-тое!

— Чужую?! — натапырылася і Пятроўна. — Апрача вось гэтых жалезак, — выхапіла з кішэні ватоўкі «лімонку», — тут твайго і ёсць, што мех ванючых карасёў. А ўсё астатняе — з калгаснай кладоўкі. З пасекі ды яшчэ з маёй клеці. Вось толькі не магу зразумець, калі ты ўсё гэта сюды прывалок? Паўмесяца цябе дзесьці чэрці насілі!

— А што, няхай бы ўсё і засталося ў тваёй калгаснай кладоўцы? — здзекліва прашыпеў Iгнат. — Калі ласка, пан Герман, прыходзь, Фрыц Гансавіч, частуйся! Так? А гэтага ён не хоча? — !гнат лоўка скруціў вузлаватыя пальцы і паказаў іх Пятроўне.

— Шалёны! — ляпнула яго па пальцах Пятроўна. — Хіба я пра гэта кажу? Я проста сказала, што сваё ядзім. I, канешне, табе дзякуй за гэта.

— То-та, — памякчэў і !гнат. — Я многа чаго збярог. — Ён памкнуўся сесці на нары, ды раптам рэзка сагнуўся, нешта падняў з падлогі і весела перадаў жонцы: — Во, ёсць! На, прышый ды больш туга не зашпіляйся. Зноў адляціць.

— Задурыў ты мне галаву! — злёгку паружавела Пятроўна і, схаваўшы гузік у кішэню, дзе ўжо зноў ляжала граната, загадала: — Кажы, што ў Бабцах?

— Ціха.

— Немцы былі?

— Былі, ды сплылі. Цэлыя твае Бабцы. А ты вось мне скажы: куды падзявала маю рыбацкую форму? Тую, што перад вайною мне начальства падарыла? Нічога ж другога і няма ў мяне. А ў гэтай форме, — тыцнуў ён пальцам у медаль, — цяпер хіба доўга паходзіш?

— Адкуль жа я ведаю, дзе твая «форма»? — здзівілася жонка. — У тую ноч, калі толькі ты гэта помніш, недалёка ад нас страляніна была. Дык ты чагосьці ў клець кінуўся. А вярнуўся адтуль ужо на золку, у адной сподняй кашулі, ружовенькі, вясёленькі, з запацелым глячком у руках. Забурыўся ў сенцах на канапу. Раніцай у вёску прыйшлі партызаны, і рашылі мы адступаць разам з імі. Узялася будзіць цябе, ды дзе там! Вось і пакінула загад на стале: сцеражы Бабцы. Не зберажэш...

!гнат ужо больш не слухаў. «Клець — глячок... Глячок — клець» — нібы камяні жорнаў, круціліся ў галаве гэтыя два словы. Дык вось дзе яго багатая рыбацкая «форма»! У клеці. У вялізнай асінавай бочцы, поўнай канаплянай мякіны. Патаемнае месца, дзе хаваў ён ад жонкі свае сакрэтныя прыпасы. I за час ад «фінскай» да вайны «сусветнай» грозная «старшыніха» так і не змагла яго выявіць. Забраў запаветны пяцілітровы глячок, на яго месца паклаў ладныя парусінавыя штаны і куртку, гумавыя — «балотныя» — боты, туды ж запіхнуў яшчэ зусім новы кажушок. Канешне, там усё ляжыць. Калі ўжо сама Гэлька...

— Ладна, бабы, жывіце! Месца і яды ўсім хопіць, — дабрадушна аб’явіў Iгнат. Падсеў да жонкі, памкнуўся абняць за плечы, ды спахапіўся, сунуўся ў кішэню салдацкіх штаноў за тытунём. I зноў перадумаў, нібы між іншым спытаў: — Ну а вы тут як? Фрыцы не турбуюць? Г арнізон жа іх тут.

— «Гарнізон»! Дзесяць бобікаў ды бяззубы немец. Ды і бобікаў, хто маладзейшы, карнікі з сабой забралі, знішчаць на Паліку партызан.

— А вы што, у вёсцы былі? Даўно? — пацікавіўся Крамнёў.

— Ды ўчора ноччу. Сяброўка ў мяне тут. Некалі разам у сельгастэхнікуме вучыліся. Малако дзецям дае. А мужык яе, былы туташні старшыня, на Паліку. Нашы, бабцоўскія, таксама там. Хто ў брыгадзе дзядзі Колі, хто ў Лявонава, хто ў Дубровіча. На Паліку, відаць, і Райкін хлопец, — вачыма паказала Пятроўна на маладзенькую маці. — Многія цяпер там. Вось і хаджу. Можа, пра сваіх што даведаюся. У Танькі сувязь з Палікам ёсць...

— Даруйце, — павярнуўся Васіль да Раісы, — ваш муж у якой брыгадзе?

— У Дубровіча. Разведчык ён. Раней хоць зрэдку дамоў прыходзіў. А вось сёлета... — Жанчына ўсхліпнула.

— Не скажаце, як яго прозвішча? — ціха-ціха спытаў у Галіны Пятроўны Васіль.