Соня Кавалёва.
Валя Альхоўская у Маскве, у шпіталі. Ці адолелі эскулапы яе цяжкую, амаль смяротную рану? А калі адолелі, то дзе яна зараз? Куды зноў занеслі яе віхуры вайны?
А Соня — побач. Зараз сядзіць у глухім падзямеллі сярод чужых, незнаёмых, такіх жа абдзеленых лёсам жанчын. Аб чым думаеш ты, Соня-Сонейка, вось у гэту мінуту? А калі спіш на нарах халодных, то што табе сніцца? Родны Мінск? Ці падмаскоўная школа, куст бэзу, дзе, як бяссцэнная крыштальная ваза, разбілася, ушчэнт разляцелася іх святое каханне?
«Дзяўчынкі мае! Ці апранеце вы хоць калі запаветнае шлюбнае, белабелае і такое ж духмянае, як вось на гэтых квітнеючых яблынях?»
Васіль уздыхнуў і страпянуўся. Блізка, так блізка, што яго можна было схапіць за каўнер, стаяў Шаблюк. Месяц, які ўсё ж-такі вырваўся на волю, выплеснуў на сад увесь нерастрачаны запас блакітна-белага святла, і мокрыя ад расы дрэвы зіхацелі мільёнамі іскрыстых бясцэнных алмазаў.
Бясконца швэндаючыся па роднай зямлі то са стрэльбай, то з вудай, Шаблюк бачыў такое мо тысячу раз і ўсё ж анямеў ад непаўторнага хараства, што зноў раптоўна раскрылі перад ім ціхая майская ноч і гэты вірлавокі месяц, такі ж, як і сам, Iгнат валацуга.
«Во, д’ябал! — моўчкі вылаяўся Крамнёў. — Снуе, нібы здань... А я... харош, ваяка! — злаваўся на самога сябе капітан. — Летуценнік-юнец — шусь з галавой у сантыменты. Глядзі, так і да бяды недалёка, незнарок трапіш у фрыцавы лапы... »
Ён паспрабаваў ціха падняцца, ды зачапіўся нагой за кулямёт, што стаяў пад яблыняй, той з ляскатам бразнуўся аб зямлю, напалохаў Iгната.
— Во дзе ты! — адскочыўшы ўбок, усклікнуў ваяўнічы рыбак. — А я ўжо чорт што падумаў. Шусь пад ліпу — няма. Прабегся па садзе — пуста... Ну ды ладна, вылазь. Дома твой Кантаровіч. Сядзіць за сталом, кніжку чытае. Лямпу запаліў, а вокны голыя, — нібы для яго і вайны няма! Відаць, не дужа баіцца.
— I ты, бачу, тут мала каго баішся. Вылез на адкрытае месца і гукаеш на ўсю Ьанаўскую, — прабурчаў Крамнёў. Ногі ў яго здранцвелі, у пяткі ўпілося мо тысячу іголак — не ступіць.
— Ладна, — адмахнуўся !гнат. — Давай кулямёт, а сам паціху ступай ды пад ногі глядзі, у цябе яны нешта як гумавыя.
Невялічкі хлявок-развалюха, куды следам за Шаблюком трапіў Крамнёў, прыляпіўся, нібы з’едзены чарвямі, грыб, пад старажытнай бярозай, якая ў свае маладыя гады, відаць, бачыла картэж Кацярыны ІІ. Дах на хлеўчуку даўным-даўно спарахнеў, праваліўся, і вымытыя дажджамі і снегам яловыя латы свяціліся пад поўняй, нібы рэбры нейкай дагістарычнай істоты.
Апрача гэтага хлеўчука, ніякіх пабудоў блізка не было. Валяліся ў траве абломкі гнілых бярвенняў, ды з высокай крапівы глядзелі, нібы бруднашэрыя вепрукі, чатыры валуны, на якіх калісьці стаяла і дажыла свой век чыясьці хата.
— Чакаю цябе тут, — цяпер ужо ціха аб’явіў Шаблюк, прыхіліўшы да сцяны кулямёт. — А ты... бачыш за гэтым садам высачэзны дуб? Вось пад гэтым дубам і стаіць хата, у якой жыве Кантаровіч. — Перакулішся цераз вуліцу, а там яшчэ крокаў дзесяць...
— Ты казаў, што ў хаце гарыць святло? — перапыніў Iгната Крамнёў.
— Ага. Толькі адсюль яго не відаць. Хата стаіць задам да вуліцы. Былы гаспадар, мусіць, не дужа любіў сваю вёску.
— Зразумела.
— Не зусім. Падыдзеш — грукні ў шыбу пальцам р-раз, потым яшчэ два разы.
— Цяпер канчаткова зразумела, — насмешліва прамовіў Васіль, паціху пералез праз высокі трывалы плот, прашмыгнуў цераз шырокую пустую вуліцу і знік пад разлогім дубам, што хаваў пад сваім магутным голлем зусім не бедную хату.
VIII
Фама Савельевіч Кантаровіч, прафесар-літаратуразнаўца і былы дырэктар вядомага ў рэспубліцы педтэхнікума, відаць, адчуваў сябе на новай пасадзе не блага, нікога і нічога тут, у Ціхім Бары, не баяўся. Прынамсі, калі Васіль Крамнёў, каб не рабіць лішняга шуму, асцярожна дакрануўся да шыбы, ён, не адрываючы вачэй ад кнігі, спакойна гукнуў:
— Заходзьце, калі ласка! Там не зачынена.
Пераклаўшы пісталет з кабуры у кішэню ватоўкі, Васіль зайшоў. I першае, што кінулася ў вочы яму, — нямецкі аўтамат. Вісеў на сцяне, на просценькім габелене, па якім плавалі ганарыстыя лебедзі, над шырокім «фабрычным» ложкам пад партрэтам маладой жанчыны.
Адчуўшы, што гаспадар сочыць за кожным яго рухам, Васіль перавёў позірк на партрэт. Ён быў дрэнны знаўца жывапісу, і ўсё ж карціна — а гэта менавіта была карціна — уразіла. I не безумоўным талентам мастака, і не толькі выключнай прыгажосцю жанчыны. Уразіла кампазіцыя. Карціна, як здалося Крамнёву, распадалася на дзве, мала звязаныя між сабою, часткі.
...Раскошная квітнеючая яблыня, зялёная паляна, тэнісная сетка і заліты сонцам хлопец-падлетак з мячом у руках. Хлопец смяецца, а на яго незадаволена, з-пад ілба, глядзіць такая ж, як і ён, дзяўчынка.