...Пад яблыняй, у крэсле-качалцы, — маладая жанчына. Залатая карона кос на задуменна схіленай галаве; высокі халодны лоб, нібы вытачаны геніяльным разцом з бледна-ружовага мармуру; блакітныя вочы; пухлыя вусны пакрыўджанага дзіцяці, гатовага вось-вось горка заплакаць.
Радасць вясны. Радасць жыцця.
I глыбока схаваны сум, нават — журба.
— Што вас так зацікавіла: аўтамат ці партрэт? — нечакана спытаў Кантаровіч.
Крамнёў азірнуўся. Кантаровіч усё яшчэ сядзеў у сваім старэнькім крэсле і скрозь тоўстае шкло акуляраў уважліва глядзеў на начнога госця. Што казалі гэтыя вочы, што ў іх хавалася, Васіль разгледзець не мог, але бачыў на вуснах старога прафесара ўсмешку, якуюсьці ненатуральную, вымучаную, горкую.
— I тое, і другое, — таксама стараючыся ўсміхнуцца, адказаў Крамнёў. — Але партрэт — больш. Ён напомніў мне...
— Каго? — ажывіўся прафесар і нават ледзь-ледзь прыўзняўся.
— Вашага сына, Пятра Фаміча Кантаровіча. Вось толькі...
Не даслухаўшы, Кантаровіч рэзка адвярнуўся, і яго чыста паголены, без адзінай маршчынкі твар імгненна акамянеў.
Васіль не мог зразумець раптоўнай перамены, што адбілася на твары старога прафесара, і таму моўчкі стаяў сярод пакоя і чакаў, што будзе далей. Нарэшце Фама Савельевіч паварушыўся, цяжка прыўзняў кранутую сівізною галаву і павольна, выразна вымаўляючы кожнае слова, прамовіў:
— Яна падобна на сябе. I толькі. А на яе больш ніхто не падобны. Ні-іхто! — Кантаровіч рэзка падняўся, выйшаў з-за стала, працягнуў Крамнёву маленькую пухлую руку: — Добры вечар, Васіль Ьанавіч Крамнёў. Рады бачыць вас на маім парозе жывым і здаровым. Прызнацца, чакаў вас. А потым пачуў, што вы са сваёй спецгрупай вярнуліся ў Маскву.
Васіль анямеў. Без дазволу сеў на канапу, сціснуў у кішэні пісталет. Тое, што ён пачуў, аглушыла яго. Які правал! Разведчыкі! Чэкісты! Як ліса хвастом, замятаем кожны свой след, а яны... нават вясковыя старасты ведаюць нас у твар, ведаюць кожны наш след!
«Калі ён зробіць крок да мяне, выстралю, — ловячы кожны рух старасты, думаў Крамнёў. — У вёсцы ціха, а лес — побач... »
— Крамнёў, вы яшчэ зусім не навучыліся хаваць сваіх думак і пачуццяў, — нечакана ціха, з лёгкай насмешкай прамовіў Кантаровіч.
— Я не дыпламат, — суха адазваўся Крамнёў.
— Разведчык мудрэй за дыпламата. Прынамсі, такім павінен быць, — уздыхнуў прафесар і адкінуўся на высокую спінку крэсла, скрыжаваў на грудзях рукі. Маўчаў ён доўга, так доўга, што Васілю нават здалося, што гаспадар забыўся, што ў хаце ён не адзін. Але памыліўся. Не мяняючы позы, Фама Савельевіч раптам ціха, з дрэнна схаваным сумам, загаварыў:
— Дастаньце руку з кішэні... не трэба... Усё не так, як вы думаеце... Помніце канферэнцыю чытачоў па вашай аповесці ў раённым Палацы піянераў? Вось там я вас упершыню і ўбачыў. Што прывяло мяне туды? Ды не, я не хацеў зверыць свае думкі, выказаныя мною ў рэцэнзіі на вашу кнігу, з думкамі юных чытачоў. Я — стары настаўнік, з дзецьмі кожны дзень... быў, канешне... і таму добра іх ведаю. Для вучня-падлетка ды і для юнака-студэнта ўсе кнігі дзеляцца толькі на дзве катэгорыі: цікавая і нецікавая. Усё, кропка. Ніякіх іншых крытэрыяў у ацэнцы твора для іх не існуе...
«Для чаго ён усё гэта пляце?» — думаў Крамнёў, але руку з кішэні выняў, паклаў на калена. У светла-сініх вачах Кантаровіча, вызваленых ад цяжкіх акуляраў, прамільгнула смяшынка, але голас застаўся тым жа, задуменнасур’ёзным і крыху сумным:
— Вас, мусіць, цікавіць: дык чаго ж ты, стары букваед, прыйшоў у гэты Палац, калі і так усё ведаеш? А проста мне вельмі захацелася паглядзець, як выглядае сучасны малады пісьменнік, калі яго хваляць, — усміхнуўся прафесар. — А што вас будуць хваліць, я быў упэўнены, бо ўсе мае студэнты адразу ж аднеслі вашу аповесць у разрад цікавых.
— Ну і як я... выглядаў? — скупа ўсміхнуўся Васіль.
— Як і кожны аўтар першай кнігі, калі яго хваляць. Пасля вайны, калі будуць канферэнцыі па вашых новых кнігах, будзеце выглядаць лепш. Упэўнены. Кропка. Есці хочаце? Будзем вячэраць. У таго дзівака, які вас прывёў да мяне, мусіць, дома з харчамі не густа?
— Пачакайце, — зноў сумеўся Васіль. — Вы пра каго?
— Ды пра яго, Шаблюка, — махнуў рукой Кантаровіч. — Апрача яго, хто яшчэ ў акрузе пралезе цераз нашы балоты? А па дарогах цяпер сюды не пройдзеш... Дарэчы, дзе ён зараз? У засадзе з кулямётам?
Васіль напружана і з нейкім унутраным страхам глядзеў на Кантаровіча. Хто ён? I чаму яму вядома выключна ўсё?