Ды, калі ужо казаць праўду, у гэту мінуту ніякія навіны і не дужа яго цікавілі. Куды больш хваляваў незразумелы дух, што веяў ад «рэгулярніка», надакучліва казытаў яго чуйны нос, асабліва калі Крамнёў аказваўся побач ці злосна лаяўся, наскочыўшы на корч або непрыкметную купіну. «Чым жа гэта Савельіч так нафарбаваў «рэгулярніка»? — пакутаваў стары рыбак.
Нарэшце цярпенне ў яго лопнула, ён тузануў Васіля за рукаў і таямніча прашаптаў:
— Скажы, саколе, у якую святую вадзіцу ты абмакнуў свае вусны? Усё магу распазнаць: і пяршак, і «маскоўскую», і «польскую», нават шнапс фрыцаўскі, а вось гэты боскі пах!.. Дыхнеш, а мая галава — шусь, і паплыла, ніба гэта нясе мяне мая Гэлька, п’яненькага, купаць у рацэ.
Думаючы пра свае няпростыя справы, Крамнёў не адразу зразумеў, пра што чаўпе гэты баламут з кулямётам. Але, сустрэўшыся з яго блакітнымі вачыма і ўбачыўшы там сляды найглыбейшых душэўных пакут, заўважыўшы, з якім замілаваннем ловіць ён сваім вострым носам паветра, Васіль спыніўся і так зычна засмяяўся, што нават сам Шаблюк не на жарт спалохаўся.
— Ды ты што? — замахаў ён рукамі. — Гарнізон разбудзіць захацеў?
— Ладна, ідзём. Пасля ўсё раскажу, — паабяцаў Крамнёў, махнуўшы рукавом па вачах, дзе свяціліся дзве вясёлыя слязінкі. — Ды вось што скажы мне: як нам вызваліць ад жанчын тваю базу?
— А... а гэта навошта? — не зразумеў !гнат.
— Трэба. — Крамнёў на момант замоўк, але тут жа, успомніўшы, што Вайцёнак хутчэй за ўсё ўжо не раз быў у гэтай зямлянцы, паведаміў, як нешта зусім малаважнае: — Праз два дні дзед Рыгор тут будзе.
— Ды ну?! — аж падскочыў Ігнат.
— Точна. Не будзем жа мы пры чужых людзях?
— Э-э, Васіль Ьанавіч, — загарэўся Iгнат, — ды зараз гэта Гэльчына войска шугане з маёй базы, як вераб’і з канапель, што ката ўгледзелі. Ану, ступай весялей! Да раніцы ўсё трэба зрабіць, адкладваць нельга ні на мінуту.
— А можа, усё ж няхай яшчэ суткі пабудуць?
— Суткі?! Ну, калі маю Гэльку тут пакінуць яшчэ на суткі, то пасля сам адсюль уцячэш, — паабяцаў Шаблюк. — Яна хітрэй за ўсю тваю спецгрупу, хутка ва ўсім разбярэцца. Так што шыбуй за мной, будзем браць на абардаж.
!гнат пёр цераз худасочны арэшнік напралом, нібы спалоханы дзікі казёл. I чым бліжэй было да яліны, пад якой хавалася «база», тым больш рабіў шуму і трэску. I цяжка было паверыць, што ўсе гэтыя суткі ён правёў на нагах, па пакручастай рачулцы цэлы дзень гнаў сваю пласкадонку, цягаў мех рыбы, а цяпер валачэ гэты нялёгкі «дзягцяр».
Забраўшыся пад знявечанае дрэва, !гнат павесіў на абламаны сучок кулямёт і ціха шапнуў Васілю:
— Паглядзі, ці на месцы лодка. А я... — Ён схіліўся над «люкам» і голасна крыкнуў: — Гэлька, спіш?!
— Што, што здарылася? — вынырнула з падзямелля кучаравая галава Г аліны Пятроўны. — Чаго гарлапаніш?
— Збаў громкасць. Немцы. Уваходзяць у вёску. Цэлы батальён. А можа, і два. Чорт іх лічыў. Відаць, пачнецца аблава.
— А божухна! — пляснула ў далоні Пятроўна, і яе і без таго вялікія карыя вочы сталі па яблыку. — Што ж рабіць?
— Слухаць маю каманду. Ясна? — адрэзаў Iгнат голасам, на грозную сілу якога і сам не разлічваў. — Спускайся ўніз і дапамажы сваім бабам сабраць дзяцей. Ды рызманоў сваіх бабскіх не пакідаць!
Вохкаючы і ўсхліпваючы, кабеты мітусіліся па зямлянцы. Радыстка, якая чамусьці не паверыла ўзнятай !гнатам трывозе, ціха ляжала на нарах, з галавой накрыўшыся нейкім рызманом. Прывучаныя да ўсяго дзеці спалі, а завадатар усяго гэтага гармідару зручна ўсеўся пад ялінай і нецярпліва чакаў, калі вернецца з балота Крамнёў.
Х
Сустрэча з Фамой Кантаровічам многа дала Васілю Крамнёву, але не вырашала ўсіх яго спадзяванняў. I першае, самае важнае з іх: хто такі сёння Пётр Фаміч Кантаровіч? Як апынуўся ён у Бярэзінску, ды яшчэ на такой высокай пасадзе? За якія асобыя заслугі такі шчодры дар?
Тое, што ён пачуў ад бацькі Пятра, не развеяла сумненняў разведчыка. Бургамістр? Ну і што? Фашысты ахвотна бяруць у свае ўстановы людзей адукаваных, ды пакрыўджаных савецкай уладай. Узялі і Пятра Фаміча, ды і самога прафесара, Фаму Савельевіча Кантаровіча. Але куды больш ахвотна падбіраюць фашысты адпетых мярзотнікаў: забойцаў, зладзеяў, здраднікаў, дэзерціраў, якім вайна і раптоўная акупацыя расчынілі турэмныя дзверы. Паліцэйскія гарнізоны ў гарадах і вёсках, захопленых ворагам, кішма кішэлі гэтымі падонкамі. Але да катэгорыі нелюдзей, на думку Крамнёва, ні Пятро, ні Фама Савельевіч не належалі. Так, і аднаго, і другога глыбока пакрыўдзілі. Але хіба гэта падстава, каб аднесці іх да здраднікаў? Хіба мала людзей, нават і з ліку пакрыўджаных, закінула вайна ў гэтыя ж варожыя ўстановы зусім з іншымі мэтамі? Не, не трэба рабіць скараспелыя вывады!