«Пачакаю Вайцёнка. Рыгор — падпольшчык другога калібру, і можа ведаць нешта больш канкрэтнае. I пра Пятра Кантаровіча, і пра брыгаду Дубровіча», — нарэшце заключыў Крамнёў і супакоіўся.
Соня ўсё яшчэ спала, і гэта суцешыла капітана: значыць, ёй стала лепш. Хоць бы хутчэй прыйшоў Вайцёнак! У яго — вялікія сувязі. Можа, удасца звязацца з Масквой, папрасіць самалёт, адправіць Соню на Вялікую зямлю ў шпіталь. Ёй так трэба лячыцца!..
Трывога за Соню ні на дзень не пакідала яго. Трывожыўся ён і за свой лёс.
Што Соня загінула ў блакадзе, на Высокай выспе, ужо ведалі і ў Маскве, і ў Цэнтры. А вось пра яго... Хто і што ведаў пра яго, капітана Васіля Крамнёва? Адстаў ад самалёта? Адставаць можна па-рознаму. I пра гэта ў Цэнтры маглі падумаць, бо ніякіх іншых звестак пра далейшы лёс камандзіра спецгрупы, начальніка штаба партызанскога злучэння, ніхто не меў.
Не ўсё было ясна Крамнёву і ў справе Пятра Кантаровіча, на якога ён тайна ўскладваў сякія-такія надзеі. Чаму Кантаровіч-стараста з такой нянавісцю гаворыць пра Кантаровіча-бургамістра.
Так, Васіль ужо зразумеў, што Кантаровіч-стараста трымае сувязь з партызанамі, а магчыма, і з нашай аператыўнай разведкай. Прыклад таму — рэгулярныя сустрэчы з Вайцёнкам. Але такое магло стацца і не па закліку ўласнага сэрца. Такое маглі прадыктаваць безвыходныя абставіны: ці дапамагай і жыві, ці...
На нарах паварушылася Соня, выглянула з-пад коўдры:
— А гэты... шатландскі стралок... яшчэ не вярнуўся?
— Хто-о? — Васіль здзіўлена паглядзеў на радыстку і, зразумеўшы, пра каго яна пытае, бухнуўся на нары і заліўся вясёлым смехам. Вельмі ж ужо трапным было параўнанне! На момант Крамнёву ўявілася карыкатурная пастава Шаблюка, з рэдзенькай «казлінай» бародкай, у спадніцы-штанах, скроеных з шэрай салдацкай коўдры. Але, убачыўшы Сонін твар, бледны, змучаны, яе вочы, поўныя трывогі і болю, змоўк. Ён не разумеў, чым пакрыўдзіў радысту, але адразу ж заўважыў, што яго весялосць ёй не спадабалася.
Нейкі момант яны маўчалі, потым Соня асцярожна села, ціха папрасіла:
— Дай, калі ласка, вады... — Вярнуўшы кварту, доўга і са страхам аглядала змрочнае падзямелле, потым зноў нырнула пад коўдру.
— Соня, табе нездаровіцца? — прысеўшы побач, асцярожна спытаў Крамнёў.
— Так... нічога, — плечы яе нервова ўздрыгнулі. Нейкі момант ляжала нерухома, потым рыўком скінула з сябе коўдру і, схапіўшы руку Крамнёва, задыхаючыся зашаптала: — Вася, калі ж усё гэта скончыцца? Як толькі заплюшчу вочы, жоўтае бервяно... Божа, калі яно знікне з маіх вачэй? Няўжо так і будзе вісець нада мною ўсё жыццё?
— Пройдзе, Сонейка, пройдзе, — абняўшы дзяўчыну за плечы, прашаптаў і Васіль, стараючыся надаць свайму голасу ўпэўненасць, хоць і сам не верыў у тое, што кажа, хоць і разумеў, што і яна не верыць у праўдзівасць яго суцяшэнняў, не верыць і ўсё ж ўдзячная яму за спагаду, за шчырую цеплыню гэтых слоў, за той боль, яго, Васіля, боль, які ў ім хаваецца. Соня прыціснула руку капітана да сваёй бледнай гарачай шчакі, заплюшчыла вочы.
Скамянеўшы, баючыся паварушыцца, Васіль сядзеў каля Соні аж пакуль не пачуў яе спакойнае роўнае дыханне. Потым асцярожна вызваліў руку і ціха выйшаў з зямлянкі.
«У Маскву, на Вялікую зямлю, у шпіталь, — працягваючы думаць пра Соню, паўтараў Васіль, сам па плечы завязшы ў халоднай макрэчы. — Толькі б хутчэй прыйшоў Вайцёнак. Толькі б даць у Цэнтр радыёграму!»...
ХІ
Яны з’явіліся на выспе роўна ў поўнач. !шлі няспешна, адзін за адным, след у след. Першым — Рыгор Вайцёнак, за ім — Фама Кантаровіч. Апошнім дыбаў Ігнат Шаблюк. Усе трое былі без аніякай зброі, калі не лічыць сукаваты ядлоўцавы кій у руках старасты.
Па тым, як упэўнена спусціліся ў падзямелле Рыгор і Фама, Крамнёў зразумеў, што яны тут — не навічкі.
Падкруціўшы кнот у ліхтары, Фама Савельевіч адразу ж усеўся за сталом, а Рыгор яшчэ нейкі момант стаяў ля дзвярэй, моўчкі глядзеў на Васіля, нібы не верыў, што гэта сапраўды ён, Васька, Васіль Ьанавіч, капітан, потым рыўком абхапіў яго за плечы і заплакаў.
— Ну вось... Ну што вы? — сумеўся Васіль, стараючыся праглынуць горка-салёны ком, які раптам здушыў яго горла.
— Я так... я так... — Вайцёнак адхіліў ад сябе Васіля, паглядзеў яму ў вочы, вінавата ўсміхнуўся: — Стары стаў... Нервы... зусім развінціліся... — Рукой выцер вочы, заклапочана агледзеў «хату»: — А... а дзе ж...
— Тут я, дзядуля, тут! — саскочыла з нараў Соня, прытулілася да старога разведчыка.
— Яна!.. Белачка! — Рыгор лёгка, нібы дзіця, падняў на руках дзяўчыну, асцярожна пасадзіў на нары, прашаптаў: